Фаина Михневич из Докшицкого района присвятила медицине 50 лет

img_6944Сёлетні Дзень медыцынскіх работнікаў для старшай медсястры фізіятэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Фаіны Міхневіч – юбілейны. Вось ужо 50 гадоў, як яна знаходзіцца на варце аховы здароўя.
Пра гэту абаяльную жанчыну, уважлівую медсястру неаднаразова даводзілася чуць ад пацыентаў толькі самыя шчырыя і цёплыя словы. Многія наведвальнікі аддзялення сцвярджаюць, што калі працэдура праходзіць пад наглядам Фаіны Віктараўны, якая заўсёды дасць параду, падтрымае добрым словам, то і боль адступіць намнога хутчэй.
Сёння старшая медсястра не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі. Прыкіпела да яе, як кажуць, і сэрцам, і душой. Хаця пасля заканчэння школы рыхтавалася да паступлення зусім у іншую ўстанову.
– Вучылася вельмі добра і марыла быць педагогам, – прыгадвае Фаіна Віктараўна. – Выдатна валодала нямецкай мовай і свабодна на ёй размаўляла. Але лёс распарадзіўся інакш. Амаль перад самай падачай дакументаў захварэла. Трэба было тэрмінова рабіць аперацыю. Пасля, як выпісалася з бальніцы, зразумела, што ў педагагічны інстытут ужо не паспяваю. Тады малодшая сястра ўгаварыла паступаць у Полацкае медвучылішча. З цяжкасцю, але я пагадзілася, аб чым зараз ніколькі не шкадую.
У 1969 годзе маладога спецыяліста размеркавалі ў Докшыцкую ЦРБ, дзе першыя дзесяць гадоў працавала фельчарам “хуткай” дапамогі. Калі ж нарадзіліся дзеці, Фаіна Віктараўна перавялася медсястрой ў паліклініку – у кабінет тэрапеўта. І ўсё ж такі найбольш працяглы час працуе ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні.
Штодзень яго наведваюць больш за сто чалавек. Тут пацыенты атрымліваюць працэдуры, якія дапаўняюць асноўнае лячэнне і спрыяюць больш хуткаму выздараўленню, а таксама маюць важнае значэнне ў прафілактыцы пэўных хвароб. Фізіятэрапія, па словах старшай медсястры, – адзін з даўніх лячэбных і прафілактычных накірункаў у медыцыне. Яна прымяняецца як самастойна, так і ў спалучэнні з іншымі спосабамі лячэння. Побач з традыцыйнымі УВЧ-тэрапіяй, магніта- і ультрагукавой тэрапіяй, святло- і парафіналячэннем, масажам, які даўно паспяхова зарэкамендаваў сябе, ёсць і навінкі, што адразу прыйшліся даспадобы пацыентам. У тым ліку з-за высокай эфектыўнасці ўздзеяння, амаль што адсутнасці пабочных эфектаў і нязначнымі супрацьпаказаннямі. У першую чаргу, лазератэрапія, эфектыўнасць якой Фаіна Міхневіч падкрэслівае асабліва.
Уменне знайсці кантакт з пацыентам – адно з галоўных у рабоце медперсаналу. Малых забаўляюць цацкамі, для дарослых знаходзяць словы, якія падбадзёраць, раскажуць пра ўплыў працэдур на арганізм, сочаць за станам пацыента, цікавяцца, наколькі камфортна ён сябе адчувае.
– З калектывам, дзе працую, вельмі пашанцавала, – гаворыць Фаіна Віктараўна, – бо побач працуюць адданыя сваёй прафесіі людзі. Гэта медыцынскія сёстры, дарэчы, усе тры – Святланы: Касцюковіч, Каляга і Кавалёнак. Пацыенты з задавальненнем запісваюцца на масаж да Эдуарда Далжука, Таццяны Варэннікавай, Жанны Гушчык і Жанны Бялюк. Павагі заслугоўваюць і нашы санітаркі.
Калі хто жадае паправіць здароўе, а магчыма, умацаваць імунітэт і амаладзіцца, – накіроўвайцеся ў аддзяленне фізіятэрапіі. Тут паклапоцяцца, каб працэдуры прынеслі карысць і, што немалаважна, добры настрой.
НА ЗДЫМКУ: старшая медсястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Фаіна Міхневіч праводзіць сеанс магнітатэрапіі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *