Прекрасные картины пишет в свободное время председатель сельисполкома из Докшицкого района Владимир Пелюх


a-1310Жаданне маляваць да Уладзіміра Пелюха, старшыні Сітцаўскага сельвыканкама (на здымку), прыйшло не само па сабе. У школе ён захапіўся лепкай, а для таго, каб атрымалася скульптура, патрэбна было найперш зрабіць яе выяву на паперы. У хуткім часе лепка адышла на другі план: у хлопчыка выявіліся здольнасці бачыць свет своеасабліва і перадаваць гэту своеасаблівасць пры дапамозе фарбаў і пэндзля.
Настаўнікі, родныя, сябры прынялі як дадзенае яго выбар на парозе дарослага жыцця: мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута.
Калі гаварыць пра заняткі жывапісам, то яны сталі не прафесійнай, а духоўнай часткай дзейнасці гэтага шчодра адоранага талентамі чалавека. Працуе ён у розных тэхніках і жанрах. Яго ўтульны дом упрыгожваюць пейзажы, нацюрморты, ёсць і графічныя работы, у тым ліку партрэты. Асаблівае святло – ад напісаных Уладзімірам Уладзіміравічам іконаў, аздобленых прыгожымі разнымі рамкамі: майстар з задавальненнем працуе і з дрэвам.
Дарэчы, дом малады тады гаспадар з дарагой сваёй “палавінкай” Антанінай Уладзіміраўнай, настаўніцай Сітцаўскай сярэдняй школы, з якой у любові і згодзе жыве ўжо трыццаць пяць гадоў, узводзіў “з нуля”. Мабыць, таму тут кожная рэч, кожная дэталь інтэр’еру проста “дыхае” цеплынёй чалавечых рук. І, ведаеце, такі дом не “цісне” на цябе грузам непамернай раскошы, не стварае ўражання музейнасці – у ім пачуваешся ўтульна і вольна, у ім хочацца жыць.
Уладзімір Уладзіміравіч прызнаецца, што любіць эксперыментаваць, пастаянна вучыцца нечаму новаму, спрабаваць сябе ў розных “іпастасях”: як будаўнік, сталяр, пячнік, садавод, агароднік… Унікаць дэталёва ў кожную справу, за якую бярэцца, і дасягаць добрых вынікаў дапамагаюць яму, падаецца, такія рысы характару, як стараннасць, удумлівасць, памяркоўнасць, грунтоўнасць і натхнёнасць. Ну а здольнасці – без іх анікуды, як бы ні стараўся, – гэта ўжо адтуль, зверху.
Ніякай матэрыяльнай выгоды ад сваіх захапленняў Уладзімір Пелюх не мае – толькі радасць ад творчага працэсу і яго вынікаў, і лічыць гэта галоўным. Работы свае дорыць з нагоды і без сябрам і родным – дзеліцца часцінкаю свайго на дзіва светлага светаўспрымання і такім чынам, несумненна, багацее духоўна. Радуецца, што захапленне яго ў нейкай ступені перадалося сынам, а найбольш – дачушцы Святлане. Ёсць ва Уладзіміра Уладзіміравіча “паслядоўнік” і сярод унукаў – як добры настаўнік, дзядуля стараецца навучыць яго ўсяму, што спасціг сам, і дапамагчы ў развіцці творчых здольнасцей.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *