Докшицкий район газоснабжения празднует свой полувековой юбилей со дня основания


img_4230Газ, як адзін з важнейшых энерганосьбітаў, як экалагічна чыстае паліва, з’яўляецца асновай энергарэсурсаў любой краіны. Яго выкарыстанне ў прамысловасці і быце немагчыма пераацаніць. У Беларусі газ у народную гаспадарку прыйшоў у 60-ыя гады мінулага стагоддзя. У сакавіку 1960 года быў створаны Віцебскі мантажна-эксплуатацыйны ўчастак, які прыступіў да мантажу газабалонных установак. Для калектыву Докшыцкага раёна газазабеспячэння сёлетняе прафесійнае свята адметнае: на яго прыпаў 50-гадовы юбілей заснавання арганізацыі.

У Докшыцкі раён газ прыйшоў у 1966 годзе, а праз два гады ў жніўні было створана ўпраўленне газазабеспячэння. У 1974-м увялі ў эксплуатацыю першую рэзервуарную ўстаноўку па вул. Школьнай у райцэнтры. Больш актыўнае развіццё галіны распачалося праз год. Быў створаны Докшыцкі ўчастак Лепельскага між­раённага ўпраўлення пад кіраўніцтвам старшага майстара Рыгора Юпатава. Яго на гэтай пасадзе змяніў Мікалай Кеда. Працавала тады на ўчастку толькі 11 чалавек. Кантора месцілася ў звычайным вагончыку.
Наступным этапам развіцця арганізацыі можна лічыць будаўніцтва вытворчай базы напачатку 80-х гадоў. Былі ўведзены ў строй склад балонаў, майстэрні, адміністрацыйны корпус. Начальнікамі ўчастка ў гэты час былі Ягор Ралавец, Іван Каросцік, Людвіг Петрашкевіч.
У кастрычніку 1997 года ўчастак стаў цэхам звадкаванага газу Лепельскага між­раённага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі. Праз два гады быў выведзены з міжраённага падпарадкавання і рэарганізаваны ў Докшыцкае раённае ВУ газавай гаспадаркі (у 2000 годзе стаў філіялам РВУ “Докшыцырайгаз”). Яго ўзначаліў Іосіф Падрэз. Гэта пры ім арганізацыя набыла той выгляд, якім яна і сёння выгадна вылучаецца сярод іншых. Армейскі парадак, ідэальная чысціня стваралася намаганнямі ўсяго калектыву, а ля вытокаў кветкавай прыгажосці і адметнага дызайну вытворчай тэрыторыі стаяла Тамара Сакавец. Былі пабудаваны запраўка аўтамабіляў звадкаваным газам, кацельная на газавым ацяпленні, рэканструяваны склад балонаў, адміністрацыйны будынак, майстэрні. Праведзена вялікая работа па 100-працэнтным забеспячэнні насельніцтва звадкаваным газам.
Сёння карыстальнікамі гэтага віду паліва з’яўляюцца 7300 абанентаў. За сем месяцаў 2018 года яго рэалізавана 233,7 тоны.
2005 год увайшоў у гісторыю арганізацыі пачаткам будаўніцтва сетак прыроднага газу. Першымі датэрмінова яго атрымалі жыхары шматпавярховікаў у Крулеўшчыне.
У 2006 годзе докшыцкую зямлю наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. У час урачыстасці, якая адбылася на цэнтральнай плошчы райцэнтра, ён запаліў газавы факел і гэтым самым як бы даў дабро на далейшую газіфікацыю раёна прыродным газам. Сёння каштоўнае блакітнае паліва стварае камфорт у 2200 кватэрах і столькіх жа прыватных дамах. А працягласць сетак газаправода складае 274 кіламетры. За выгоды прыроднага газу ўдзячны жыхары Докшыц і Бягомля, Крулеўшчыны і Пруднікаў, Лапут і Чырвонага Беразіно, Порплішча і Барсукоў, Параф’янава, Сітцаў і Таргуноў. На прыродным газе працуюць дзве сушылкі, чатыры кацельні. Дзейнасць па газіфікацыі раёна працягваецца, і сёлета ўжо ўведзена ў эксплуатацыю 6,5 кіламетра газаправода.
У 2007 годзе да ВУ “Докшыцырайгаз” было далучана “ляжачае” Крулеўшчынскае торфапрадпрыемства. Рэарганізаваную структуру ўзначаліў Валерый Кавалёў. Без нечага за год яе тарфяная вытворчасць стала дзеяздольнай і атрымала ўпершыню за некалькі апошніх гадоў прыбытак. На змену Кавалёву прыйшоў Віталь Няспляк, пры якім завяршылася станаўленне тарфяной галіны і ператварэнне прадпрыемства ў сучасную вытворчасць па выпуску прадукцыі з рэалізацыяй на сусветным рынку.
1 верасня 2015 года адбылася яшчэ адна рэарганізацыя, пасля якой газавікі і тарфянікі зноў раздзяліліся. Докшыцкі раён газазабеспячэння філіяла ВУ “Глыбокаегаз” узначаліў Аляксандр Туркоў. Затым на гэтай пасадзе працаваў Дзмітрый Пахомаў. Зараз калектыў, у якім працуе 47 чалавек, узначальвае Станіслаў Ждановіч, галоўны інжынер – Васіль Яленскі.
Раён газазабеспячэння неаднаразова займаў прызавыя месцы ў аглядах-конкурсах па добраўпарадкаванні, мастацкай самадзейнасці, а таксама спартыўных спаборніцтвах.
Райгаз – арганізацыя, працаваць у якой на працягу ўсёй гісторыі яе існавання было прэстыжна і ганарова. Вось таму стаж многіх яе работнікаў вымяраецца не адным дзесяцігоддзем. Сваім станаўленнем яна абавязана Ліліі Яцына, Веры і Івану Даніловічам, Сафіі Буглак, Веры Мажэй, Расціславу Чарапачэвічу, Леаніду Гушчыку, Ніне Міцько, Вячаславу Купрэвічу, Мікалаю Маскалёнку, Валянціне Калантай, Таццяне Галко, Баляславу Хадаронку, Мікалаю Ляху і многім іншым. Заслужанымі работнікамі галіны з’яўляюцца Уладзімір Гмырак, Марыя Салодкая, Уладзімір Голуб.

 

“…Акрамя тарфяной вытворчасці мы, як вядома, займаемся і забеспячэннем спажыўцоў раёна блакітным палівам. Нашымі кліентамі з’яўляюцца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, абодва санаторыі, хлебазавод, ААТ “Таргуны”. Хуткімі тэмпамі ідзе газіфікацыя жылых дамоў. З яе пачатку газіфікавана 332 дамы. Днямі адбудзецца пуск газу ў Параф’янава. Яшчэ 60 кватэр атрымаюць магчымасць карыстацца прыродным газам. Амаль 14 тысяч абанентаў у раёне атрымлі­ваюць балонны газ…”
В. Кавалёў.
“Родныя вытокі”, 6 верасня 2008 года.

 

“…У апошні час стала практыкавацца будаўніц­тва падземных газавых установак, якія забяспеч­ваюць палівам некалькі дамоў. Такія ўстаноўкі з’явіліся ў Докшыцах па вул. Чарняхоўскага, па вул.
К. Маркса, па вул. Школьнай. Было запланавана ўвесці ў эксплуатацыю газаўстаноўку ў калгасе “Камсамолец”, аднак у ёй выяўлена шмат недахопаў.
У саўгасах “Сітцы”, “Вітунічы”, племзаводзе “Порплішча” калгасе імя Суворава для перавозкі газавых балонаў са склада ў гаспадарках да абанентаў не выдзяляецца транспарт. Людзі вымушаны перавозіць іх на матацыклах, на калёсах, веласіпедах. А гэта грубае парушэнне правілаў бяспекі…”
Е. Раловіч.
“Ленінская трыбуна”, 20 чэрвеня 1978 года.

 

“…Докшыцкі цэх звадкаванага газу абслугоўвае больш чым шэсць кіламетраў падземнага газаправода, які злучае ёмістасці агульнага карыстання з газавымі ўстаноўкамі спажыўцоў. Такія аб’екты патрабуюць выключнай увагі і строгага захавання правіл тэхнікі бяспекі. Калектыў цэха прыкладае ўсе намаганні, каб не дапусціць бяды. Два разы ў месяц слесары абслед­ваюць падземныя траншэі, правяраюць на ўцечку сам газаправод і іншае абсталяванне. Акрамя гэтага, аварыйная служба раз у месяц праводзіць праверку скляпоў і лесвічных клетак на загазаванасць…”
Л. Голуб.
“Ленінская трыбуна”, 18 чэрвеня 1988 года.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *