Софья Батура является старейшиной в деревне Милькунь Бегомльского сельсовета

Старэйшына в. Мількунь Сафія Батура.

Старэйшына в. Мількунь Сафія Батура.

Першым абаронцам інтарэсаў вяскоўцаў з’яўляецца старэйшына. Гэта абавязкова чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, паважаны, гаспадарлівы, неабыякавы. Менавіта за такія якасці больш за дваццаць гадоў таму была абрана на пасаду “камандзіра” вёскі Мількунь Бягомльскага сельсавета яе карэнная жыхарка Соф’я Батура. І па сённяшні дзень Соф’я Васільеўна з’яўляецца сувязным звяном паміж уладай і вяскоўцамі.
— На пасадзе старэйшыны ў нашай вёсцы я пакуль што першая, – гаворыць Соф’я Васільеўна. – За гэты час пытанняў было вырашана шмат. Боль­шасць з іх – бягучыя, жыццёвыя. Напрыклад, ліквідацыя непаладак тэлефоннай сувязі, вырашэнне праблемы асвятлення вуліцы, пытання рамонту дарог. Цяпер у нашай вёсцы толькі шасцёра жыхароў засталося. А колісь было ў дзесяць разоў больш. Толькі летам Мількунь ажыўляецца галасамі ўнукаў і праўнукаў, а яшчэ дачнікі прыязджаюць.
Вясной і восенню больш зваротаў у сельсавет звязана з выдзяленнем тэхнікі для апрацоўкі прысядзібных участкаў. Сёлета вялікая работа праведзена па пошуку нашчадкаў пакінутых сядзіб, добраўпарадкаванні мясцовых могілак. Дзякуй за разуменне старшыні нашага сельсавета Мікалаю Трахініну, які заўсёды ўважліва выслухае і абавязкова параіць, як зрабіць лепш.
Соф’я Батура да выхаду на пенсію рупілася ў калгасе “Іскра” даглядчыцай на ферме. Была і паштальёнам. А пачынала сваю працоўную дзейнасць на цагельні, якая некалі існавала
ў Мількуні.
— Працавалі на заводзе ажно ў дзве змены, – прыгадвае Соф’я Васільеўна. – Цэгла, якая тут выраблялася, была вельмі добрай якасці і пастаўлялася ў гарады на будоўлю. І зараз, калі ў нас вядуцца якія земляныя работы, спецыялісты заўсёды звяртаюць увагу на залежы гліны, якую параўноўваюць з маслам.
З любоўю, пяшчотна і трапятліва расказвае Соф’я Батура пра сваю маленькую радзіму. Пра суседзяў, з якімі разам і ў горы, і ў радасці. Пра прыгажосць наваколля.
— З “вялікім” светам трымаем сувязь праз пошту на колах і аўтакраму, – гаворыць суразмоўца. – Дзякуй, што нас не кідае ўлада, клапоціцца, каб было ўсё неабходнае для жыцця.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *