Жители всего Докшицкого района ремонтируют бытовую и теле-радиотехнику у индивидуального предпринимателя Дмитрия Плюто

Сярод правадоў і прыбораў Дзмітрый Плюта як рыба ў вадзе.

Сярод правадоў і прыбораў Дзмітрый Плюта як рыба ў вадзе.

Майстэрні па рамонце складанай бытавой тэхнікі і тэлерадыёапаратуры заўжды  карыстаюцца попытам у насельніцтва. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца шматгадовая дзейнасць індывідуальнага прадпрымальніка Дзмітрыя ПЛЮТЫ, чые паслугі як майстра ў гэтай сферы вельмі запатрабаваныя.

Як вядома, здольнасці, талент чалавеку даюцца звыш, а вось ужо “не закапаць іх у зямлю”, а выкарыстаць на ўсю моц, зрабіць справай усяго жыцця – гэта трэба пастарацца. Не ў кожнага стае на тое сіл і цярпення. Працавіты ж і мэтанакіраваны Дзмітрый Плюта, ураджэнец аграгарадка Валкалаты, як прафесіянал, думаецца, заслугоўвае самай высокай ацэнкі, пра што сведчыць несканчоны паток кліентаў у яго сціплую, без еўрарамонту і неонавых шыльдаў майстэрню. Больш за тое, адзначае Дзмітрый Іосіфавіч, за шаснаццаць гадоў сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці ён ніколі і ніякім чынам сябе не рэкламаваў. Не мае ў тым патрэбы: заказаў заўжды столькі, што, каб выканаць іх, прыходзіцца працаваць і ў выхадныя дні.

З любога роду тэхнікай Дзмітрый “на ты” з дзяцінства. У складаным і таямнічым свеце мікрасхем, прыбораў і правадоў ён як рыба ў вадзе. Закончыў у 90-ыя Віцебскае прыборабудаўнічае вучылішча і дзесяцігоддзе адпрацаваў у Докшыцкім філіяле Віцебскага аб’яднанага гандлёвага цэнтра “Гарант”. З 2004 года пайшоў у “вольнае плаванне”. Займаецца рамонтам, як сам жартуе, усёй бытавой і радыётэхнікі, якая існуе ў прыродзе, за выключэннем халадзільнікаў і пральных машын. Не таму, што не кампетэнтны ў дадзенай справе, а таму, што калі возьмецца яшчэ і за гэту тэхніку, то ў майстэрні ўвогуле трэба будзе жыць.

9tzprmdlc

Зразумела, рамонтныя работы немагчымыя без дастаткова вялікага набору інструментаў і прылад. Якасныя, яны каштуюць нятанна. Штосьці, распавядае Дзмітрый Іосіфавіч, за столькі гадоў набывалася, а многае, ці не дзясяткі тры-чатыры прыбораў, зрабіў уласнаручна. Таму, зазначае, дыягностыка цяжкасцей не выклікае. Самыя вялікія праблемы ў рабоце – з набыццём запчастак, хаця ў майстра даўно наладжана супрацоўніцтва з фірмамі LG і Samsung.

– Аднак якасныя, пэўных еўрапейскіх брэндаў запчасткі часам ­каштуюць столькі, што чалавеку выгадней ­купіць новую рэч, чым адрамантаваць сапсаваную, – ­тлумачыць ён і ўздыхае: – Бывае не магу давесці кліенту, што мая задача выявіць няспраўнасць і ­ліквідаваць яе. А колькі адпрацуе больш танная дэталь з таго ж Кітая – якую я магу даць гарантыю? А яшчэ прыносяць рэчы, якія ўжо даўным-даўно зняты з вытворчасці. Даводзіцца, як кажуць, ­праяўляць цуды кемлівасці, каб якія-небудзь старэнькія тэлевізар ці магнітафон запрацавалі і яшчэ нейкі час парадавалі гаспадароў. Але ў гэтым, мяркую, і ёсць “вышэйшы пілатаж”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *