Миша Люлько — так будет не всегда


bez-imeni-1Як часта кожнаму з нас у Сеціве даводзілася бачыць фотаздымкі хворых дзяцей і просьбы паставіць падабайку ці падзяліцца запісам на сваёй старонцы? Актыўным карыстальнікам Інтэрнэта, пэўна, не адзін раз на дні. Шчыра прызнацца, да падобных заклікаў многія адносяцца з недаверам, бо не раз у час рэйтынгавых ток-шоу чулі пра тое, як такім спосабам для збору сродкаў карыстаюцца не толькі людзі, у сям’і якіх праблемы са здароўем, але і інтэрнэт-махляры. Падобная інфармацыйная прачыстка справа, канешне, добрая, аднак у гэтай тэмы, як і ў іншых, два бакі – і на другім тыя, каму дапамога сапраўды патрэбна.
Пра тое, што ў знаёмай сям’і Люлько трэцяе дзіця нарадзілася з праблемным здароўем, даведалася ўсё з тых жа сацыяльных сетак, калі аднойчы ўступіла ў групу “Міша Люлько – так будзе не заўсёды”. Тата хлопчыка Андрэй — з Докшыц, а маці Таццяна – мінчанка. Бацькі спецыяльна стварылі групу, каб не толькі арганізаваць збор сродкаў на лячэнне, але і пазбегнуць рознага кшталту крыватолкаў і трымаць справаздачу за кожны патрачаны на лячэнне сына рубель: чэкі, выпіскі з клінік, відэа з працэдур. І за гэтую смеласць ім трэба сказаць дзякуй, бо выпадкі, калі ў сем’ях нараджаюцца хворыя дзеткі, неадзінкавыя, а вось пра тое, як з гэтымі дыягназамі жыць, змагацца і верыць у лепшае, адкрыта гаварыць гатовыя далёка нямногія. На артыкул сям’я згадзілася не толькі каб знайсці неабыякавых людзей, якія акажуць дапамогу ў лячэнні малодшага сына, але і падзяліцца вопытам з тымі, хто сутыкнуўся з падобнымі дыягназамі.
У Мішы, якому ў канцы лютага споўніцца два годзікі, інваліднасць з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Дыягназ: ДЦП, спатычная дыплегія 3 ступені цяжкасці.
Гісторыя двухгадовага Мішы, запісаная са слоў яго маці Таццяны:
– Гісторыя нашага Мішачкі пачалася 26 лютага ў гарадскім клінічным радзільным доме №2 г. Мінска. Малыш з’явіўся на свет на 31 тыдні цяжарнасці з вагой, меншай за два кілаграмы. Па шкале Апгар яму было пастаўлена сем балаў. Гэта наша трэцяе жаданае дзіця, да нараджэння якога мы рыхтаваліся вельмі сур’ёзна. Але раптам нешта пайшло не так. Я пабыла ў дэкрэце роўна тыдзень і была шпіталізавана з пластаваннем плацэнты. Затым аперацыя, страх перад невядомасцю і пытанне: што ж далей?
У рэанімацыі наш сын правёў два тыдні, з іх адзін – на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гэта быў самы складаны тыдзень у маім жыцці. Кожны дзень званіла ў рэанімацыю і чула ў адказ: “Усё без змен. Стан стабільна цяжкі”. Той халодны сакавіцкі дзень, калі мне паведамілі, што дзіця пачало дыхаць самастойна, я не забуду ніколі. З гэтага моманту і пачаўся адлік ужо нашай сумеснай барацьбы.
Хутка Мішу перавялі ў аддзяленне для неданошаных дзяцей з букетам дыягназаў. Усяго ў бальніцы мы правялі крыху больш за месяц, набралі вагу і выпісаліся дадому. А далей… Далей я магу многа расказваць пра тое, што рабіць маці, якая практычна сам-насам аказалася ў падобнай сітуацыі, але гэта будзе доўга і нецікава. Скажу толькі галоўнае: ваша дзіця, акрамя вас, наўрад ці каму патрэбна, і яго рэабілітацыяй, акрамя бацькоў, ніхто займацца не будзе. Я зараз скажу такую рэч, за якую мяне многія не прабачаць. Але гэта так. У нас выратоўваюць і 500-грамовых дзетак, але як гэтыя дзеці жывуць потым, развіваюцца, мала каго цікавіць.
Мы пабывалі ў многіх спецыялістаў, здалі безліч аналізаў, выпілі шмат лекаў. Я была спакойнай за развіццё майго дзіцяці, бо спецыялісты, у тым ліку і неўролагі, супакойвалі, што неданошаныя дзеці хутка даганяюць у сваім развіцці народжаных у тэрмін.
Таццяна замаўкае, пераводзіць дыханне і працягвае аповед:
– Мне б мае сённяшнія веды на той момант, схапіла б дзіця ў ахапак і бягом рабіць Войта-тэрапію, каб пагасіць паталагічныя рэфлексы. Яны павінны былі прайсці ў паўгода, але пра тое, што гэтага не адбылося, нам паведамілі толькі тады, калі Мішу споўніўся годзік. Хто мне што параіў? Ніхто. Займайцеся, мама, масажам дома, і ўсё ў вас будзе добра — казалі.
Па месцы жыхарства ў Мінску прайшлі курсы рэабілітацыі “Рэфлекс”, рэгулярна шпіталізуемся ў педыятрычнае аддзяленне, да гэтага дадаліся штомесячныя курсы масажу і ЛФК, парафінавыя аплікацыі, электрастымуляцыі, водныя працэдуры і шмат чаго іншага. Сыночку патрэбна праходзіць пастаянную рэабілітацыю. Пакуль Міша самастойна не сядзіць і не ходзіць.
Таксама мы звярталіся ў дабрачынныя фонды. Але, на жаль, нас не бяруць па той прычыне, што дзяцей з падобным дыягназам шмат, а яны дапамагаюць толькі самым-самым цяжкім. Але і нашаму Мішу патрэбна дапамога, як і ўсім астатнім дзецям, і мы робім усё магчымае для таго, каб ён пачаў хадзіць сваімі ножкамі, а не правёў жыццё ў інвалідным крэсле. Рэабілітуем сваімі сіламі, на што, зразумела, ідуць усе даходы нашай сям’і.
На сённяшні дзень з Мішам працуе адзін з вядучых украінскіх інструктараў па рэфлекторным масажы. Ужо ёсць пэўныя вынікі. Але, каб паставіць Мішу на ногі, патрэбна рэабілітацыя за мяжой. І прайсці яе трэба да трох гадоў, бо потым выпрацоўка асноўных рэфлексаў і навыкаў замаруджваецца. Як бачыце, час не ідзе нам на карысць.
Наша сям’я звярталася ў многія замежныя клінікі і рэабілітацыйныя цэнтры. Усе яны гатовы прыняць Мішу на лячэнне і даюць станоўчыя прагнозы. Зразумела, што гэта каштуе вялікіх сродкаў.
Адну такую рэабілітацыю нам ужо атрымалася прайсці нядаўна ў Чэхіі. Пасля дадатковых заняткаў са спецыялістамі па Войта-тэрапіі Міша стаў поўзаць на прамых каленях, спрабуе падняцца на іх і нават устаць на ножкі! І гэта ўсяго за некалькі тыдняў! Названая методыка дае станоўчыя вынікі пры лячэнні дзетак з ДЦП. А яшчэ пасля заняткаў з чэшскім спецыялістам па лагамасажы Міша стаў гаварыць сказамі! Вельмі паказальна, што ні на адной працэдуры дзіця не плакала. Але складанасць сітуацыі ў тым, што курсы павінны быць рэгулярнымі – адзін раз у тры-чатыры месяцы.
Да гэтага нам яшчэ патрэбны дадатковы курс прэпаратаў для лячэння неўралагічных захворванняў і іх наступстваў, толькі гэта зноў павялічвае суму выдаткаў. Восем ін’екцый каштуюць тысячу еўра. Але прагнозы ўрачоў станоўчыя, і гэта надае нам сілы весці барацьбу з хваробай далей.
Калі вас кранула гісторыя барацьбы гэтай сям’і, так шчыра расказаная маці, інфармацыя пра тое, як можна дапамагчы Мішу:
Папоўніць баланс дабрачыннага тэлефоннага нумара МТС +375 (29) 813-19-37 (на імя Таццяны Кліндзюк).
Картка ААТ “ААБ Беларусбанк” 9112 0000 9509 3015 да 04/19 у беларускіх рублях.
Картка ААТ “ААБ Беларусбанк” 4255 2003 0667 7600 ДА 09/20 у еўра.
Яндэкс. Кашалёк 410015423775614.
Дабрачынны рахунак ф-л 510 ААТ “ААБ Беларусбанк”, вул. Куйбышава, 18. Беларускія рублі – транзітны рахунак: ВY74 АКВВ 3134 0000 1742 1512 0510 на дабрачынны рахунак. Назначэнне плацяжу: збор грашовых сродкаў на імя Кліндзюк Таццяны Аляксандраўны для лячэння сына Люлько Міхаіла Андрэевіча.
Наступны курс лячэння павінен адбыцца ў Чэхіі з 23 красавіка па 4 мая 2018 года. Бацькі Мішы спадзяюцца, што пасля яго хлопчык прыедзе да бабулі з дзядулем у Докшыцы, і ўжо без спецыяльнага крэсла.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *