В Докшицах прошли лыжные старты (+фото)

img_7627Ні снег, які сыпаў амаль без перадыху, ні завея не сталі перашкодай для аматараў хады на лыжах, якія сёлета напоўніцу скарысталіся сапраўдным зімовым надвор’ем і прыйшлі на чарговае спартыўнае свята “Лыжныя старты” ва ўрочышчы Чыстаполле.

Распачалі лыжныя гонкі юныя аматары зімовых відаў спорту – каманды вучняў дзвюх гарадскіх школ. Па выніках эстафеты сярод іх у пераможцы выйшлі юнакі і дзяўчаты СШ № 1 г. Докшыцы, якія атрымалі ўзнагароды ад РК ГА “БРСМ”. У масавым старце сярод аматараў на прызы раённага аб’яднання прафсаюзаў удзельнічала 37 мужчын і 22 жанчыны. І тыя, і другія пераадольвалі дыстанцыю ў адзін кіламетр. Лепшыя вынікі прадэманстравалі індывідуальны прадпрымальнік Арцём Паноў (І месца), Дзмітрый Дзям’янаў з ВУ “Віцебскторф” (ІІ месца) і Анатоль Віннікаў са зборнай каманды раённага аддзела Дэпартамента аховы і РАУС (ІІІ месца), а таксама Алена Жданько з каманды Параф’янаўскага сельсавета (І месца), Ганна Апанасевіч з Докшыцкага РЦГіЭ (ІІ месца) і Таццяна Волкава з ААТ “Таргуны” (ІІІ месца). Напэўна, самай насычанай на эмоцыі і перажыванні стала гонка на лыжах прафесіяналаў: мужчыны ішлі 3 кіламетры, жанчыны – удвая менш. Залатымі пераможцамі гэтага масстарту сталі вядомы докшыцкі лыжнік з Докшыцкага вузла электрасувязі Аляксандр Глінскі і прадстаўніца каманды Бягомльскага сельсавета Ганна Глазко. Срэбра заваявалі Аляксандр Зямчонак (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) і Вольга Гадулевіч (Докшыцкі раён газазабеспячэння), бронзу – Уладзімір Бяльковіч (Бягомльскі сельсавет) і Таццяна Мароз (РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”). Пераможцы-прафесіяналы атрымалі падарункі ад ГА “Белая Русь”.

– Мы з сябрамі з задавальненнем пацешыліся падчас жартоўных гульняў, якія арганізаваў на свяце раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, – адзначылі ўдзельнікі вучнёўскай эстафеты.
– Прыйшлі сюды на гукі музыкі і смеху, – прыкмецілі выпадковыя мінакі. – З вялікай ахвотай скарысталіся паслугамі пракату зімовага інвентару, які працаваў тут жа, і пахадзілі па заснежаным лесе на лыжах.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *