В Докшицах колодец ждёт, пока в него кто упадёт

dsc_0170Зараз людзі імкнуцца да камфорту. Вядуць водаправод у хаты, каб да калодзежа не хадзіць. Пазбаўляюцца ад печак, каб па дровах штогод галава не балела. Сядзяць сабе ў пакойчыках і носа на вуліцу не кажуць. А тым часам пад іх вокнамі аджываюць свой век закінутыя калодзежы, якія здаўна забяспечвалі вадой цэлыя вёскі. Якая смачная сцюдзёная калодзежная вада ў спякоту! І пра гэта людзі, пэўна, забыліся. У іншым выпадку не было б такіх сумных карцін, якія прыходзіцца назіраць у райцэнтры.
Літаральна за некалькі дзясяткаў крокаў ад касцёла, які і зімой, і ўлетку выглядае велічна і прыгожа, на вуліцы Пушкіна натыкнулася на стары калодзеж, які, было бачна здалёк, даўно перастаў выконваць сваё прамое прызначэнне. Не радуе ён стомленых падарожнікаў вадзіцай, а, наадварот, пужае сваім знешнім выглядам і прымушае мамачак моцна трымаць сваіх дзяцей за руку, праходзячы міма гэтага гідратэхнічнага збудавання. Частка калодзежнага даху выламана, унутр з усіх бакоў пачынае прарастаць вялікая крапіва. Ланцуг, на якім некалі вісела вядро, саржавеў. Выглядае ўсё гэта вельмі сумна.
Падышла бліжэй, зазірнула ўглыб і аж адскочыла, убачыўшы чорную бездань. Глыбіня калодзежа аказалася ўнушальнай, і той факт, што ў ім не было вады, не супакоіў. Трэба сказаць, што калодзеж знаходзіцца не адразу ля тратуара і не надта кідаецца ў вочы, аднак з’яўляецца даволі небяспечным. У райцэнтры ёсць яшчэ некалькі кало­дзежаў, аднак усе яны добраўпарадкаваны і надзейна закрыты ад залішне дапытлівай дзятвы. Дык, можа, трэба і гэты калодзеж зрабіць бяспечным, пакуль чаго не здарылася?
Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *