ООО «Простой лизинг» чуть не оставил докшичанку без штанов

lizingГісторыя гэта адбылася з адной маёй знаёмай, якая папрасіла называць сябе не іначай, як дурніца, бо лічыць, што іншыя людзі ў падобныя сітуацыі не трапляюць.

Адным суботнім ранкам у дзверы яе кватэры пастукаў паштальён: працягнуў заказны ліст на яе імя, атрымаў подпіс і хутка знік, кінуўшы на развітанне “добрага дня”. Аднак пажаданне гэта не спраўдзілася: як толькі Аксана адкрыла канверт і хуценька азнаёмілася з яго змесцівам, пра добры настрой прыйшлося забыцца аж на некалькі тыдняў.
“Нечаканачка” выйшла
“Ліст шчасця” прыйшоў ад ТАА “Просты лізінг”. Знаёмая перачытвала яго зноў і зноў, і з кожным разам яе вочы станавіліся круглейшымі і ўсё больш спалоханымі. Што ж такога страшнага яна магла вычытаць?
“Паміж таварыствам з абмежаванай адказнасцю “Просты лізінг” і Лізінгаатрымальнікам быў заключаны дагавор фінансавай арэнды ад 27 снежня 2017 года, – значылася на бялюткай паперы. – У адпаведнасці з яго ўмовамі Вам быў прадстаўлены ў лізінг мабільны тэлефон”.
Далей указвалася, што былі парушаны ўмовы дагавора і прапушчаны пэўныя плацяжы ў вызначаны Лізінгадаўцам тэрмін. У выніку набегла пеня ў памеры 2700 рублёў. Калі знаёмая ўбачыла гэтую неверагодную суму, яе нібы токам ударыла. Сутаргава пачала прыгадваць тыя ўмовы, пры якіх гэты дагавор складаўся.
Пра “бясплатны” сыр і вітаміны для памяці
У снежні 2017-га яна была ў Мінску па рабоце і вырашыла купіць дачцэ падарунак на Новы год – смартфон, які тая даўно хацела. У “Еўрасеціве” было шмат мабільнікаў на любы густ. Выбраўшы аптымальны варыянт з добрай камерай і вялікім аб’ёмам памяці, прыйшла на касу, дзе ёй прапанавалі той самы лізінг: заключаем дагавор і тэлефон атрымліваеце адразу, без першага ўнёску. Кансультант хуценька раздрукавала ўсе патрэбныя паперкі, у якіх дробным шрыфтам значыліся правы і абавязкі абодвух бакоў. Так многа і нудна чытаць. Аксана прабеглася вачыма па тэксце і хуценька падпісала яго, прыкінуўшы, што працэнт пераплаты не самы маленькі, аднак сума пад’ёмная. Плаціла штомесячна, не прапускаючы. Аднак чаму ў лісце, дасланым праз паўтара гады, напісана іншае?
Пэўна, гэта нейкая памылка або проста “развод” для дурняў. Яна кінулася адшукваць квіткі аб аплаце, якія маглі за гэты час згубіцца або, увогуле, апынуцца на сметніку. На шчасце, нікуды яны не зніклі, а ляжалі разам з дагаворам сярод іншых дакументаў. Пералічыўшы квіткі, не паверыла сваім вачам – не хапала двух: за верасень і лістапад. Няўжо ўсё ж не заплаціла? Або проста не захаваліся квіткі? Не губляючы надзеі на лепшае, патэлефанавала па гарачым нумары АРІП. Назваўшы лічбы разліковага рахунка, атрымала пацверджанне таго, што два плацяжы ўсё ж не паступілі. Знаёмая разгубілася канчаткова і ніяк не магла пагадзіцца з тым фактам, што проста магла забыцца. Знерваваўшыся канчаткова, змірылася з тым, што такое магло адбыцца, тым больш столькі вады ўцякло, што дробязі пазамінулагодняга перыяду сцёрліся з памяці. Відавочна, трэба прапіць курс вітамінаў, каб больш ні пра што не забывацца!
Прыняцце віны і жаданне разабрацца
Прыняць віну было няпроста, тым больш праблема з’явілася нечакана як гром сярод яснага неба. Аднак Аксана ўзяла сябе ў рукі і яшчэ раз перачытала ліст. Акрамя інфармацыі пра штраф, які трэба было выплаціць у сямідзённы тэрмін, і завоблачную пеню, у лісце значылася каля дзясятка тэлефонаў для сувязі з таварыствам, аднак ні па адным з іх ніхто не адказаў. Знаёмая вырашыла ўпершыню прачытаць дагавор, у якім знайшла шмат цікавага.
Аказваецца, што за кожны пратэрмінаваны дзень аплаты быў прадугледжаны штраф у памеры 5 рублёў. Пры гэтым работнікі таварыства не павінны папярэджваць пра гэта. Жывеш ты, значыць, і нават не ведаеш, што дзесьці набягаюць вялікія штрафы за нязначную нявыплату, якую можна было б ліквідаваць хутка і без асаблівых наступстваў. Акрамя гэтага, за пропуск двух плацяжоў яшчэ і штраф у 20 працэнтаў ад кошту тавара прадугледжаны.
Вярнуўшыся дадому, Аксана пацікавілася, што гэта за “кантора” такая. Жанчына зайшла ў сеціва. Сайт таварыства аказаўся вельмі сціплым і ніякай інфармацыі не даў, аднак іншыя інтэрнэт-спасылкі вывелі знаёмую на “старонкі” з водгукамі людзей, якія таксама сталі ахвярамі “Простага лізінгу”. Іх гісторыі былі сугучнымі з Аксанінай, адрозніваліся толькі сумамі пені і тымі рашэннямі, якія былі прыняты ў выніку: адны імкнуліся хуценька ліквідаваць запазычанасці, другія збіраліся ісці ў суд, трэція проста ігнаравалі прэтэнзіі таварыства. Аксана выбрала мірны шлях вырашэння праблемы: здзейсніла два апошнія плацяжы, каб спыніць лічыльнік, які працягваў намотваць пеню.
Нібы камень зваліўся з плячэй маёй знаёмай, калі яна закрыла доўг, які вісеў амаль два гады. Заставаўся апошні крок: дазваніцца ў таварыства і канчаткова вырашыць гэта непаразуменне. Дазванілася, мабыць, з дзясятай спробы. Мужчына не назваў сябе, аднак даволі ветліва размаўляў з ёй і нібыта таксама быў гатовы паставіць кропку ў гэтай справе. Ён быў задаволены тым, што жанчына аператыўна ўнесла грошы на рахунак. Перайшлі да тэмы пені. Яна набліжалася ўжо да трох тысяч рублёў, аднак, дзякуючы Аксанінаму падыходу да сітуацыі, суразмоўца вырашыў пайсці насустрач.
Урэшце праблема вырашылася: Аксана атрымала “вольную” ў выглядзе чарговага ліста з адменай пені. Нервы сабе, канечне, папсавала, але навучылася ўважліва чытаць дакументы і захоўваць усе квіткі. Вітаміны для памяці таксама купіла. Так, на ўсялякі выпадак…
Таццяна САКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *