Бесперебойную работу оборудования на Докшицком хлебозаводе обеспечивает инженер-энергетик Дмитрий Сивцевич

Праграму параметраў хлеба- булачных вырабаў налажвае Дзмітрый Сіўцэвіч.

Праграму параметраў хлеба-
булачных вырабаў налажвае Дзмітрый Сіўцэвіч.

“Нам вельмі пашанцавала, што займелі такога высокакваліфікаванага спецыяліста, добрасумленнага і адказнага работніка”, – так гавораць пра інжынера-энергетыка Докшыцкага хлебазавода Дзмітрыя Сіўцэвіча і кіраўніцтва прадпрыемства, і калегі.

Дзмітрый Віктаравіч на заводзе з 2012 года. Ураджэнец вёскі Грабучае, ён пасля заканчэння Наваполацкага політэхнічнага каледжа працаваў чатыры гады на хлебазаводзе ў Глыбокім электраманцёрам, пры гэтым завочна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў БДАТУ. Кажа, гэта практыка стала выдатным падмуркам для яго станаўлення ўжо ў якасці інжынера тут, у Докшыцах.

– Дзмітрый Віктаравіч не проста выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі адказнага за функцыянаванне газавага і электрычнага абсталявання, кацельні, – гаворыць галоўны інжынер Андрэй Высокіх. – Кожны год мы вя­дзём работу па мадэрнізацыі вытворчасці, адным з накірункаў якой з’яўляецца энергазберажэнне. Пастаўленыя задачы выконваюцца ў многім дзякуючы разумнаму, а часам і рацыяналізатарскаму падыходу нашага інжынера-энергетыка.

– Разам з маімі калегамі электрыкамі Аляксеем Уладзіміравічам Ярмаковічам, які мае багаты вопыт, паколькі каля трыццаці гадоў аддаў рабоце на прадпрыемстве, і маладым, але не­абыякавым да справы Дзмітрыем Гарохавым імкнёмся, каб праграма выконвалася, – пацвярджае Дзмітрый Віктаравіч. – Калі гаварыць пра бягучыя работы, то паступова мяняем хала­дзільнае абсталяванне, помпы, лямпы ў цэхах і адміністрацыйным будынку на энергазберагальныя. Правялі мадэрнізацыю лініі па выпечцы фармавога хлеба, што дазволіла атрымаць значную эканомію газу. Прыдумалі электрасхему ўпраўлення лініі па раздзелцы цеста для хлеба. Устанавілі лінію па выпуску кукурузных палачак, правялі мантажныя работы па ўстаноўцы печы для выпечкі лавашу.

Суразмоўца адзначае, што шмат увагі патрабуе абслугоўванне абсталявання для ўпакоўкі хлеба-булачных вырабаў, нагрузка на якое значна павялічылася. Апошнія гады практычна ўся прадукцыя завода выпускаецца ва ўпакоўцы, асабліва актуальным гэта стала падчас каранавіруснай пандэміі.

– Наша служба працуе ў першую змену, і вельмі важна, каб не было перабояў у рабоце тых, хто выходзіць у другую і трэцюю, таму стараемся, як гаворыцца, адпавядаць, – прадаўжае Дзмітрый Віктаравіч. – Вядома, зусім без форс-мажору не абыходзіцца, тэхніка ёсць тэхніка, але такія выпадкі вельмі рэдкія.

Дзмітрый Сіўцэвіч чалавек вельмі сціплы, у размове ўвесь час падкрэслівае, што ён не з’яўляецца вялікім рацыяналізатарам і нічога асаблівага не дасягнуў. З гэтым ніяк нельга пага­дзіцца: хіба бесперабойная работа абсталявання прадпрыемства і эканомія энергарэсурсаў не дасягненне?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *