Торжественные мероприятия, посвящённые 30-летию вывода советских войск из Афганистана, прошли в Докшицком районе

img_3778Урачыстасць, прысвечаная 30-годдзю вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана, адбылася ў райцэнтры. У ёй прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў.

– 30 гадоў аддзяляе нас ад таго памятнага дня, калі савецкія вой­скі пакінулі зямлю Афганістана, – сказаў падчас мітынгу-рэквіема старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Мы аддаём даніну павагі і выказваем словы ўдзячнасці воінам-інтэрнацыяналістам, якія сумленна і мужна выконвалі свой воінскі і грамадзянскі абавязак у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. Праз гэту вайну, якая доўжылася амаль дзесяць гадоў, прайшло звыш 700 тысяч ваеннаслужачых, з якіх больш за 30 тысяч беларусы. Сёння, ва ўмовах новых выклікаў сучаснасці, наша дзяржава высока цэніць ролю воінаў-афганцаў у выхаванні падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму, стойкасці і служэння Айчыне.
Пасля ўскладання кветак і вянкоў да помніка ў памяць аб загінулых на афганскай зямлі мерапрыемства мела працяг у ККЗ “Іскра”.
Воінаў-інтэрнацыяналістаў павіншавала старшыня раённага савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
– Мы памятаем і шануем усіх, хто прымаў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана, – падкрэсліла ў сваім выступленні Валянціна Юр’еўна. – Многія з іх па-ранейшаму ў страі. Яны працуюць, дапамагаюць падтрымліваць стабільнасць і спакой у краіне, на ўласным прыкладзе выхоўваюць любоў да Радзімы ў падрастаючага пакалення.
Старшыня райсавета пажадала ўсім мірнага неба, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і ўручыла ўзнагароды. За значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі з 30-годдзем вываду савецкіх войскаў з Афганістана Ганаровую грамату райвыканкама атрымаў былы воін-інтэрнацыяналіст Мікалай Рошчупкін. За актыўную грамадскую дзейнасць у складзе РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны ветэран Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Валерый Гмырак. Падзяку раённага Савета дэпутатаў атрымаў старшыня РА ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі, Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – Аляксандр Стульба, нагрудны знак “За заслугі” І ступені – дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Дзмітрый Каляга.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджаны юбілейны медаль “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана”, якім на свяце былі ўзнагароджаны 53 воіны-інтэрнацыяналісты.
Памяць пра тых, каму не наканавана было вярнуцца дадому жывымі, прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Завяршылася ўрачыстасць канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры.
Памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў жыве ў сэрцах беларусаў. Мемарыялаў, помнікаў, музеяў, куткоў памяці, прысвечаных нашым суайчыннікам, якія з гонарам і годнасцю выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, становіцца ўсё больш. А значэнне подзвігу, здзейсненага героямі афганскай вайны, з гадамі ўсведамляецца глыбей.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *