Оператор Докшицкого почтового отделения Ксения Францкевич встречает с улыбкой посетителей
Ксенія Францкевіч, якую вы бачыце на здымку, – не зорка мясцовай сцэны (хаця і магла б ёю быць, бо спявае з дзяцінства). Але яе асоба, а больш, напэўна, прыязная ўсмешка вядома кожнаму, хто наведвае пошту ў Докшыцах. Дзяўчына трэці год працуе аператарам паштовай сувязі. За гэты час яна зарэкамендавала сябе не толькі як добры работнік, але і як спагадлівы, ветлівы чалавек.
– А як жа інакш? – здзіўляецца Ксенія. – Людзі, якія працуюць з кліентамі, не маюць права на негатыўныя эмоцыі. Мой дрэнны настрой ні ў якім разе не павінен адлюстроўвацца на рабоце. Гэтаму вучыла мяне яшчэ мая матуля. Ды і нашто мне адпужваць людзей буркатаннем і нездавальняючым выглядам? У маіх інтарэсах, каб кліенты ішлі да мяне. Бывае, канечне ж, што самі наведвальнікі прыходзяць раздражнёныя, але самая найлепшая прышчэпка ад хамства – усмешка. Праверана!
Ксюша родам з Крыпуль, да восьмага класа яна жыла разам з бацькамі, потым пераехала да старэйшага брата Аляксандра ў Докшыцы – так зручней было хадзіць у школу (вучылася яна ў СШ № 1). Сяброўства з ім было настолькі моцным, што дзяўчыне заўсёды хацелася быць побач. Таму, калі ён вырашыў пераехаць у Мядзель, Ксенія накіравалася следам. Яна дапамагала даглядаць пляменнікаў і рыхтавалася да паступлення ў ВНУ. Некалькіх балаў не хапіла абітурыентцы, каб прайсці на бюджэт у БНТУ, таму прафесію інжынера-праграміста яна спасцігала на платнай аснове. Гэтым часам Аляксандр вырашыў набыць сваё жыллё. Ксенія не магла яму не дапамагчы: грошы, адкладзеныя на навучанне, аддала брату і кінула ўніверсітэт. “Вучыцца ніколі не позна”, – вырашыла для сябе і адправілася на заробкі ў сталіцу. З цягам часу пайшла на курсы сістэмнага адміністратара, выкладчык якіх звярнуў увагу на яе стараннасць і прапанаваў дапамагчы з новым месцам работы. Так яна стала працаваць у аддзяленні паштовай сувязі. Ксенія з імпэтам спасцігала азы новай прафесіі. І ўсё ж думкі пра бацькоў, пра тое, як яны там спраўляюцца са справамі, не давалі супакою, і дзяўчына вярнулася на мілую сэрцу Докшыччыну. Уладкавалася аператарам паштовай сувязі і вось ужо тры гады сустракае добразычлівай усмешкай сваіх кліентаў.
– Спачатку было вельмі цяжка перастроіцца на новы лад: сістэма работы ў сталіцы і ў райцэнтры кардынальна адрозніваюцца, – зазначае Ксенія. – Толькі дзякуючы калектыву аддзялення і менавіта майму непасрэднаму начальніку Вользе Гамановіч, я хутка адаптавалася тут. Вельмі ўдзячна за падтрымку Аксане Гільніч, лічу яе не толькі сваім настаўнікам у рабоце, але і сапраўдным сябрам.
Летам Ксенія Францкевіч прадстаўляла докшыцкае аддзяленне на спаборніцтве аператараў у Віцебску: яе прафесійны ўзровень быў ацэнены трынаццатым месцам з трыццаці шасці. Свае творчыя здольнасці дзяўчыне давялося прадэманстраваць летась на конкурсе самадзейнасці паштавікоў, адкуль каманда вярнулася з трэцім месцам.
У планах на гэты год у Ксеніі задумана зноў паступіць у ВНУ, бо вышэйшая адукацыя – мара яе жыцця.
Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.