Кто рыбачит на озере Сервечь в Докшицком районе?

Выратавальнікі папярэджваюць рыбакоў-экстрэмалаў: “На лёд выходзіць забаронена!

Выратавальнікі папярэджваюць рыбакоў-экстрэмалаў: “На лёд выходзіць забаронена!

Надвор’е ўсё ніяк не настроіцца на зімовы лад: то марозік схопіцца, то зноў слупок тэрмометра ўзнімецца. На гэтыя прыродныя акалічнасці, як паказала практыка, некаторыя рыбакі зусім не звяртаюць увагі і па-ранейшаму спяшаюцца на”зімовую” рыбалку. І няважна, што лёд на вадаёмах яшчэ вельмі небяспечны. Звычайна гэта і прыводзіць да трагедыі.
На жаль, спіс тых, хто сёлета загінуў у час зімовай рыбалкі, папоўніўся яшчэ адным чалавекам. У Расонскім раёне ў мінулую суботу праваліўся пад лёд 55-гадовы мужчына. Паведамленне пра гэта выратавальнікі атрымалі днём, прыкладна ў 11 гадзін. Праз гадзіну яго цела дасталі з вады.
Пра гэты выпадак расказаў старшыня раённай арганізацыі “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” Ігар Рагулька, разам з якім адправіліся ў рэйд па вадаёмах раёна супрацоўнік РАНС Дзмітрый Палачанін і карэспандэнт “РВ”.
– Часцей за ўсё гінуць вопытныя рыбакі, – зазначае Ігар Рагулька. – Яны ўпэўненыя ў сабе і сваіх сілах, менавіта таму і становяцца закладнікамі няштатных сітуацый. Звычайныя ж аматары рыбнай лоўлі больш асцярожныя, яны вывяраюць кожны крок.

Вось так бясстрашна рыбачаць на возеры Сэрвач, калі на дварэ “плюс”.

Вось так бясстрашна рыбачаць на возеры Сэрвач, калі на дварэ “плюс”.

Удзельнікі рэйду пад’ехалі да возера, што ў Янках, але ні каля берага, ні на самім вадаёме – ні душы.
– Пару дзён таму, – гаворыць Ігар Рагулька, – тут тапталіся дзеці. Трое хлопчыкаў, напэўна, ішлі са школы і вырашылі праверыць, ці моцны лёд. Прыйшлося патлумачыць ім, што гэта рабіць катэгарычна забараняецца. Ужо колькі разоў нагадваем дарослым: не пакідайце дзяцей без нагляду, а таксама не будзьце абыякавымі, калі бачыце, што на тонкі лёд выходзяць чыесьці дзеці, бо дастаткова ўсяго адной хвіліны, каб здарылася бяда.
Накіроўваемся ў бок Грабучага, а дакладней, да возера Сэрвач. Заўважыць на процілеглым беразе некалькіх рыбакоў спецыялістам дапамагае бінокль.
– Да возера яны заехалі з іншага боку, – каментуе пажарны інспектар Дзмітрый Палачанін. – Так зробім і мы.
Некалькі хвілін па нязручнай, гразкай сцяжыне, дзе ў дажджлівае надвор’е наўрад ці праедзе легкавушка, – і мы на месцы. Побач стаяць прыпаркаваныя два аўтамабілі, адзін з якіх пазадарожнік. Падыходзім бліжэй да вады. Убачыўшы “няпрошаных гасцей”, рыбаловы накіроўваюцца бліжэй да нас, і пачынаецца гутарка.
– Ці ведаеце, якая зараз таўшчыня лёду? – пытаюцца выратавальнікі.
– Дзесьці сем сантыметраў, – адказваюць рыбакі і крыху ўсміхаюцца, бо самі ж разумеюць, што лёд, быццам вафля, так і храбусціць пад нагамі.
– Камізэлька, вяроўка, іншыя сродкі для выратавання ёсць пры сабе? – працягва­юць дапытваць эктрэмалаў удзельнікі рэйду.
– Не, – ківаюць галовамі ўсе трое. – Ды навошта яны нам, тут жа глыбіня ўсяго метры два, не больш, – стараюцца запэўніць спецыялістаў глыбачане.
– Трываласць лёду правяраецца вельмі проста, – тлумачыць Дзмітрый Палачанін. – Трэба ўдарыць па ім шастом або калом. Калі пасля першага ж удару лёд прабіўся і паказалася вада – далей ісці ўжо нельга. Але і адступаць таксама трэба хітра: першыя крокі рабіце, не адрываючы падэшвы ад паверхні. Калі ж падручных сродкаў у вас няма, то сігналам аб небяспецы стане патрэскванне лёду пад нагой. Трываласць яго можна вызначыць і візуальна: пры разбурэнні лёд мае рыхлаватую кансістэнцыю і цемнаватае адценне.
– Як правіла, у гэты перыяд рыба ловіцца лепш, – гаворыць адзін з рыбакоў.
– Але пагоня за ўловам у такі час можа вельмі лёгка закончыцца ў лепшым выпадку купаннем у ледзяной вадзе, – папярэджваюць выратавальнікі.
– Усё разумеем, але ж хацелася апошнія дні парыбачыць, бо кажуць, маразы адваляцца, – усё не сунімаліся рыбакі.
Заглядаем у посуд, у які яны наскладалі свой улоў: небагата. Ці ж вартая тая парачка рыбін такога “палявання”, калі на кон пастаўлена жыццё чалавека?
Усе спадзяюцца на тое, што асабіста з імі нічога дрэннага не здарыцца, а чужая трагедыя – не прыклад. Толькі дарэмна.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *