Профессию военного осваивает кадет Евгений Макаревич из Докшиц


img_1516Напэўна, кожны хлопчык у дзяцінстве марыць стаць ваенным. Толькі чамусьці некаторыя з дасягненнем прызыўнога ўзросту шукаюць прычыны, каб не ісці служыць Айчыне. Але ёсць і такія, якія, ідучы за марай, мэтанакіравана мяняюць звычайны ўклад жыцця на ваенны нават далёка да дасягнення свайго паўналецця. Як, напрыклад, Яўген Макарэвіч (на здымку). На сённяшні дзень юнак – кадэт 9 класа Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча. 

– Паступіў у навучальную ўстанову пасля сёмага класа, – расказвае Жэня. – Заўсёды цікавіўся жыццём кадэтаў і сувораўцаў. Шмат чытаў пра іх, глядзеў фільмы і ўяўляў сябе ў форме. Аднойчы пазнаёміўся з хлопчыкам, які вучыўся ў кадэцкім вучылішчы. Распытаўшы, што і як, стаў рыхтавацца, каб таксама трапіць туды. Сярод патрабаванняў, акрамя добрых ведаў, абавязковай з’яўляецца годная фізічная падрыхтоўка. Але самае складанае не гэта. Цяжэй за ўсё было выпрасіць дазвол у мамы, якая ніяк не магла змірыцца з тым, што я ў дванаццаць гадоў павінен буду стаць самастойным.
Школьнае жыццё кадэтаў нічым не адрозніваецца ад звычайнага: тыя ж заняткі па 45 хвілін і перапынкі. Калі толькі больш факультатываў па ваеннай падрыхтоўцы і шматлікія спартыўныя секцыі. Кожныя выхадныя юнакам дазваляецца наведаць бацькоў. Ёсць нават канікулы, як у школе. Жывуць кадэты ў інтэрнаце, па 6-8 чалавек у пакоі. Цёпла, утульна. Харчуюцца ў сталовай чатыры разы на дзень. Нават у такім, на першы погляд, напружаным рэжыме ў кадэтаў ёсць час на развіццё сваіх здольнасцей. Напрыклад, Жэня адкрыў у сабе талент мастака – малюе сценгазеты і плакаты, дапамагае ў афармленні сцэны да розных святаў. Акрамя гэтага, спявае ў кадэцкім хоры, разам з удзельнікамі якога сёлета адпачываў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.
– Мы сталі ўдзельнікамі грамадзянска-патрыятычнай кадэцкай змены навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “За гонар Айчыны”, – распавядае Яўген. – У нашым атрадзе былі кадэты з Якуціі, з якімі мы вельмі пасябравалі. Змена была дужа насычаная цікавымі конкурсамі, спаборніцтвамі, выставамі, экскурсіямі.
Бываючы дома на выхадных, актыўны і дапытлівы юнак Яўген Макарэвіч паспявае не толькі сустрэцца са школьнымі сябрамі, але і абавязкова наведаць нядзельную школу, бо лічыць, што духоўнасць – неад’емная частка ў выхаванні сапраўднага кадэта.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *