Проблемы подростковой преступности обсудили на семинаре в Докшицком районе

Ведаюць свае правы і абавязкі рабяты са школьнай агітбрыгады “ДНК”.

Ведаюць свае правы і абавязкі рабяты са школьнай агітбрыгады “ДНК”.

Папярэджанню і прафілактыцы падлеткавай злачыннасці быў прысвечаны міжведамасны семінар-пасяджэнне, які адбыўся на мінулым тыдні на базе СШ № 2 г. Докшыцы.
Яго ўдзельнікамі сталі намеснікі дырэктараў школ раёна па вучэбна-выхаваўчай рабоце, сацыяльныя педагогі і педагогі-псіхолагі, а таксама суб’екты прафілактыкі. Адкрыла семінар школьная агітбрыгада прававых ведаў “ДНК”, юнакі і дзяўчаты з якой расказалі, што добра ведаюць свае правы і абавязкі.
Сур’ёзны дыялог дарослых распачаўся з выступлення метадыста аддзела па адукацыі райвыканкама Вольгі Плыгаўка, якая расказала пра арганізацыю работы па прафілактыцы дзіцячай і падлеткавай злачыннасці ва ўстановах адукацыі.
— На 1 лістапада гэтага года ў раёне пражывае 4 136 дзяцей узростам да 18 гадоў, з іх 2 238 – навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, – паведаміла Вольга Віктараўна. – З гэтай колькасці 26 падлеткаў знаходзіцца на рознага віду ўліках. За дзевяць месяцаў бягучага года вучнямі школ раёна здзейснена 18 правапарушэнняў, што на шэсць менш у параўнанні з мінулагоднім перыядам. Найбольш распаўсюджанае – знаходжанне юнакоў і дзяўчат у начны час у грамадскіх месцах без суправаджэння бацькоў ці асоб, якія іх замяшчаюць. У мэтах актывізацыі прафілактычнай работы ў 2019 годзе ў раёне прыняты Комплекс мер па актывізацыі прафілактычнай работы і папярэджанні злачыннасці сярод так званых тынэйджараў. У яго рамках у школах актывізавалася работа па прававой адукацыі дзяцей і іх бацькоў, а таксама арганізацыі занятасці школьнікаў у вольны час.
Сёлета рабяты, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, удзельнічалі ў абласной спартакіядзе падлеткаў у Оршы, Дні адкрытых дзвярэй у Докшыцкім РАУС, занальнай сустрэчы абласной творчай акцыі КВЗ-2019 “Поры года” ў Полацку. Зараз праходзіць раённы конкурс фотаработ “Мой родны край”.
Шмат разнастайных цікавых мерапрыемстваў арганізуюць для падлеткаў супрацоўнікі РАНС і аддзялення ДАІ.
Безумоўна, дадзеная маштабная работа не будзе паўнавартаснай без удзелу бацькоў. Для гэтай мэты ў СШ № 1 г. Докшыцы функцыянуе бацькоўскі клуб “Садружнасць”, у Крулеўшчынскай СШ – школа для бацькоў “Паспяховая садружнасць”, для прыёмных бацькоў і выхавацеляў клуб “Пад бацькоўскім крылом”.
З лістапада гэтага года ва ўстановах адукацыі стартаваў раённы праект асацыяцыі “Перспектыва”, асноўная мэта якога – прафілактыка супрацьпраўных дзеянняў непаўналетніх з дапамогай працоўнай, экскурсійнай, фізкультурна­-аздараўленчай дзейнасці.

Па раёне агульны ахоп дзяцей занятасцю ў вольны час складае 99,4 працэнта (у 2018 годзе – 99,3 працэнта). Арганізавана работа 286 аб’яднанняў па інтарэсах.

Па выніках анкетавання падлеткаў выяўлена, што асноўнымі прычынамі супрацьпраўных дзеянняў тынэйджараў з’яўляюцца ўжыванне алкаголю і жаданне даказаць навакольным сваю значнасць; большасць рэспандэнтаў ад супрацьпраўных дзеянняў стрымліваюць выхаванне і засцярога ад пакарання; найбольш эфектыўнымі мерапрыемствамі па прафілактыцы правапарушэнняў школьнікі лічаць прыклады з рэальнага жыцця; у прапанове адкрыцця новых аб’яднанняў па інтарэсах падлеткі выказалі пажаданні мець секцыі па боксе, барацьбе, гімнастыцы, хакеі, стральбе, робата- і радыётэхніцы, кулінарыі.

Лепш папярэдзіць

Пра тое, што праблема падлеткаў-правапарушальнікаў у сучасным грамадстве адна з самых складаных і супярэчлівых, гаварыў на семінары старшы інспектар ІСН Сяргей Буката. Ён падкрэсліў, што, на жаль, не кожны падлетак усведамляе, што супрацьпраўныя дзеянні, якія ён здзяйсняе, вядуць да цяжкіх наступстваў. Не заўсёды трэба радавацца таму, што статыстыка сведчыць пра зніжэнне злачыннасці. Магчыма, пагоршылася выяўляльнасць. Напрыклад, апошнім часам знікла з вуліц падлеткавае п’янства. Але ж гэта не гарантыя, што яго няма ўвогуле. Таму вельмі важна, каб дарослыя не былі абыякавымі, калі бачаць кампанію юнакоў, якія, напрыклад, распіваюць спіртныя напіткі, і сігналізавалі пра гэта. Змяніліся ўмовы па прыцягненні да адказнасці бацькоў за невыкананне сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей. Цяпер адразу ўстанаўліваецца прычынна-выніковая сувязь здзяйснення правапарушэння. У выніку, калі ў мінулым годзе да адказнасці былі прыцягнуты 14 бацькоў, то сёлета – два.
Пра выкананне бацькоўскага доўгу ці, хутчэй, яго невыкананне, гаварыў урач-псіхіятр Докшыцкай ЦРБ Ігар Пасноў.
Таксама на семінары абмяркоўваліся пытанні прафілактыкі і папярэджання гвалту над дзецьмі і булінгу ў адукацыйным асяродку, арганізацыі актыўнай пазаўрочнай занятасці навучэнцаў, прычыны і выяўленне крызіснага стану падлеткаў, пра ролю ГА “БРСМ” у папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *