Фото и видео репортажи с турслёта в Докшицком районе (день третий) (Дополнено и обновлено)


На тры дні бераг возера Медзазол стаў малой радзімай для кожнага ўдзельніка раённага турыстычнага злёту. Сямнаццаць каманд з трыццаці пяці арганізацый і прадпрыемстваў раёна прадставілі на спаборніцтвы па 14 чалавек, а гэта 238 аматараў-спартсменаў, музыкантаў, артыстаў, мастакоў, кулінараў і проста крэатыўных людзей. Адзінаццаць розных выпрабаванняў пераадольвалі турысты на працягу трох дзён. Сёлетняе спаборніцтва было адзначана з’яўленнем новых, у большасці, зборных каманд, дэбют якіх аказаўся дастаткова ўдалым і запамінальным. Напрыклад, дзве гарадскія школы аб’ядналіся ў каманду “Азімут” і заваявалі бронзу. Поспех ізноў чакаў крулеўшчынскіх турыстаў: трэці год запар “Крулеўшчынскі экспрэс” з’яўляецца пераможцам турзлёту. Другое месца заваявала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, якая таксама працягвае трымаць званне адной з лепшых у спорце.

Безумоўна, больш шчыра перадаць эмоцыі мерапрыемства можа дапамагчы толькі асабісты ўдзел у ім. Таму сёлета ідэя з’ездзіць на раённы турзлёт у якасці не толькі фотакарэспандэнтаў, але і членаў каманды, у рэдакцыі была падтрымана аднагалосна. Адразу ўзнікла пытанне: як гэта зрабіць, бо ў калектыве рэдакцыі ўсяго 13 чалавек. Значыць, трэба аб’яднацца! З кім? Нехта ўзгадаў, што хлебазавод выпускае хлеб “Родныя вытокі”. Чым не калегі? Пекары выслухалі прапанову і тут жа назву прыдумалі: “Пякарня і Друкарня”. Ура! Тры дні адпачынку на прыродзе!
Дзень першы –
азнаямленчы
Той, хто думае, што турзлёт, гэта толькі спевы і скокі ля вогнішча – памыляецца. Раскласці палаткі, арганізаваць трохдзённы быт – гэта толькі невялікі пералік спраў. Добра, што дровамі і вадой не трэба запасацца самім, пра гэта клапоцяцца арганізатары мерапрыемства.
Здаецца, толькі-толькі абуладкаваліся, як паклікалі на першае выпрабаванне – кантрольна-турыстычны маршрут. Сёлета дыстанцыя праходжання на КТМ была трошкі скарочана і аблегчана. Шукаць кантрольныя пункты перашкаджалі палянкі з суніцамі: жменька за жменькай – і са сваімі сустракаешся ўжо толькі на фінішы. Не паспелі турысты аддыхацца, як пачаліся спаборніцтвы па валейболе. Некалькі гадзін эмацыянальных матчаў – і прыйшоў час урачыстага адкрыцця злёту. Атрымаўшы прывітальныя словы ад старшыні райвыканкама Алега Пінчука, каманды пачалі рыхтавацца да, напэўна, самага відовішчнага конкурсу – музычнага. Пераклады вядомых песень, вершы, прыпеўкі, тэатральныя пастаноўкі – як толькі не стараліся ўразіць журы і гледачоў выступоўцы! І нават аднолькавыя праграмы з Інтэрнета глядзеліся цікава па прычыне запамінальнай гульні акцёраў-аматараў. Такіх, напрыклад, як Тарзан з “Докшыцыводаканала”, або Царэўна – аматарка грэчкі, з “Крынічкі” (зборная аддзелаў райвыканкама). Не абмінулі ўвагай пятнічным вечарам і трагічную дату 22 чэрвеня, якая супала з гэтым днём – удзельнікі запалілі свечкі памяці, з якіх склалі сімвалічную зорку.
Дзень другі –
душаразгартальны
Субота распачалася са спаборніцтваў па горна-пешаходнай тэхніцы. Аказалася, што кантрольна-турыстычны маршрут учора – гэта яшчэ дробязь. Асабліва эмацыянальна праходзілі выпрабаванні па пераадольванні навясной пераправы: сёлета яе расцягнулі над абрывам, што, безумоўна, захапляла дух не толькі ва ўдзельнікаў, але і ў груп падтрымкі. Той, хто “адлазіў па гарах”, ішоў гуляць у валейбол. Наперадзе спартсменаў чакала яшчэ і праверка тэхнікі веласіпеднага турызму, а гэта не толькі хуткасць язды на “жалезным кані”, але і майстэрства кіравання ім, асабліва, калі трэба было прастаяць на фінішы тры секунды, не датыкаючыся нагамі да зямлі. Пакуль спартсмены спаборнічалі, у лагерах кіпела работа: кулінары фантазіравалі над турыстычнымі стравамі. Дарэчы, гэты конкурс можна таксама назваць музычным, бо прадстаўленне прыгатаваных шэдэўраў – яшчэ адно здзіўляльна-запамінальнае шоу. Перад дыскатэкай – працяг учарашняга музычнага конкурсу, з новымі героямі і цікавінкамі. Спартсменаў жа чакала начное арыентаванне, праходжанне якога ўскладніў дождж.
Дзень трэці –
развітальны
Усё той жа дождж бадзёрыў турыстаў у нядзелю. “Галоўнае – каб не пашкодзіў сценгазеты”, – перажывалі журналісты-аматары, якія з раніцы афармлялі рукапісныя выданні да традыцыйнага конкурсу, які сёлета быў прысвечаны Году роднай зямлі. У гэты ж час стартавалі трыятланісты. Непагадзь і тут унесла свае карэктывы: дзяўчатам дазволілі толькі бегчы дыстанцыю і страляць з пнеўматычнай вінтоўкі. А вось хлопцы, усё ж такі, яшчэ і ў возеры паплавалі. Праз хмары раз-пораз выглядвала сонца, якое дадавала аптымістычнага настрою.
Запрашэнне арганізатараў спаборніцтваў на закрыццё турзлёту, як быццам вярнула ў рэальнасць: тры дні праляцелі, як адно імгненне. Больш за тысячу фотаздымкаў і каля шасцідзесяці відэа засталіся ў нашым фотаархіве. Памяць жа захавае мега-пазітыўныя эмоцыі ад асабістага ўдзелу ў спаборніцтвах і, галоўнае, ад набыцця новых сапраўдных сяброў. Да сустрэчы, турзлёт-2019!

Віват пераможцам!
Пераможцам у праходжанні кантрольна-турыстычнага маршрута стала каманда “Азімут”. Горна-пешаходную тэхніку лепш прадэманстравала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. У тэхніцы веласіпеднага турызму перамаглі камунгасаўцы, у начным арыентаванні – “Крулеўшчынскі экспрэс”, трыятлоне – зборная “ГТП” (Глінская, Тумілавіцкая і Параф’янаўская школы). У музычным конкурсе першае месца ў “Пякарні і Друкарні”, лепшая газета атрымалася ў зборнай “ГТП”. У конкурсах паходных страў і быту перамагла “Крынічка”. У першынстве турыстычнага злёту па валейболе на прызы раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” чэмпіёнамі сталі валейбалісты з каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Спецыяльнымі прызамі адзначылі лепшых гульцоў Івана Грыгор’ева з каманды-пераможцы і Вольгу Гадулевіч са зборнай “DREAM TEAM”. У асабістых спаборніцтвах “Меткі стралок” на прызы РК ГА “БРСМ” перамог Міхаіл Яловік са зборнай сілавых структур “Віцязі”.
Акрамя гэтага Ганаровымі граматамі ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама былі ўзнагароджаны дырэктар ДзЮСШ Марына Ярмаковіч і трэнер-выкладчык па спорце ДзЮСШ Алена Аліноўская.

Яўгенія Малевіч.
Фота А. Варанковіча.

img_8778

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *