В рамках Недели устойчивой энергии в Докшицком районе прошел мониторинг полигонов

img_7086Асноўным спосабам абясшкоджвання адкідаў у нашым раёне з’яўляецца іх складаванне на спецыяльна абсталяваных палігонах, якія з’яўляюцца часткай геалагічнага асяроддзя і патрабуюць пастаяннага кантролю з боку спецыялістаў. Намеснік начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Таццяна Клігус, в.а. начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Малаш, майстар цэха пераапрацоўкі Вячаслаў Ючкавіч і карэспандэнт “РВ” днямі правялі маніторынг палігонаў раёна. Ён быў накіраваны на праверку ліквідацыі парушэнняў, якія былі выяўлены абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў красавіку бягучага года.

Міні-палігон Туркі, які быў адным з самых зручных месцаў для складавання адкідаў, бо знаходзіцца паблізу ад райцэнтра, рэкультываваны па прычыне наяўнасці жылога дома паблізу палігона. Зараз яго тэрыторыя цалкам ачышчана ад адкідаў, абнесена пясчаным валам. Пад’езд да палігона закрыты. Па-ранейшаму застаецца актуальным пытанне засмечанай тэрыторыі кар’ера, якая прылягае да прыбранага палігона. Кантраст відавочны. Па словах спецыяліста прыродаахоўнай службы Віктара Малаша, пытанне ачышчэння кар’ера патрабуе хуткага вырашэння. Тым часам куча адкідаў толькі павялічваецца. Чалавечая абыякавасць да захавання прыроды прыводзіць да таго, што многія вывозяць смецце з дому, кідаюць яго ў бліжэйшай канаве, не думаючы, што тым самым яны не прыбралі, а разнеслі свой бруд па зямлі.
Міні-палігон Заборцы сустрэў сумнай карцінай: асобныя кучкі смецця чакалі, каб хто заняўся іх сартаваннем. Але для гэтага не хапае рабочых рук. У Замошшы сітуацыя весялейшая. Тут змагаецца са смеццем трыа жанчын-працаўніц на чале з перадавой рабочай па адборы другасных рэсурсаў Аксанай Золінай. Звычайна на гэтым палігоне задзейнічаны дзве работніцы, аднак сёння справа ідзе крыху хутчэй: на дапамогу выдзелілі чалавека з біржы працы. Аднак, прызнаюцца, што пасля знаходжання пад адкрытым сонцам ужо прыйшлося збіваць ціск новай работніцы. Ні на адным з палігонаў няма лініі сартавання, таму рабочыя ўсё смецце раздзяляюць уручную. Па іх словах, тыя дзве невялічкія групы пакетаў з пластыкам, паперай і шклом, якія стаялі асобна ад суцэльнай кучы смецця, удалося сабраць за два дні працы. Такая работа павінна мець і адпаведную плату. Аднак жанчыны стараюцца не маркоціцца. Яны імкнуцца перабраць як мага больш аб’ёмаў адкідаў, каб выканаць план і атрымаць які-ніякі дадатак да зарплаты .
У Рабінавік мы трапілі ў поўдзень. Сонца пякло няшчадна, і ў эпіцэнтры сметніка знаходзіцца было проста немагчыма. Думка пра тое, што ў такіх умовах павінны працаваць людзі, выклікала непаразуменне. Без рэспіратараў і спецвопраткі яны павінны калупацца ў смуродным смецці, сярод якога шмат травы і гаспадарчых адходаў, якія павінны ісці на кампост, а не станавіцца асновай адкідаў на палігонах. Тым часам спецыяліст прыродаахоўнай службы, які паспеў абысці тэрыторыю, падкрэсліў, што праблема забруджвання прылеглай тэрыторыі працягвае заставацца актуальнай. Пакуль на палігонах адбываецца кругазварот смецця, жывёлы і птушкі будуць разносіць яго па лесе.
Тэрыторыя палігона ў Бягомлі прыемна парадавала. Абнесеная плотам, добра абкапаная і акружаная лесам, яна здалёк нагадвала нейкае дзіўнае запаветнае месца. Падыходзім бліжэй, і нос пачаў улоўліваць знаёмы з папярэдніх палігонаў смуродны пах адкідаў. І перад намі адкрылася апакаліптычная карціна, у якой і на першым, і на заднім планах было смецце. Дзесьці часткова перабранае, дзесьці толькі што высыпанае, яно апанавала ўсю прастору палігона. Разнародныя па складзе адкіды, кантактуючы з асяроддзем, пачынаюць змяняцца хімічна, выдзяляючы шкодныя злучэнні ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. На тэрыторыі палігона адсутнічаў дэзраствор для дэзваннаў, што таксама было адзначана Віктарам Малашом як недахоп у эксплуатацыі палігона.
Маніторынг паказаў, што парушэнні, выяўленыя раней, у большасці сваёй ліквідаваны, аднак пытанні па-ранейшаму застаюцца.
“Смеццевая” праблема ў раёне застаецца вострай, бо нераздзеленае смецце, якое выкідваецца насельніцтвам, вылічаецца тысячамі тон. Ці можна як-небудзь вырашыць гэту сітуацыю? Верагодна, аднак для гэтага трэба кожнаму пачаць з сябе.
НА ЗДЫМКУ: на палігон Рабінавік выгружана чарговая «порцыя» смецця.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *