У Вера Мойсеёнок из деревни Угольцы Докшицкого района счастливая старость

a-373Вера Майсяёнак сярод угольцаўскіх жыхароў найстарэйшая – восемдзесят восем гадоў за плячыма. Безумоўна, у такім шаноўным узросце жанчыне жыць адной было б вельмі цяжка.
– Забраць маму да сябе – такі варыянт я і мае браты нават не разглядалі, – гаворыць дачка Веры Аляксандраўны Валянціна Шпакоўская. – Ведаю з жыцця шмат прыкладаў, калі вяс­коўцы, якія ўсё жыццё пражылі на малой радзіме, у бацькоўскай або пабудаванай уласнымі сіламі хаце, адарваныя ад мілых сэрцу мясцін і звыклага ўкладу жыцця, вельмі хутка, так бы мовіць, чахлі і зыходзілі раней часу з жыцця ў самых камфортных умовах. Таму мы з мужам Сяргеем, самі ўжо пенсіянеры, прыехалі ва Угольцы і трэці год жывём разам з мамай на маёй радзіме, каб прадоўжыць яе гады.
Сужэнцы прызнаюцца, што ім зусім не сумна ў маленечкай вёсачцы. Сяргей Пятровіч, былы ваенны, чалавек энергічны і дзейсны. Ды і Валянціна Пятроўна пра сялянскую працу не забылася. Гаспадарку трымаюць, як і належыць вяскоўцам. Зямлю апрацоўваць электраплужок набылі – забеспячэнне гароднінай поўнае. Гадуюць птушак – курэй, індыкоў, дык і мяса без усялякіх шкодных для здароўя дабавак на стале, і яйкі. Самім прыемна, матулі радасць. Сяргей Пятровіч да ўсяго яшчэ заядлы пчаляр і рыбак, а гэта значыць, што і мёдам духмяным сям’ю цешыць, і рыбкай свежай. Ну а па грыбы ды ягады, якіх у навакольных лясах процьма, арганізоўваюць вылазкі сумесныя.
Ва ўтульнай хатцы Валянціна і Сяргей мяняць нічога не сталі, каб не трывожыць Веру Аляксандраўну. Вязаныя шыдэлкам ходнікі, яркія самаробныя дыванкі і партрэты родных у рамачках, ложак з гарой падушак, саматканай посцілкай і прасціной з карункамі – усё ў лепшых традыцыях вясковай хаты сярэдзіны мінулага стагоддзя. Крыху парушаюць цэласнасць карціны сучасны тэлевізар ды ноўтбук, але як жа без іх?
“Шчаслівая старасць – гэта трэба ў Бога заслужыць”, – выказалася неяк знаёмая адзінокая бабуля. Падаецца, Вера Аляксандраўна шчаслівая, бо жыве там, дзе ёй утульна і камфортна, акружаная клопатам і любоўю родных, і сядзібу сваю не бачыць закінутай і зарослай бур’янам: і сыны з сем’ямі, і дарослыя ўнукі прыязджаюць, і дачушка з зяцем побач. Жыве дом, жыве вёска…
НА ЗДЫМКУ: Вера Аляксандраўна Майсяёнак з дачкой Валянцінай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *