Гаспадарскі падыход
Наведацца ў вёску Паляне Параф’янаўскага сельсавета, падказаў чытач. Мужчына прачытаў артыкул пра добраўпарадкаванне ў вёсках і патэлефанаваў у рэдакцыю. Расказаў, што быў з жонкай на радзіме яе бацькоў у вёсцы Паляне і парадаваўся за мясцовую ўладу, якая здолела навесці там парадак.
І вось яны Паляне: невялічкі населены пункт з адзінай вузенькай вясковай вуліцай. Засталося ў ім 15 двароў, у якіх пражываюць 23 чалавекі. Нязвыкла адсутнасць кінутых сядзіб, трухлявых хат з напаўразбуранымі хлявамі. Пра тое, што хаты без гаспадароў тут, як і ўсюды, усё ж такі былі, можна здагадацца па пустых месцах паміж жылымі дамамі. Толькі яны не зарослыя хмызняком, як звычайна, а акуратна абараныя. Што і казаць, гаспадарскі падыход да навядзення парадку на зямлі (на здымку).
– Адзін сельвыканкам не зрабіў бы нічога, каб не дапамога дырэктара ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Мікалая Шульгата, – сказала ў адказ на наша пытанне старшыня Параф’янаўскага сельвыканкама Галіна Азарэвіч. – У яго вялікая гаспадарка, шмат праблем і абавязкаў, таму і ўзлуецца, бывае, калі пачынаю настойваць. Але гэта чалавек-гаспадар – калі ўжо бярэцца за справу, то абавязкова зробіць яе так, як трэба. Велічыні нашай удзячнасці яму не перадаць словамі.
У Палянях без малога два гектары прысядзібных участкаў сёлетняй вясной уключаны ў агульны масіў. Гэта дзевяць былых сялянскіх сядзіб. Спадчыннікаў сельвыканкам спачатку шукаў, потым па тэлефоне нагадваў ім пра абавязкі наконт утрымання спадчыннасці ў патрэбным стане, затым пісаў прадпісанні. Нарэшце, яны самі адмовіліся ад прэтэнзій на сядзібы, бо зразумелі, што даглядаць іх так, як патрабуе закон, яны не ў стане, а мясцовая ўлада ім патураць у гэтым не будзе. Акрамя кінутых сядзіб, райаграсэрвіс раскарчаваў і абараў яшчэ некалькі хмызнякоў у наваколлі. Зараз поле роўнае, прыгожае, з Паляняў бачна Альхоўка. Па контурнасці палёў абшары гэтага сельгаспрадпрыемства ўсё больш нагадваюць прасторы ААТ “Таргуны”. У свой час, калі тагачасны старшыня У.М. Новікаў пачаў там работу па стварэнню чыстых палёў, таксама былі і абурэнні, і скаргі наконт таго, што абаралі з дзяцінства любімы лужок, выразалі гаёчак, што быў пасярод нівы, прыбралі крушню, дзе малыя збіралі суніцы. Родныя мясціны заўсёды мілыя менавіта такімі вобразамі, але ж жыццё не стаіць на месцы, яго развіццё – ў руху наперад, у час якога абавязкова прыходзіцца чымсьці ахвяраваць. Сучаснай магутнай шматзахватнай тэхніцы патрэбны прастор вялікіх плошчаў і там, дзе на латках палёў раней соўгаліся тры-чатыры трактары, сёння шчыруе адзін прыгажун “Беларус 30-22”.
Наступным населеным пунктам, дзе плануецца навесці парадак, як у Палянях, будзе вёска Струкі. Хат з праваленымі дахамі, акрамя аднаго пажарышча, у ёй і зараз няма. Бачна, што і тут таксама са спадчыннікамі сур’ёзна працуюць, але на падмурках разабраных раней дамоў, вядома ж, ужо пусціліся ў рост крапіва ды хмызняк, хаця летась усе гэтыя сядзібы былі абкошаны і прыбраны шэфамі з Параф’янаўскага лясніцтва. Зразумела, што нічога не зменіцца, пакуль былыя прысядзібныя ўчасткі разам з падмуркамі не будуць абараны, як у Палянях. Гэта яшчэ адзін доказ на карысць правільна выбранай тактыкі працы з кінутымі сядзібамі Параф’янаўскім сельвыканкамам разам з райаграсэрвісам.
Фота А. Варанковіча.