Мастер Докшицкого Дома ремёсел Татьяна Мартинович стала участницей Дней культуры Беларуси в Арабских Эмиратах

martinovich1Майстар Докшыцкага Дома рамёстваў Таццяна Марціновіч стала ўдзельніцай Дзён культуры Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Такую магчымасць прадставіў ёй Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, членам якога з’яўляецца майстрыха.
Імя метадыста Докшыцкага дома рамёстваў Таццяны Марціновіч даўно добра вядома далёка за межамі нашага раёна. Вось ужо 24 гады яна займаецца адраджэннем і зберажэннем традыцыйных рамёстваў. За гэты час неаднаразова станавілася пераможцам розных фестываляў і конкурсаў. Адзін час была дзяржаўным стыпендыянтам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ўзнагароджана прэміяй Віцебскага аблвыканкама.
Творчасцю Таццяна захаплялася з дзяцінства, бо нарадзілася ў сям’і, усе члены якой мелі “залатыя рукі”: дзядуля добра маляваў, бабуля – ткала, мама – шыла. Першую аплікацыю маленькая Танюшка зрабіла з выразаных з матулінай сукенкі кветак. Потым былі спробы зрабіць цацкі з гліны, якую знаходзіла на будоўлі дзіцячага садка ў роднай Крулеўшчыне. Таму ў бацькоў не было сумненняў, што дачка ў будучым абавязкова стане творчым чалавекам. Так яно і склалася.
Выдатныя веды па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Таццяна Марціновіч атрымала ў Віцебскім вышэйшым прафесійным вучылішчы народных мастацкіх рамёстваў, які скончыла з чырвоным дыпломам. Докшыцкі дом рамёстваў стаў першым месцам працы. У ім спрабавала сябе ў розных профілях, а калі дайшла да саломапляцення – зразумела, што гэтая яе. Тонкасцям у авалодванні беларускім золатам вучылася ў майстра Таццяны Махніст. Цяпер з задавальненнем сама вучыць удзельнікаў гуртка па саломапляценні, які дзейнічае пры Докшыцкім доме рамёстваў.
– Падарожжа ў далёкую і недасягальную для большасці з нас краіну стала сапраўдным падарункам лёсу, – дзеліцца ўражаннямі Таццяна. – Да цяперашняга не веру свайму шчасцю. Культурная праграма, прадстаўленая беларусамі ў Абу-Дабі, складалася з выступлення дзяржаўнага камернага аркестра Белдзяржфілармоніі, выстаў мастакоў Івановых і трох майстроў народнай творчасці. З беларускіх рамёстваў былі прадстаўлены разьбярства, чаканка, бісерапляценне і саломка. Мясцовыя жыхары вельмі цікавіліся вырабамі з так званага беларускага золата, бо для іх гэты матэрыял у навінку. Асабліва ім спадабаліся саламяныя лялькі і рознай формы капелюшы, якія яны тут жа з задавальненнем прымяралі на сябе. Чатыры дні ў гэтай вельмі прыгожай, дзіўнай краіне, якая ўражвае неверагоднай раскошай, праляцелі як адно імгненне, пакінуўшы ў памяці шчырасць і гасціннасць месцічаў. Адзін з іх па ўласнай ініцыятыве аплаціў экскурсіі беларускай дэлегацыі, і мы змаглі наведаць мячэць Шэйха Зайда – аднаго з самых грандыёзных збудаванняў Абу-Дабі.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *