Где в Докшицах самое вкусное мороженое?


img_8044-morazhЛетам, асабліва ў спякотныя дні, у пунктах продажу марозіва гэты ласунак разыходзіцца вельмі хутка. І не дзіўна, бо гэта адзін з прыемных спосабаў крыху ахаладзіцца. 

Тыя, каму давялося жыць у Савецкім Саюзе, і зараз выдатна памятаюць смак марозіва, якое выпускалі пад маркамі “13 капеек”, “20 капеек”, “Бураціна”. Ніводзін паход на цыркавое прадстаўленне ў сталіцы не абыходзіўся без знакамітага эскімо. І ў нас час гэты халодны дэсерт застаецца адным з любімых ласункаў як для дзяцей, так і для дарослых.
Купіць марозіва ў Докшыцах можна амаль у кожнай прадуктовай краме. Але прынесці той жа вафельны стаканчык і з’есці яго дома – гэта адна справа. Зусім іншае – пасядзець з сябрамі ў якой-небудзь кавярні за столікам і ва ўтульнай абстаноўцы паласавацца ім з крэманкі. Каб даведацца, ці ёсць такія ўстановы ў райцэнтры, адправіліся ў кропкі грамадскага харчавання.
Кафэ “Александрыя” – месца, дзе можна перакусіць, добра пад’есці. Але, на жаль, марозіва наведвальнікам не прапануюць. Хаця яшчэ да рэканструкцыі, у 1997 годзе, калі кафэ было дзіцячым, там можна было купіць марозіва на вагу.
Другі аб’ект грамадскага харчавання, які таксама належыць райста, – піцэрыя “Смак”. Тут таксама можна заказаць комплексны абед, выпіць гарбаты альбо кавы. З марозівам жа “тугавата”. Мяркую, што знайшоўся б не адзін чалавек, які пасля наведвання, скажам, гарадскога рынку ў пятніцу, пажадаў бы адпачыць і з’есці пламбір, асабліва той, хто прыехаў з вёскі і чакае адпраўлення аўтобуса. Пасядзець за столікам і паласавацца марозівам на вагу не ўдасца ў рэстаране “Сфера”, а таксама ў летнім кафэ, якое працуе зараз побач з “Шармам”. У апошнім настолькі душна, што наўрад ці каму ўвогуле захочацца там заставацца.
Толькі тры ўстановы грамадскага харчавання ў горадзе парадавалі тым, што ў іх прадаецца марозіва на вагу. Пельменная “Лепім самі” рэалізуе марозіва некалькіх відаў ад пастаўшчыкоў з Мар’інай Горкі. Шакаладнае, ванільнае, чарнічнае, бананавае і з іншымі напаўняльнікамі. Вага порцыі ў 100 грамаў будзе каштаваць 1,1 рубля. Дарэчы, такі дэсерт разыходзіцца вельмі хутка, і таму заказваюць яго тры разы на тыдзень па восем кілаграмаў, улічваючы, што марозіва выкарыстоўваецца яшчэ і для прыгатавання кактэйляў.
З такімі ж пастаўшчыкамі працуе і кафэ “Шарм”. Тут аматараў халоднага дэсерту бывае крыху менш, і за тыдзень яго з’ядаюць прыкладна пяць кілаграмаў. Невялічкая порцыя будзе каштаваць 78 капеек, стандартная – 1,56 рубля.
Лепельскі пламбір афіцыянт падасць вам у кавярні “Ачаг”. За порцыю аддасцё ад 90 капеек да аднаго рубля з лішнім і з асалодай адчуеце ўсе смакавыя якасці. Для дзяцей – з шакаладнай начынкай, для дарослых – з каньячнай.
Англійскія і французскія вучоныя даказалі, што марозіва здымае нервовае напружанне, зніжае трывожнасць і паляпшае сон. А японскія даследчыкі прыйшлі да высновы, што ўжыванне гэтага прадукта раніцай садзейнічае развіццю разумовых здольнасцей. Марозіва падымае настрой і выклікае ў чалавека станоўчыя эмоцыі, нагадваючы яму пра дзяцінства. Акрамя гэтага, у ім утрымліваецца каля ста каштоўных для арганізма рэчываў: амінакіслоты бялка, розныя тлушчавыя кіслоты, мінеральныя солі, важныя для абмену рэчываў ферменты, вітаміны. Але пра карысць трэба гаварыць у тым выпадку, калі марозіва натуральнае і не ўтрымлівае шкодных дабавак.

Выпуск новага прысмаку, які адпавядае сусветным трэндам, – цалкам чорнага марозіва — асвоілі ў Магілёве яшчэ чатыры месяцы таму. Зараз чорны колер у модзе, і многія сусветныя вытворцы дэсерту ўключылі яго ў свой асартымент. У Магілёве марозіва чорнага колеру выпускаюць са смакам парэчкі з журавінавым джэмам і шакаладнага браўні з салёнай карамеллю. Сам вафельны ражок таксама цалкам чорны. На дадзены момант больш ні адзін беларускі вытворца не выпускае чорнае марозіва. У Докшыцах такія незвычайныя прысмакі можна знайсці ў краме “Смак”.

 

Самае дарагое марозіва ў свеце прадаецца ў ЗША і носіць сімвалічную назву “Залатое”. Упрыгожана сапраўдным ядомым золатам, рэдкімі ягадамі і карамеллю. Каштуе яно 1000 долараў за порцыю.
Самы вялікі торт-марозіва, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, быў зроблены ў 2011 годзе ў канадскім горадзе Таронта. На яго выраб спатрэбілася 9 тон марозіва, 90 кілаграмаў бісквіту і 136 кілаграмаў крошак шакаладу.
Марозіву на палачцы мы абавязаны амерыканцу Фрэнку Эпперсону, які выпадкова пакінуў на марозе стакан содавай вады з саломінкай. Пазней у яго нарадзілася ідэя новага ласунка – “замарожанага льду на палачцы”.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *