Докшицкий Центр детей и молодёжи отпраздновал золотой юбилей

Харэаграфічны калектыў ‘‘Сюрпрыз’’ разам з кіраўніком Аленай Насеннік.

Харэаграфічны калектыў ‘‘Сюрпрыз’’ разам з кіраўніком Аленай Насеннік.

У мінулыя выхадныя адзначыў свой залаты юбілей раённы Цэнтр дзяцей і моладзі. Урачыстасць адбылася ў ККЗ “Іскра”, дзе сабраліся ўсе, каго лёс звязаў у свой час з дзейнасцю гэтай установы адукацыі. 

Сваё існаванне райЦДіМ пачынаў у 1969 годзе з чатырох гурткоў – авіямадэльнага, танцавальнага, харавога, фотагуртка. Называўся ён тады Дом піянераў. На сённяшні дзень больш за тысячу дапытлівых і таленавітых дзяцей раёна з задавальненнем наведваюць 81 аб’яднанне па інтарэсах.
Менавіта пра гэта гаварыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. Яна адзначыла, што галоўнае дасягненне цэнтра – выхаванцы, якія спяшаюцца на заняткі не пад прымусам, а з вялікай радасцю і жаданнем навучыцца чамусьці новаму. А гэта заслуга ўсяго калектыву, паспяховая работа якога адзначана Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта. За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі раёна і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў, Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама атрымала дырэктар установы Святлана Януковіч, Падзяку раённага Савета дэпутатаў – настаўніца Ала Герко.

На прафесіяналізме, крэатыўнасці, творчасці, якія з’яўляюцца крыніцай аўтарытэту педагогаў дадатковай адукацыі, акцэнтавала ўвагу намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна. Яна ўручыла ўзнагароды настаўнікам цэнтра: Ганаровую грамату райвыканкама – Аляксандру Вайцяховічу, Падзяку – Таццяне Суднік, Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – Алене Насеннік. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама ўзнагароджаны настаўнікі Аляксандр Гапанёнак, Наталія Канцавая, Віта Савулава. Галіновы прафсаюз адзначыў актыўную дзейнасць настаўнікаў Аляксандра Вайцяховіча, Ганны Каральковай і Арцёма Стадольніка.
Асаблівыя словы падзякі прагучалі падчас мерапрыемства ў адрас ветэранаў працы, якія шмат увагі надавалі творчаму развіццю дзяцей. Ад іх імя выступіла былы дырэктар установы Тэрэза Урбан, пад кіраўніцтвам якой яна прайшла вялікі і плённы творчы шлях.
За 50 гадоў існавання Цэнтр дзяцей і моладзі набыў шмат добрых сяброў, якія завіталі на свята, каб раздзяліць радасць падзеі. Музычныя падарункі і цікавыя віншаванні падарылі педагагічныя калектывы, рэдакцыя газеты “Родныя вытокі” і Докшыцкая ДШМ, бацькі вучняў установы. Разбавіла афіцыёз праграмы сям’я нашых землякоў Ва­дзіма і Алены Кунцаў. Алена Мікалаеўна ў свой час працавала ў Доме піянераў, а зараз узначальвае Цэнтр дзяцей і моладзі г. Фаніпаля. Любімым педагогам відэапрывітанні даслалі былыя выхаванцы. Адна з іх – Вераніка Раманенкава, якая на сённяшні дзень з’яўляецца выкладчыкам кафедры беларускага народна-песеннага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, прыехала на свята і павіншавала юбіляраў песняй.
На працягу ўсёй урачыстасці з канцэртнымі нумарамі выступалі педагогі і выхаванцы Цэнтра дзяцей і моладзі.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *