Бывшие жители деревни Саборы установили крест, чтобы сохранить память о своей малой родине

11Каб ушанаваць памяць тых, хто колісь жыў у вёсцы Сабары Крулеўшчынскага сельсавета, і захаваць памяць аб сваёй малой радзіме, былымі жыхарамі паселішча быў усталяваны паклонны крыж.
Упершыню згадана была вёска з такой прыгожай назвай у 1790 годзе. Звесткі аб гэтым, якія захоўваюцца ў метрычнай кнізе Парплішчанскай уніяцкай царквы, знайшоў у літоўскім архіве Казімір Клімко, муж карэннай сабаранкі Таісіі. Казімір Баляслававіч родам з суседняга хутара. Амаль дзесяць гадоў займаецца даследаваннем гісторыі малой радзімы. Гэтым яго захапіў былы калега з РЭС, вядомы краязнаўца Мікалай Чысцякоў. Можна сказаць, што ад сям’і Клімко і пайшла ідэя ўвекавечвання памяці пра родныя мясціны. Але і былыя аднавяскоўцы актыўна іх падтрымалі. У вольны час зляталіся да роднага гнязда і шчыравалі над падрыхтоўкай месца пад паклонны крыж.
– Выбралі яго невыпадкова. Менавіта там, дзе ён усталяваны, раней заўсёды адбываліся розныя сходы, сустрэчы, нават спатканні, – дзеліцца ўспамінамі Таісія Клімко. – Здаецца, што кожнае дрэўца, пасаджанае нашымі продкамі ў Сабарах, было сведкам падзей, дарагім кожнаму з нас. Прытулішся да шурпатага ствала клёна ці бярозы, заплюшчыш вочы – і быццам чуеш звонкі смех аднакласнікаў, з якімі некалі наўзахапкі беглі ў школу. Ці прыгадваеш, як бурчала суседка-бабуля, да якой ізноў нехта залез у агарод. Радуе, што цягне да малой радзімы не толькі нас, прадстаўнікоў старэйшага пакалення, але і моладзь, якая актыўна ўдзельнічала ў справе.
Асвяціў крыж протаіерэей Віктар Гмір. Больш за пяць­дзясят чалавек прыехала (на здымку), каб стаць сведкамі гэтай падзеі. Сярод іх былі старажылы вёскі – Леаніда Гапанёнак, Яўгенія Шкелка, Яніна Баброўская, Вадзім і Ганна Гапанёнкі, Сяргей Ліша. Побач з крыжом – шыльда, на якой занатаваны прозвішчы сабаран.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *