Не наказать, а предупредить. Так работает районная инспекция природных ресурсов и охраны окружающей среды, вместе с которой корреспондент «РВ» побывал в рейде

На задворках жывёлагадоўчага комплексу “Альхоўка”.

На задворках жывёлагадоўчага комплексу “Альхоўка”.

Больш за сто трыццаць кіламетраў праехаў карэспандэнт “РВ” у рэйдзе з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і па ахове навакольнага асяроддзя Уладзімірам Вішнеўскім.
З самага ранку на “Ніве” выязджаем з Докшыц і трымаем кірунак на Параф’янава. Перад Свіркамі з’язджаем з дарогі і, пераадольваючы на “паніжанай” лужыну, спыняемся. Уважлівы позірк спецыяліста адразу выхоплівае каля кустоў выкінутую бочку з рэшткамі чырвонай фарбы.
Далей едзем на МТФ “Свіркі” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Там поўным ходам ідзе работа. Працуе трактар, які вывозіць гной.
– Сочым, каб ён не збіраўся, а своечасова вывозіўся. На гэтай МТФ усе больш-менш добра, – аглядаючы тэрыторыю, гаворыць Вішнеўскі.
Але ўвагу прыцягвае іншае: з вежы льецца вада. А гэта ўжо прыродны рэсурс. Непарадак. Ула­дзімір Уладзіміравіч фатаграфуе гэтую без­гаспадарчасць, і мы ідзём у будынак фермы шукаць адказнага. Загадчык распавёў, што праблема з вежай пастаянная, бо недзе ўцечка. Прадстаўнік інспекцыі бярэ сітуацыю на кантроль.
img_1476Не адразу атрымалася трапіць на задворкі жывёлагадоўчага комплекса “Альхоўка”, дзе, па словах Вішнеўскага, “усё самае цікавае знаходзіцца далей ад вачэй людскіх”. А калі трапілі, то ўбачанае толькі пацвердзіла гэта: са шматлікіх лужын тырчалі будаўнічыя блокі і рэшткі шыферу.
Ніякая, на першы позірк, дробязь не застаецца без увагі спецыяліста. А таму, на яго думку, было б добра ўсталяваць таблічку ля кучы металалому, што на тэрыторыі майстэрняў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” у Параф’янаве.
— Але тэрыторыя адносна чыстая, бачна, што прыбіраюць, – рэзюмуе Ула­дзімір Уладзіміравіч.
Непрыемная карціна сустрэла і на былым палігоне каля Лібераўшчыны. Хаця ён ужо некалькі гадоў таму закрыты і за­ехаць на яго перашка­джае выкапаны роў, гэта не спыняе тых, хто па-ранейшаму выкідвае ў яго смецце.
Аб’язджаючы тэрыторыю машынна-трактарнага двара ў Сітцах, убачылі кучу скарыстаных аўтамабільных фільтраў, якія павінны быць утылізаваны, а тут яны валяліся на зямлі.
Рэйд падыходзіць да свайго заканчэння. Усе недахопы запісаны ў блакнот. Уладальнікам і адказным асобам будуць накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі заўваг. У кожнага будзе час навесці парадак.
– Для нас галоўнае не пакараць, а папярэ­дзіць. Каб у далейшым не было падобных выпадкаў, – тлумачыць Уладзімір Вішнеўскі. ­
– Аднак трэба заўважыць, што за 2019 год раённай інспекцыяй па ахове прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя было аштрафавана 50 чалавек, сярод якіх ёсць і тыя, хто выкідваў смецце ў недазволеных месцах, хаця ў вёсках усталяваны кантэйнеры для збору смецця або наладжаны яго вываз машынамі камунгаса. А гэта значыць, што ў кожнага ёсць магчымасць цывілізавана ўтыліза­ваць адходы.

Несанкцыянаваны сметнік у кар’еры ля Станіслаўцаў.

Несанкцыянаваны сметнік у кар’еры ля Станіслаўцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *