Любовь к жизни — отличительная черта 83-летней жительницы деревни Прудники Докшицкого района

a-326У гэтай маладжавай жанчыне, дальбог, унутры ёсць маленькі генератар, які з дня ў дзень выпрацоўвае столькі пазітыўнай энергіі, што хапіла б, мабыць, на дзесяцярых. Аптымізм і бадзёрасць – вечныя спадарожнікі Валянціны Галец з Пруднікаў (на здымку). Можна толькі па-добраму пазайздросціць Валянціне Данілаўне, якая шчодра надзелена ўменнем радавацца жыццю ў самых розных яго праявах.
Свой узрост яна не ўтойвае, нават удакладняе: “Я ў трыццаць пятым годзе нарадзілася, чаму запісалі, што ў трыццаць шостым, не ведаю”. Прызнаецца ў гэтым лёгка, бо шчыра не разумее, якая розніца, колькі табе гадоў, калі ёсць прага да жыцця, планы і задумы, калі кожны новы дзень сустракаеш з добрым настроем. “Люблю жыць, люблю людзей, люблю, каб было прыгожа і камфортна, люблю радавацца і дарыць радасць іншым”, – у гэтым выказванні жанчына ўся, такая, як ёсць.
Многія ныцікі параўноўваюць сябе з іншымі людзьмі і адшук­ваюць прычыны, па якіх тым, іншым, жыць весялей, лягчэй, вальготней, чым ім. Валянціна кажа, што вельмі шкадуе такіх людзей і спачувае ім, абдзеленым ці на генным узроўні, ці па ўласнай волі бачаннем свету ў яркіх колерах. Яе ж свет напоўнены такой разнаколернасцю, такім зіхаценнем, так прамяніцца цеплынёй, што самае пахмурнае надвор’е – менавіта такое стаяла на дварэ падчас нашай сустрэчы – здаецца асляпляльна-сонечным.
А лёс яе не песціў. Расла ў шматдзетнай сям’і. Бацька быў старшынёй калгаса ў Запонні. У 1937-м годзе яго арыштавалі, а ў 1938-м расстралялі. Як гэта на справе – быць сям’ёй “ворага народа” – зведалі ў поўнай меры. Валя змагла закончыць толькі тры класы, вымушана была пайсці працаваць. Выйшла замуж за мясцовага хлопца, у якога служба ў арміі праходзіла ў Іркуцкай вобласці. Запала яму ў душу гэта зямля, і маладая сям’я едзе ў даль далёкую, каб пачаць там новае жыццё. Уладкаваліся ў горадзе Жалезнагорску, і больш за палову жыцця нашай гераіні прайшло менавіта там. Там займелі жыллё, там нарадзіліся два сыны, там Валянціна Данілаўна 30 гадоў адпрацавала стрэлачніцай на чыгунцы. Але з узростам калі не кожнага чалавека, то вельмі многіх прыцягваюць, вабяць да сябе родныя мясціны. Вось і яна пасля смерці мужа, у 1998-м, вярнулася ў родныя Пруднікі, стала жыхаркай вясковай.
– Працую, канешне, – распавядае, – але стараюся арганізоўваць дзень так, каб праца прыносіла радасць, а не была цяжкім грузам. Ёсць у мяне агарод, саджаю ўсё па патрэбе. Маліны, клубніцы вырошчваю, нарыхтовак на зіму раблю шмат. І ў лесе як дома, грыбоў назбіраю – сама здзіўляюся, як паспяваю іх парадкаваць, а яшчэ ж і на продаж лісічкі нашу. Пенсія ў мяне добрая, але калі гэта лішняя капейка перашкаджала? Грошы не каплю, укладваю ў нерухомасць, – смяецца, – у хату сваю, дзецям-унукам на падарункі трачуся ды і на сябе, любімую, не шкадую.
Валянціна Данілаўна прызнаецца, што вельмі падабаецца ёй рамонтам займацца: увесь час нешта рэканструяваць, мяняць, добраўпарадкоўваць.
– Вось паклеіла шпалеры на кухні, паглядзела: не, не тое! Чаму гэта, сама ў сябе пытаюся, ты такія танныя купіла? Хочаш, каб было прыгожа, не скупіся! Сарвала тыя, а новыя – бачыце, якія дабротныя ды модныя? – купіла і пераклеіла, душа радуецца.
Як сапраўдная жанчына, Валянціна Данілаўна дужа паважае шопінг і ўдзяляе ўвагу догляду за сабой: карыстаецца касметыкай, парфумай, носіць упрыгажэнні, стараецца з густам апранацца, прызнае толькі якасную і прыгожую бялізну.
– Калі ў люстэрку шэрую мыш будзеш бачыць, дык і жыццё шэрым зацягнецца. Сама сабе не падабаешся, дык каму тады падабацца хочаш? Трэба трымаць сябе ў тонусе, не ленавацца, не апускаць рукі. Як там гаворыцца: дарогу асіліць той, хто ідзе? Гэта пра мяне.
Не толькі дзеці да яе, але і яна сама два разы на год едзе ў Жалезнагорск, за свет, як кажуць у вёсцы, вязе цяжкія сумкі з гасцінцамі, сярод якіх тыя ж грыбы, варэнне, смачныя беларускія каўбасы.
– Што тут цяжкага? – здзіўляецца. – Узяла ды паехала. У дарозе з людзьмі цікавымі знаёмлюся. А прыеду – дык у маіх дзетак свята.
Хочацца дадаць: свята не толькі ў іх – усюды, дзе паяўляецца гэтая сонечная жанчына.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *