Выборы в Беларуси в местные Советы 28-го созыва состоялись


img_3953Да ўчастка для галасавання №2, які размясціўся ў адміністрацыйным будынку ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, пад’ехалі за некалькі хвілін да афіцыйнага пачатку яго работы. Старшыня выбарчай камісіі Ірына Траба яшчэ раз уважліва агледзела залу для галасавання: усё ў парадку – можна пачынаць. Мінула ўсяго пару хвілін пасля гэтага, і на ўчастак завітала першая выбаршчыца – Таісія Обухава. Распісалася за атрыманыя бюлетэні і накіравалася ў кабінку. Першыя бюлетэні апусціліся ў скрыню.
Старт асноўнаму дню галасавання быў дадзены. Накіроўваемся ў гарадскую школу №1 райцэнтра, дзе размешчаны ўчастак для галасавання №4. Як паведаміла старшыня камісіі Святлана Януковіч, у спісы ўнесены прозвішчы 1509 выбаршчыкаў. Крыху больш за 40 працэнтаў прагаласавала датэрмінова.
Больш за палову выбаршчыкаў датэрмінова наведала ўчастак №1 у Докшыцах, які традыцыйна размясціўся ў адміністрацыйным будынку ПМС.
– Актыўна людзі пайшлі бліжэй да поўдня, бо ведалі, што менавіта ў гэты час будзе канцэртная праграма, – удакладніла старшыня камісіі Надзея Семяшчонак.
Участак для галасавання №3, які знаходзіўся ў будынку ПМК-52, адразу настройваў на святочны лад. І гэтаму спрыяў багаты асартымент буфета спажывецкай кааперацыі, які размясціўся акурат перад уваходам у залу для галасавання. Відавочна, што ад яго прапаноў было цяжка адмовіцца тым, хто ўжо выканаў свой грамадзянскі абавязак. Старшыня камісіі Войцех Бальчэўскі падкрэсліў, што больш за сорак чалавек выказала жаданне прагаласаваць па месцы жыхарства. І сярод ахвотных не толькі пажылыя людзі, але і маладыя мамы, якім з малымі дзецьмі нязручна дабірацца да ўчастка.
Святочная атмасфера панавала ў Барсуках, на участку для галасавання №13, які знаходзіўся ў школе. Ужо пры пад’ездзе да яго была чуваць музыка, на вуліцы весяліліся школьнікі, якія святкавалі Масленіцу, а з аўтобуса, які толькі што пад’ехаў да будынка, выйшла шмат людзей. Усе накіраваліся на ўчастак. Старшыня камісіі Генадзь Шульга расказаў, што для зручнасці вяскоўцаў быў арганізаваны падвоз да ўчастка. Скарысталіся такой магчымасцю многія. Вяскоўцы не толькі галасавалі, але і заходзілі ў буфет за пачастункамі. Дарэчы, у Барсуках іх працавала два: райста і сталовай ААТ “Барсучанка”. За смачнымі і таннымі паўфабрыкатамі апошняй нават была чарга.
А супрацоўніцу “Міран-парфума” Анастасію Кухто, якая сёлета галасавала ўпершыню, чакаў сюрпрыз. Павіншаваць выбаршчыцу з кветкамі і падарункам завітала першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Такі ж падарунак атрымаў і Міхаіл Мацук, які галасаваў на Парплішчанскім участку №21. А самай першай выбаршчыцай 18 лютага, як паведаміла старшыня камісіі Ганна Саковіч, стала пенсіянерка Эмілія Пшонка.
У другой палове дня журналісты пабывалі на ўчастках для галасавання ў Таргунах і Глінным. На кожным назіралася грамадская актыўнасць і інтарэс грамадзян да палітычнай падзеі.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага і А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *