Жить на земле можно, имея личное подсобное хозяйство, считает Андрей Янчак из Докшицкого района

a-085Бываючы ў вёсках, асабліва ў цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў, карэнныя гараджане адзначаюць значныя змены ў плане будаўніцтва, бытавых умоў і знешняга выгляду. Так, нікога ўжо не здзівіш дахамі з металачарапіцы, шклопакетамі, прыгожымі агароджамі, газонамі з туямі і гэтак далей. Але за гэтай парадна-фасаднай прыгажосцю назіральны чалавек не можа не заўважыць выраджэння сельскіх падворкаў. У хлеўчуках, дзе яшчэ нядаўна людзі трымалі па некалькі кароў, свіней, разводзілі птушак, зараз напалову пуста, а то і ўвогуле гуляе вецер.
Што перашкаджае развіццю асабістых падсобных гаспадарак? Не бярэм у разлік так званыя неперспектыўныя вёскі: не па сіле пажылым людзям, якія там жывуць, займацца цяжкай фізічнай працай, адслужылі яны зямлі-карміцельцы. Да свайго стала вырасцяць на градцы агурочак ды бульбіну з цыбуляй – і за гэта ім гонар. Маладым жа сем’ям у аграгарадках арганізаваць уласную гаспадарку не так і лёгка. Вось на Брэстчыне, напрыклад, забудоўваюць вуліцы, дзе вакол кожнага катэджа як мінімум 25 сотак зямлі. У нас жа такой раскошай нямногія могуць пахваліцца. А яшчэ – у мініяцюрных хлевушках, такіх, як у Параф’янаве на вуліцах у напрамку Целяшоў, можна развесці курэй ды ў лепшым выпадку казу ўсталяваць. Карову ж туды, як машыну ў гараж, мусіць, трэба заднім ходам заганяць. Добры гаспадар той хлеў сам пабудуе – скажуць многія. Гэта так, але патрэбны і час, і сродкі.
Як жа ў цесным акружэнні дамоў трымаць падсобную гаспадарку? Кожны вясковец, напісаўшы заяву ў сельвыканкам, можа разлічваць на выдзяленне дадатковага зямельнага ўчастка. А там ужо можа гаспадарыць, як пажадае: сеяць збожжавыя, садзіць бульбу ці гадаваць жывёлу. Андрэй і Аляксандра Янчакі — з такіх.
– Быць вясковым гаспадаром – гэта ўва мне закладзена з самага дзяцінства, – гаворыць Андрэй Генрыхавіч. – Не апошнюю ролю сыграў прыклад старэйшых пакаленняў. Жыць на зямлі і загнаць сябе ў каробку з чатырох сцен, як бы ўтульна і камфортна табе там ні было, – гэта, лічу, няправільна. Так, вялізных даходаў з працы на зямлі, калі гэта не фермерская гаспадарка, а звычайная падсобная, мець не будзеш. Але ў любыя часы, нават самыя нестабільныя, сям’ю сваю пракарміць, даць дзецям адукацыю, не лічыць капейкі ад зарплаты да зарплаты пры разумным вядзенні гаспадаркі можна.
Сямейны стаж у Янчакоў – адзінаццаць гадоў. Дзясятак з іх Андрэй Генрыхавіч адпрацаваў у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – аграномам, загадчыкам МТК “Альхоўка”, намеснікам дырэктара. Зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду дзіцяці – у сям’і растуць тры дачушкі. Старэйшыя, Паліна і Насця, школьніцы. Малодшай, Дар’яне, сінявокай бяляначцы – два з паловай. Мама Аляксандра працуе сакратаром у ПВГУП “ЯВГ-сервіс”. Дома трымаюць трох кароў і гадуюць цялушку. Акультурылі выдзеленыя ім дадатковыя пяць гектараў зямлі, засеялі травамі, абгарадзілі, пачысцілі сажалку і развялі авечак. Для жывёлы збудаваны прасторны хлеў з навесамі, і кучаравыя стажкі на ножках кругласутачна вольна сябе адчуваюць на палетках, добра растуць, харчуюцца, размнажаюцца.
– Мяса адвозім на рынак у Ждановічы, вельмі добра рэалізуецца, – распавядаюць далей гаспадары. – Маладняк – ягнятак вагой да 20 кілаграмаў – ахвотна купляюць у нас людзі. Зараз у авечым статку больш за 60 галоў. Плануем да пяці гектараў зямлі далучыць яшчэ два. Малако таксама часткова прадаём насельніцтву, а большасць забірае ІП “Корша”. Сена патрэбна, канешне, нямала. Штосьці купляем, штосьці нарыхтоўваем – хапае. Цялят здаём у гаспадарку, атрымоўваем за іх збожжа. Пакуль ёсць сілы, будзем развівацца далей. Планаў шмат. Каб рэалізаваць іх, патрэбна не ленавацца, спадзявацца на сябе і граматна арганізоўваць справу – сакрэт невялікі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *