В магазине «Дары природы» г.п. Бегомль рады каждому покупателю

img_1868У краме “Дары прыроды”, што ў Бягомлі, заўсёды з ветлівай усмешкай пакупнікоў сустракае загадчыца Людміла Гайдук (на здымку). З моманту адкрыцця гэтага аб’екта прыдарожнага сервісу прайшло амаль пяць гадоў. За гэты час гандлёвая кропка займела вядомасць, пастаянна выконвае план тавараабароту. Яго аб’ём за мінулы год склаў 113,2 тысячы рублёў. Тэмп росту да мінулага года ў супастаўных цэнах забяспечаны ў памеры 131,1 працэнта. За першы месяц сёлетняга года выручана 11,5 тысячы рублёў. Пастаяннымі наведвальнікамі крамы з’яўляюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і пакупнікі з іншых рэгіёнаў.
– Наша крама знаходзіцца на міжнароднай трасе, таму сярод пакупнікоў шмат бывае расіян і іншых замежных гасцей. Пастаянна наведваюцца адпачываючыя з санаторыяў “Баравое”, “Лясное”, – гаворыць Людміла Васільеўна. – Таму таварны асартымент фарміруем у адпаведнасці з іх попытам. Для таго, каб дагадзіць пакупніку, працуем нават па заяўках. Цікавяцца больш прадукцыяй уласнай вытворчасці, а значыць — натуральнымі прадуктамі. Многія ў першую чаргу пытаюцца, ці смачнае ў нас сала. Адказваем, што самае лепшае! Закупляем яго ў насельніцтва, а засолку з духмянымі прыправамі робіць мясны цэх грамадскага харчавання райста. Ёсць попыт на мясныя вырабы і гародніну, а таксама ягады. Асартымент іх даволі шырокі. Маліны, чарніцы, брусніцы, парэчкі, клубніцы паступаюць да нас пасля шокавай замарозкі з харчовых камбінатаў Глускага і Іванаўскага райста.
Заключылі дагавор з мясцовым пчаляром на рэалізацыю салодкай прадукцыі. Мёд часта сама набываю і раю ўсім. Добра рэалізоўваецца квашаная капуста, мочаныя яблыкі, часнок, марынаваныя агуркі і памідоры. Але толькі адной харчовай прадукцыяй не абмяжоўваемся. Ёсць і спецыяльная секцыя, адведзеная вырабам Аршанскага ільнокамбіната. У продажы сурвэткі, абрусы, ручнікі і шыкоўная пасцельная бялізна. Карацей кажужы, на любы густ і кашалёк. А днямі госці з Санкт-Пецярбурга набылі ў нас садовую мэблю з дрэва, за ёй прыязджалі таксама з Мінска, Лагойска і Полацка. Мы з радасцю сустракаем кожнага пакупніка і стараемся задаволіць яго попыт.

Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *