Депутат Пётр Котейко из Докшицкого района: «Мужчына павінен гаварыць справамі»
Чалавек, пра якога пойдзе далей размова, адносіцца да катэгорыі людзей, жыццёвае крэда якіх можна азначыць выразам “Мужчына павінен гаварыць справамі”.
– За ўсе гады работы я настолькі прызвычаіўся да грамадскіх нагрузак, што на сённяшні дзень мне ўжо нялёгка размежаваць работу кіраўніка і дэпутацкую – настолькі цесна, бывае, пераплятаюцца пытанні, якія даводзіцца вырашаць, – гаворыць дырэктар Валкалацкай сярэдняй школы, дэпутат сельскага Савета па Гарадзішчанскай выбарчай акрузе №8 Пётр Кацейка (на здымку).
А гадоў гэтых – ні многа ні мала – два дзясяткі ўжо набіраецца. Узначаліў школу (тады Гарадзішчанскую) і пачаў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю Пётр Баляслававіч адначасова, у дастаткова маладым узросце. Цяжка было? Бясспрэчна. Але ўсе цяжкасці пераадольваць і паскоранымі тэмпамі набірацца неабходнага вопыту яму дапамагалі мэтанакіраванасць і высокая патрабавальнасць да самога сябе. А яшчэ, думаецца, добрых вынікаў дасягаць ва ўсім, за што б ні браўся, яму пасабляюць сумленнасць, адказнасць, разважлівасць, адсутнасць залішняй эмацыйнасці, як кажуць, гаспадарчая жылка і рука на пульсе – веданне таго, чым жывуць выбаршчыкі.
– Дэпутат – гэта першы памочнік, калі не ведаеш, куды звярнуцца са сваёй просьбай, або калі звяртаўся, а станоўчага вырашэння пытання няма, – лічыць Пётр Кацейка. – Праўда, не заўсёды людзі разумеюць, што ў дэпутата няма фінансавых рэсурсаў, каб рэалізаваць як найхутчэй штосьці задуманае. Неаспрэчна іншае: ён павінен быць неабыякавым чалавекам, каб прапускаць праз сваё сэрца тое, што набалела іншым, “прымяраць” праблему на сябе і пры найменшай магчымасці старацца падставіць плячо ў яе вырашэнні.
Пётр Баляслававіч – чалавек неабыякавы, да кожнага звароту падыходзіць уважліва, прыкладае ўсе намаганні, каб дапамагчы і, па магчымасці, не словам, а справай. Працуе ў цеснай сувязі з мясцовай выканаўчай уладай.
– Толькі словы падзякі магу выказаць дэпутату за разуменне, падтрымку, заўсёдную гатоўнасць аператыўна дзейнічаць, – гаворыць старшыня Валкалацкага сельскага Савета Антаніна Бабарыка. – Асабліва вялікую дапамогу аказвае ён у добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета. А яшчэ мы вельмі плённа ўзаемадзейнічаем у рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі. Ведаеце, – Антаніна Віктараўна на хвілінку задумваецца, – нават не столькі з гэтай катэгорыяй сем’яў – яна ў нас малаколькасная. Больш вядзём работу прафілактычную, ніводнага “трывожнага сігналу” не прапускаем. Таму, як бачна, і вынікі станоўчыя ёсць.
Пытанні добраўпарадкавання, мабыць, найбольш складаныя з тых, што даводзіцца вырашаць дэпутату. Толькі за школай замацаваны немаленькая па плошчы вёска Гарадзішча, а таксама Ракітаўшчына, Янукі і вуліца Школьная ў Валкалатах. Ва ўсіх названых населеных пунктах ліквідаваны аварыйныя дрэвы, не кажучы ўжо пра звалкі смецця, струхнелыя платы ды немалую колькасць урослых у зямлю збудаванняў. Шмат зроблена, але і ў планах таксама шмат.
– Самая галоўная праблема, – гаворыць Пётр Баляслававіч, – недахоп неабходнай тэхнікі. Яе на тэрыторыі сельсавета пасля аб’яднання гаспадарак практычна не стала. Не тое што Докшыцы – Сітцы няблізка. Розныя выхады шукаюцца. Людзі ідуць насустрач, дапамагаюць уласнымі транспартнымі сродкамі. Пытанняў жа сацыяльнага плана ўзнікае з кожным годам усё менш: у магазінах ёсць неабходныя прадукты, вуліцы асветлены, дарогі чысцяцца, бальніца і аптэка працуюць. Больш просьбаў асабістых: паляпшэнне жыллёвых умоў, працаўладкаванне, нарыхтоўка дроў…
Кожны дзень кіраўніку прыходзіцца вырашаць дзясяткі праблем, якія адкласці на потым ніяк нельга. А планка ўсё вышэйшая і вышэйшая. І важна не толькі ўтрымліваць узятую вышыню, але і падымацца да новых. У дырэктара школы і дэпутата Пятра Кацейкі гэта атрымліваецца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.