В Бегомльской круглогодичной теплице зреет урожай (+ ФОТО)

img_0290На мінулым тыдні журналісты рэспубліканскіх і абласных СМІ ўдзельнічалі ў прэс-туры “Дзейнічаем разам” па Віцебскай вобласці, які праходзіў па аб’ектах праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Знаёмства з чатырма ініцыятывамі, рэалізаванымі ў рамках праекта на Віцебшчыне, пачалося ў Бягомльскай школе-інтэрнат, дзе сёлета, дзякуючы мясцовай ініцыятыве “Роўныя магчымасці”, адбылася мадэрнізацыя школьнай цяпліцы.
Гасцей прэс-тура сустрэў дырэктар навучальнай установы Валерый Міхайлоўскі, які расказаў, з чаго пачыналася рэалізацыя праекта, накіраванага, у першую чаргу, на сацыялізацыю выхаванцаў школы-інтэрнат. Першы ўраджай агуркоў з абноўленай цяпліцы поўнасцю задаволіў патрэбы сталовай. Зараз памідоры і перцы паспяваюць у трох парніках. Акрамя гэтага, больш за 1,5 тысячы расады гародніны было рэалізавана мясцоваму насельніцтву.
Экскурсію па прысядзібнай гаспадарцы правяла выхаванка навучальнай установы Фарыда Тумашэвіч, якая падрабязна расказала, якія работы выконваліся ў цяпліцы, як вучні даглядалі расліны, клапаціліся аб іх.
– Вельмі цікава назіраць, як з маленькага зярнятка праклёўваюцца зялёныя лісточкі, паступова растуць і ў выніку даюць ураджай, – з захапленнем расказвала Фарыда. – Пасля заканчэнне школы я абавязкова буду паступаць у сельскагаспадарчую ўстанову адукацыі.
– Мадэрнізаваная цяпліца прыстасавана для круглагадзічнага выкарыстоўвання, працоўнага навучання і прафесіянальнай арыентацыі выхаванцаў інтэрната, – засяродзіў увагу рэгіянальны каардынатар па Віцебскай вобласці праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Андрэй Давыдзенка. – У гэтым сельскагаспадарчым бізнесе перапляліся эканоміка, сацыяльнае жыццё і экалогія. Фінансаванне ініцыятывы закончылася, але яна працягвае працаваць і зарабляць грошы.
Пра тое, што Бягомльская школа-інтэрнат даўно выкарыстоўвае ў сваёй рабоце з выхаванцамі сельскагаспадарчы накірунак, заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Гэту работу заўсёды падтрымліваюць раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, у любых пытаннях дапамагаюць сельгаспрадпрыемствы раёна. Падзякавала Валянціна Юр’еўна Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя П.М. Машэрава, які дапамагаў у распрацоўцы праграмы мясцовай ініцыятывы.

У 2016 – 2018 гадах у 10 раёнах Віцебскай вобласці была рэалізавана 41 мясцовая ініцыятыва. Яе праекты з’яўляюцца прыкладамі тэрытарыяльна-арыентаванага развіцця, бо адпавядаюць патрэбам мясцовых жыхароў і дэманструюць, што толькі разам, аб’яднаўшы намаганні, можна ўплываць на прыняцце грамадска-значных рашэнняў і ўносіць істотны ўклад у павышэнне якасці жыцця людзей.


Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *