В ККЗ «Искра» прошёл традиционный городской бал , в этом году участвовали девять танцевальных пар

 
У традыцыйным гарадскім балі, які адбыўся напярэдадні свята Вадохрышча ў ККЗ “Іскра”, сёлета ўзельнічалі дзевяць танцавальных пар.     

Больше фото тут.

Пра пачатак свецкага раўту абвясціла ўрачыстая мелодыя фанфар, якую выканаў госць з Грэцыі – пан Зафірыядзіс Лаўрэнціс.
Адна за другой пары праходзілі па чырвонай дарожцы, дэманструючы велічнасць і грацыёзнасць. Традыцыйны першы танец – паланэз.

Сярод дам і кавалераў прыемна бачыць не толькі навічкоў конкурсу, але і мінулагодніх яго ўдзельнікаў. Настаўніца Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Наталія Нарэль на балі ўжо трэці раз.
– Канечне, у старадаўніх танцах адчуваю сябе ўжо сапраўдным асам, – гаворыць суразмоўца, – але ўсё роўна хвалююся. Сама абстаноўка вечарыны, цудоўная класічная музыка, галантнасць кавалераў і пяшчотнасць дам захапляюць і абавязваюць прытрымлівацца правілаў паводзін, з якімі ўдзельнікі мерапрыемства звычайна знаёмяцца падчас рэпетыцый.
Сярод вопытных танцораў балю і параф’янаўскі культработнік Аляксандр Кучыц, які ўпэўнена вёў сваю партнёрку Святлану Пашкоўскую і ў вальсе, і ў польцы-бабачцы, і ў падэграсе.
Навічкі таксама трымаліся малайцамі: скоса паглядаючы на “ветэранаў” балю, стараліся правільна выконваць усе “па”.
– Конкурсныя танцы рэпетавалі дзесьці тыдзень, – гаворыць яшчэ адзін прадстаўнік Бягомльскай ДШМ Антон Грыгор’еў. – Справіцца з імі мне дапамагло тое, што ў школьныя гады наведваў танцавальны гурток.
– У балі мінулага года ўдзельнічала мая дачка Ангеліна, – падзялілася ўражаннямі настаўніца Докшыцкай ДШМ Святлана Яцына. – Ведаю, што самая вялікая праблема ў падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства зусім не ў пошуках патрэбнага строю. Звычайна на першую рэпетыцыю прыходзіць шмат дзяўчат. А вось партнёраў па танцах, ахвотных пакружыць у
вальсе, адзінкі.

Дарэчы, на сёлетнім балі не прысутнічала ніводнай сямейнай пары, што ў мінулыя гады, можна сказаць, было традыцыйным. Для адзінаццацікласнікаў СШ № 2 г. Докшыцы Васілісы Гушчык і Кірыла Гамановіча гэты баль стаў своеасаблівай рэпетыцыяй выпускнога балю. Пазаўзець за самых юных удзельнікаў свецкага раўту прыйшлі бацькі, з якімі Васіліса і Кірыл таксама мелі магчымасць пакружыць ля навагодняй ёлкі.
Навінкай сёлетняга мерапрыемства стаў розыгрыш фантаў. Калі ў мінулыя гады ў ім удзельнічалі толькі пары-канкурсанты, то сёлета – усе госці свята.
Таксама гледачы актыўна бавілі час у гульні ‘‘Ручаёк”, знаёміліся з правіламі паводзін на свецкай вечарыне і цешыліся жывой музыкай у выкананні настаўнікаў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага і артыстаў ГЦК. Падчас галасавання на прыз глядацкіх сімпатый кожны змог адзначыць пару, якая спадабалася. Цікава, што гэты выбар сёлета супаў з меркаваннем журы конкурсу, і каралеўскай парай сталі Васіліса Гушчык і Кірыл
Гамановіч.

Кожная пара атрымала свой ганаровы тытул: самымі грацыёзнымі назвалі Святлану Яцына і Ігара Карповіча, танцавальнымі – Вераніку Вайцяшонак і Аляксея Васільева, элегантнымі – Вікторыю Ждановіч і Сяргея Куксу, абаяльнымі – Паліну Шкелка і Дзяніса Шымука, крэатыўнымі – Наталію Нарэль і Антона Грыгор’ева, стылёвымі – Ксенію Лаўцэвіч і Максіма Зубарава, бліскучымі – Марыю Плыгаўка і Данілу Мацаля.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

На першым плане каралеўская пара – Васіліса Гушчык і Кірыл Гамановіч.

На першым плане каралеўская пара – Васіліса Гушчык і Кірыл Гамановіч.

Больше фото тут.

Пад гукі паланэза

Пад гукі паланэза

Уменне весці свецкую гутарку – адно з правіл этыкету.

Уменне весці свецкую гутарку – адно з правіл этыкету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *