В докшицком лесничестве появляются новые объекты зелёного строительства

p1010657Некалькі апошніх гадоў у лясной галіне краіны актыўна рэалізуецца праграма па стварэнні ў кожным лясгасе дэндрапаркаў, а ў кожным лясніцтве — іх міні-аналагаў. Пра тое, як гэта работа арганізавана ў Бягомльскім лясгасе, мы пагутарылі з інжынерам па лесаўзнаўленні і лесамеліярацыі ўстановы Валянцінам Калягам.

– З якой мэтай ствараюцца так званыя аб’екты зялёнага будаўніцтва?
– Дэндрапаркі вырашаюць шэраг задач. У першую чаргу эстэтычна-выхаваўчую. Экскурсіі маладога пакалення па зялёных аб’ектах выхоўваюць беражлівыя адносіны да прыроды, павышаюць экалагічную адукаванасць, выклікаюць жвавы інтарэс да нашай прафесіі. Яшчэ гэта важны крок для далейшага добраўпарадкавання тэрыторыі лясгасаў і лясніцтваў. А сфарміраваныя ў дэндрарыях калекцыі раслін розных відаў дазваляюць стварыць выдатную базу, так званы матачнік для нарыхтоўкі насення і вегетатыўнага насеннага матэрыялу дзеля далейшай рэпрадукцыі з іх раслін у гадавальніку. Ну і ў будучым дэндрапаркі павінны спрыяць павышэнню даходнасці лясной гаспадаркі дзякуючы правядзенню экскурсій і мерапрыемстваў на іх тэрыторыі.
– Што звычайна высаджваецца ў міні-дэндрапарках і колькі іх у лясгасе?
– Аснова – гэта калекцыі рэдкіх хвойных і лісцевых дрэў, якія, відавочна, не сустракаюцца ў мясцовых прыродна-кліматычных умовах. Часта яны ўключаюць як новыя віды раслін, так і іх шматлікія дэкаратыўныя формы і гатункі. На тэрыторыі нашых лясніцтваў у розны час было створана 7 міні- і адзін дэндрапарк.
– У чым іх асаблівасць? Прывядзіце некалькі прыкладаў.
– Адзін з самых старэйшых – дэндрарый Параф’янаўскага лясніцтва. Ён быў закладзены ў 1997 годзе на тэрыторыі мясцовай школы. На плошчы 0,5 га маецца 37 відаў розных раслін, а ўсяго іх больш за 200. Апошнім часам там паднавілі сцежачную сетку, відавыя шыльды на рускай і лацінскай мовах, устанавілі новыя лаўкі. На працягу года вядзецца сезонны догляд у гэтым і ў астатніх міні-дэндрапарках. Самыя маладыя дэндрарыі былі створаны год таму ў Бягомльскім і два гады таму ў Бярозкаўскім лясніцтвах. Дарэчы, што тычыцца апошняга, то месца пад яго вызначалі сумесна з сельвыканкамам: дэндрарый заклалі каля мясцовай школы. Два гэтыя аб’екты, безумоўна, яшчэ патрабуюць вялікіх укладанняў і часу для таго, каб стаць сапраўды ўзорнымі.
Асноўным па памеры і колькасці раслін з’яўляецца дэндрапарк, які размешчаны на тэрыторыі Докшыцкага лясніцтва (на здымку). Яго агульная плошча 3,2 га, на ёй высаджана 855 раслін 60 відаў, 28 родаў і 45 формаў.

Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *