«Библиосумерки» накрыли Докшицы


03“Школа чараўніцтва” адкрылася ў Докшыцах у мінулую пятніцу. Так бібліятэкары райцэнтра трэці год запар сустрэлі прафесійнае свята “Бібліязмярканнем” – мерапрыемствам, якое вельмі палюбілася мясцовай дзятве.

А шостай гадзіне вечара ў фае гарадскога Цэнтра культуры панавала ажыўленне. Гэта дзятва, пастаянныя чытачы бібліятэкі, вучні пачатковых класаў гарадскіх школ, здавалі ўступны іспыт у “Школу чараўніцтва”. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэбам было правільна адказаць на “кніжныя” пытанні з хітрынкай, каб атрымаць пячатку на руку, якая азначала пропуск у незвычайную школу. Пасля гэтага ўсіх ахвотных падзялілі на
шэсць каманд, кожная з якіх атрымала стужкі рознага колеру і экзаменацыйны ліст з назвамі дысцыплін, якія трэба было здаць на выдатна, каб па праве звацца выпускніком школы чараўнікоў.
Да годнасці арганізатараў, трэба сказаць, што кожны экзамен быў звязаны з друкаваным кніжным словам і, разам з тым, пададзены ў гульнявай форме так удала, што дзеці жвава адгукаліся на любое заданне.
Напрыклад, на “Факультэце магічных лічбаў” яны ўдумліва выконвалі матэматычныя заданні, а на “Факультэце цёмных таямніц” гарэзліва шукалі схаваныя на кніжных паліцах падказкі, каб разам скласці выказванне пра кнігі на англійскай мове, і потым доўга спрачаліся над дакладнасцю яго перакладу. Вельмі цікавым было заданне на “Факультэце прыродных таямніц”, дзе да фігурак казачных персанажаў, якія былі зроблены з прыродных матэрыялаў, трэба было падабраць кнігу, літаратурным героем якой яны з’яўляюцца. Да таго ж, дзеці гатавалі стравы па рэцэптах з кніг, змешвалі фарбы, каб стварыць новы колер, але, бадай, самае яскравае ўражанне пакінуў “Факультэт адкрыцця таямніц”, дзе падчас іспыту…яны былі зачынены ў пакоі і па падказках шукалі ключ.
За паспяхова здадзеныя экзамены каманды атрымалі кавалачкі пазла, сабраць які ў карціну можна было толькі ў выпадку, калі ўсе ўдзельнікі аб’яднаюцца разам. Пасля таго, як гэты сакрэт быў разгаданы, з экрана вадкакрысталічнага манітора да іх звярнуўся любімы многімі герой, выхаванец школы Хогвартс Гары Потэр.
Завяршальным сюрпрызам “Бібліязмяркання” стаў імправізаваны ва ўмовах памяшкання пікнік, на якім кожная з каманд паласавалася салодкімі прысмакамі.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *