Праздник черники прошел в деревне Березино Докшицкого района

a-985Яно прайшло сёлета ў Бярэзінскім сельсавеце ў чацвёрты раз. У наш век шматканальнага тэлебачання, Інтэрнэта, даступнасці любога роду інфармацыі людзі сталі вельмі патрабавальнымі да мерапрыемстваў, скажам так, мясцовага маштабу: арганізатарам іх увесь час

патрэбна здзіўляць гледачоў, знаходзіць новыя метады і прыёмы, захапляць нетрадыцыйным падыходам. У работнікаў Бярэзінскага клуба-бібліятэкі гэта атрымліваецца, і сведчаннем таму былі не толькі шматлюднасць на свяце, але і настрой, які панаваў сярод месцічаў: вяскоўцы з задавальненнем падпявалі артыстам, шчыра і доўга апладзіравалі, танцавалі і ўдзельнічалі ў віктарынах і конкурсах. Паспрыяла і надвор’е: нядзельны вечар быў ціхім, цёплым, асветленым мяккім ружовым праменнем сонца, што хілілася да захаду.
Па традыцыі ж свята пачалося яшчэ зранку з чарнічнага марафону, падчас якога бярэзінцы спаборнічалі ў хуткасці збірання ягад, якімі сёлета лясы ў раёне з-за чэрвеньскай спёкі радуюць не паўсюдна. Чарнічны ж край застаўся верным сабе, і для вопытных збіральнікаў смачных і карысных ягад не склала цяжкасцей у запаветных мясцінках набраць іх немалую колькасць. Трое пераможцаў — Людміла Апенка, Алена Бандарэнка і Кацярына Міхаль — атрымалі ўвечары ад Гаспадыні лесу, ролю якой выконвала Людміла Дудко, за свае старанні прызы – новенькія прыгожыя вёдры для яшчэ большага натхнення ў зборы чарнічнага ўраджаю.
У праграме свята, акрамя музычных нумароў, былі тэматычныя віктарыны, цікавая інфармацыя пра лекавыя ўласцівасці чарніц, “Кошык добрых пажаданняў” (здымак 1), а таксама сумеснае прыгатаванне варэння “Асарці сяброўства”. Асновай салодкай стравы былі, зразумела, бярэзінскія чарніцы, а вось іншыя ягады – маліны, вішні, чорныя і чырвоныя парэчкі, агрэст – прывезлі з Пруднікаў, Таргуноў, Порплішча, Параф’янава, Валкалат. Гатавалася смаката на вогнішчы (здымак 2), і ўсе ахвотныя маглі пачаставацца a-1013ёю з блінамі. Паспрабаваць на свяце можна было не толькі традыцыйныя салодкасці тыпу цукровай ваты, але і больш “фундаментальныя” стравы. Бярэзінец Мікалай Сяцко смажыў шашлыкі, апетыт сваім водарам выклікала духмяная крыпульская юшка.
Вакальным майстэрствам парадавалі дзве юныя салісткі – Марыя Апенка і Паліна Храмёнак, у выкананні якіх асабліва задорна гучалі жартоўныя прыпеўкі пра чарніцы. Шквалам апладысментаў сустракалі гледачы ўдзельнікаў вакальнай групы “Бярэзінка”, створанай напачатку года. У ёй заспявалі жанчыны, якія, дзякуючы маладому імпэту і жыццялюбству, здаецца, непадуладныя ўзросту: Лідзія Хоміч, Галіна Сяцко, Ніна Пашкевіч, Надзея Бабіч, Марына Самсановіч, Лілія Казлоўская і Валянціна Кургей. Свае непаўторныя ноткі ўнеслі ў свята салісты Алена Паўлоўская, Аляксандр Бацэка, Мікалай Кургей.
Адзіная, як гаворыцца, лыжка дзёгцю ў бочцы з мёдам – гэта тое, што ў цудоўным маляўнічым кутку Докшыччыны, дзе людзі гавораць няхай сабе не на чыстай літаратурнай, але ж, як і ўсюды ў нашых вёсках, на беларускай мове, а работнікі клуба-бібліятэкі ўвогуле выдатна ёю валодаюць, дзе такія прыгожыя назвы вёсак, – адна Чарнічка чаго варта! – свята праводзілася чамусьці на рускай мове. Беларуская – сакавітая, напеўная, родная – гучала толькі ў песнях, вершах ды жартах народнага ансамбля песні “Прызбачка” з Валкалат, гасцей фестывалю. Падаецца, што, калі выправіць у далейшым гэту памылку, цудоўнае бярэзінскае свята толькі выйграе, стане па-сапраўднаму мясцовым, адметным, цёплым.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *