Докшицкая районка отпраздновала 75-летний юбилей!

img_0486“Родныя вытокі” адсвяткавалі ў пятніцу 75-гадовы юбілей, а ў панядзелак мы ўжо пачалі вярстаць чарговы нумар газеты. Яго вырашылі пачаць са справаздачы, каб той, хто па нейкіх прычынах не змог наведаць у гэты дзень ККЗ “Іскра”, хаця б крышачку ўявіў, як там было. Дарэчы, у бліжэйшы час на сайце “Родных вытокаў” www.dokshitsy.by з’явіцца відэаверсія свята.


Свабодных месцаў у зале былі адзінкі, чым мы вельмі і вельмі ганарымся: значыць, любіць нас чытач, калі прыйшоў да нас на свята. Вельмі чакалі ветэранаў, і яны парадавалі нас сваёй прысутнасцю. Прыемна было ўручаць кветкі былым супрацоўнікам: галоўнаму рэдактару Мікалаю Аўтуху, адказнаму сакратару Ганне Жоўтка, галоўным бухгалтарам Наталлі Касцюк і Марыі Баброўскай, карэспандэнту Таццяне Шульгат, фотакарэспандэнту Васілю Кажамячонку, карэктарам Людміле Малевіч і Людміле Шкелка, аператару вёрсткі Валянціне Парневіч, друкарам Ніне Азямблоўскай і Ніне Модаль.
Гістарычны ракурс газетнай справы асвяціў відэафільм, другая частка якога пад назвай “Аперацыя “ў”, або Прыгоды роднавытокаўцаў” была пабудавана ў выглядзе гумарыстычных замалёвак з сённяшняга жыцця рэдакцыі. Сама ўрачыстасць праходзіла ў выглядзе “жывой” газеты.
Першая, афіцыйная, паласа пачалася з прывітальнага слова галоўнага рэдактара Аляксандра Варанковіча, які коратка спыніўся на дні сённяшнім. Вялікую ролю газеты ў інфармаванні насельніцтва, яе прапагандысцкую ролю ў рашэнні агульнаграмадскіх і агульначалавечых праблем адзначыла ў сваім прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Багатую гісторыю выдання, яго актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна закранула ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пётр Гнуценка паведаміў пра тое, якое дастойнае месца займае газета Докшыцкага раёна сярод абласных выданняў, у тым ліку і Інтэрнэт-рэсурсаў.
Шэраг работнікаў рэдакцыі і ветэранаў працы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў, Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным і культурным жыцці раёна ўзнагароджаны галоўны рэдактар Аляксандр Варанковіч. Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта – вадзіцель Вячаслаў Чарвінскі. Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта атрымала ветэран працы, былы галоўны бухгалтар Марыя Баброўская. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама адзначана шматгадовая добрасумленная праца адказнага сакратара Тамары Альшэўскай, загадчыка аддзела сацыяльных праблем Наталлі Сташэвіч, галоўнага бухгалтара Таццяны Гапанёнак. Ганаровыя граматы Саюза журналістаў за плённую працу ў СМІ былі ўручаны карэспандэнтам Таццяне Падбярэзкай і Таццяне Саковіч, былому галоўнаму рэдактару Мікалаю Аўтуху і былому адказнаму сакратару Ганне Жоўтка. Актыўнае супрацоўніцтва з прафсаюзам загадчыка аграпрамаддзела Алены Несцяронак, карэспандэнта Яўгеніі Малевіч, старшага аператара вёрсткі Яўгена Кадацкага было адзначана Ганаровай граматай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, загадчыка аддзела сацыяльных праблем Наталлі Сташэвіч і тэхработніка Людмілы Дук – Граматай раённай арганізацыі.

Ушанаванне творчых работнікаў прадоўжылася ў старонцы “Творчасць. Прыгажосць. Гармонія”, галоўным “матэрыялам” якой было ўручэнне прафесійнай узнагароды “Ліцера”. У намінацыі “Улада. Палітыка. Аналітыка” яе ўладальніцай стала Тамара Альшэўская, у намінацыі “Аналіз. Логіка. Эканоміка” – Наталля Сташэвіч. Узнагароду ў намінацыі “І слова лечыць” узяла Алена Несцяронак, “Творчасць. Прыгажосць. Гармонія” – Яўгенія Малевіч. Супрацоўніцтва з МНС стала падставай для ўручэння ўзнагароды ў намінацыі “За бяспеку разам” Таццяне Падбярэзкай, а работа па стварэнні відэаролікаў – Таццяне Саковіч у намінацыі “Сам сабе рэжысёр”. Творчая работа Яўгена Кадацкага ацэнена ў намінацыі “Віртуоз Бай”.
Прэміі ўручалі дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар завода “Ветразь” Анатоль Сіўко, дырэктар філіяла “Докшыцыводаканал” Андрэй Шнітко, намеснік начальніка ўпраўлення цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, навуковы рэдактар часопіса “Папярэдняе расследаванне” Юрый Камянецкі, начальнік РАУС Сяргей Каралевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валянцін Баравікоў, дырэктар Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч.
Вельмі маляўнічай, творчай, вясёлай, багатай на сюрпрызы і падарункі атрымалася віншавальная старонка. Калектыў раённай газеты блаславілі на далейшую плённую працу прадстаўнікі духавенства протаіерэй Георгій Мялешка і айцец Алег Вайцяховіч. Да нашай вялікай радасці прыехалі з віншаваннямі калегі па пяру з Пастаў і Браслава. Не прамінулі падзякаваць рэдакцыі за цеснае супрацоўніцтва старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ядзвіга Шульгат, начальнік райаддзела Следчага камітэта Уладзімір Вішнеўскі, галоўны інжынер хлебазавода Андрэй Высокіх, прадпрымальнік Франц Камянецкі, начальнік РЭС Мікалай Ючкавіч, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Святлана Шышла. Юрый Камянецкі для СМІ сваёй малой радзімы прывёз прывітальны адрас старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Івана Наскевіча і падарыў гістарычны рарытэт – аднаасобнік раённай газеты “Ленінская праўда” за 1 студзеня 1946 года!
Вельмі ўразілі шматлікіх гледачоў, юбіляраў і гасцей свята музычна-паэтычныя віншаванні народнага ансамбля “Раніца”, народнага хору “Залатыя гады”. Калектыў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага так пастараўся, што нават узяў “віншавальнае інтэрв’ю” ў знакамітых людзей, у тым ліку і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Майстры Цэнтра дзяцей і моладзі “пашылі” строі, матэрыялам для якіх сталі газетныя лісты, а выхаванцы прадэманстравалі іх на сцэне ў час дэфіле.
Героямі старонкі “Творчая гасцёўня” сталі пераможцы творчага конкурсу “Я люблю “Родныя вытокі”. Граматы і падарункі ў паэтычным конкурсе атрымалі: за трэцяе месца Ала Юркова, за другое – Ніна Мілюкова. Пераможцай стала Ірына Сясіцкая. Лепшым фота прызнана работа Галіны Дземянковай.
Дыпломамі і каштоўнымі падарункамі адзначаны намаганні нашых верных сяброў – паштальёнаў. Больш за ўсіх падпісала людзей на “Родныя вытокі” Марына Каляга, на другім месцы – Ганна Жарына, на трэцім – Алена Жук.
Вельмі ўпрыгожылі свята музычныя віншаванні салістаў народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Валянціна Салаўёва, Андрэя Чабана, Аляксандра Яцыны, дзіцячых вакальных калектываў “Тоніка” і “Пацеркі”.
Завяршылі ўрачыстасць мы самі калектыўным выкананнем гімна журналістаў, словы да якога напісала рэдакцыйная паэтка Алена Несцяронак, а музыку з вядомага кінафільма “Карнавальная ноч” пазычылі ў кампазітара Анатоля Лепіна. Атрымалася здорава!

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *