Евгений Янкович из Докшицкого района «заболел» высотой


bez-imeni-1Не думаў не гадаў калісьці ўраджэнец вёскі Гарадзішча, што ў Валкалацкім сельсавеце, Яўген Янкавіч, які горы бачыў толькі па тэлевізары, што стане альпіністам. Праўда, не горным, а прамысловым. Пачынаўся ж яго працоўны шлях звычайна. Атрымаў правы вадзіцеля, нейкі час працаваў у калгасе “Памяць Ільіча”. Напачатку 2000-х дальні родзіч запрасіў яго ў Сургут. Там Яўген Часлававіч упершыню спазнаў, што такое вышынныя работы: давялося фарбаваць велізарныя цыстэрны для нафты. З тае пары і стаў верхалазам. Прайшоў навучанне па адукацыйнай праграме “Прамысловы альпінізм” у Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС.
– Прамысловым альпінізмам называюць выкананне спецыяльна навучанымі людзьмі вышынных работ на рознага роду аб’ектах, – распавядае Яўген. – Аналогія з альпінізмам праводзіцца таму, што, каб верхалаз змог дабрацца да свайго рабочага месца, яму неабходны навыкі альпініста і амуніцыя, якую выкарыстоўваюць альпіністы горныя. Наша прафесія сёння вельмі запатрабавана, паколькі выкарыстанне звычайных тэхналогій вядзення работ на вышыні, такіх, як будаўнічыя лясы, спецтэхніка, абыходзіцца заказчыку даволі дорага. Нашмат танней даручыць работу прамысловым альпіністам: яны спраўляюцца з ёй хутка і якасна. На сённяшні дзень комплекс работ, якія выконваюць спецыялісты-вышыннікі, вельмі значны. Гэта рамонт фасадаў, абслугоўванне дахаў, мыццё і гідраізаляцыя вокнаў, устаноўка знадворных блокаў кандыцыянераў, антэнаў, рэкламных носьбітаў, герметызацыя швоў і стыкаў, бляхарныя і такелажныя работы і многае іншае. Я спецыялізуюся больш на афарбоўцы і рамонце фасадаў, унутраных работах – фарбую, штукатуру, шпатлюю. Найчасцей займаюся аддзелачнымі і рамонтнымі работамі ў храмах. На дадзены момант працую ў касцёле Святога Роха ў Мінску.
Яўген Часлававіч прызнаецца, што заказы на яго паслугі распісаны далёка наперад. Тым не менш, калі за дапамогай звяртаюцца з роднай Докшыччыны або суседніх раёнаў, выконвае заказы па-за чаргой. Ён фарбаваў дахі царквы ў Докшыцах і касцёла ў Валкалатах, неаднаразова працаваў у Будслаўскім і Глыбоцкім касцёлах. На чарзе – перафарбоўка касцёла ў Параф’янаве, да якой плануе прыступіць вясной.
Зразумела, спецыфіка такой работы патрабуе не толькі пэўнага роду навыкаў, але і чалавечых якасцей. Якіх, акрамя адсутнасці панічнага страху вышыні і, вядома, смеласці? – цікавімся ў альпініста.
– Для якаснага выканання вышынных работ неабходныя моцныя нервы, вынослівасць, уменне кантраляваць уласныя эмоцыі. Ну і, зразумела, патрэбны не толькі навыкі альпініста, але і прафесійнага будаўніка.
Яўген Часлававіч да ўсяго яшчэ і арбарыст (ад лацінскага “arbor” – дрэва) – спецыяліст па комплексным доглядзе дрэў, інакш кажучы, “драўняны хірург”. Арбарыстам можа стаць прамысловы альпініст 5-га разраду, прайшоўшы дадатковае навучанне па адукацыйнай праграме “Арбарыстыка”. Спецыяльнасць вальшчыка лесу тут таксама не будзе лішняй. Часцей за ўсё арбарыстаў запрашаюць, калі патрэбна спілаваць аварыйныя насаджэнні ў тых месцах, дзе на аўтавышцы ці іншым спецтранспарце пад’ехаць немагчыма, напрыклад, на могілках, чым неаднойчы займаўся наш суразмоўца, у тым ліку і ў нашым раёне. Даводзіцца дзейнічаць вельмі асцярожна: лезці на самы верх высозных дрэў, распілоўваць сукі на часткі і акуратна апускаць уніз на вяроўках. Арбарыстыка ўваходзіць у тройку самых небяспечных прафесій у свеце: нават прытрымліваючыся ўсіх патрабаванняў тэхнікі бяспекі, немагчыма на сто працэнтаў застрахавацца ад няшчаснага выпадку.

У Інстытуце перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі МНС з 2006 года па адукацыйнай праграме “Прамысловы альпінізм” навучалася крыху больш за 1200 чалавек, з іх 50 дадаткова па адукацыйнай праграме “Арбарыстыка”.

На пытанне, ці не хацелася б з часам працаваць бліжэй да зямлі, – гэты мужны і адначасова спакойны, ураўнаважаны чалавек, сапраўдны прафесіянал, з усмешкай адказвае:
– Не. Мабыць, калі “захварэў” вышынёй, то ўжо невылечна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *