Без хозяйства в деревне не прожить – так считает Геннадий Юкович из агр. Парафьяново

Генадзь Юковіч рыхтуе “белае золата” да здачы.

Генадзь Юковіч рыхтуе “белае золата” да здачы.

Для многіх гаспадароў падсобная гаспадарка з’яўляецца палачкай-выручалачкай у плане дадатковага заробку для сям’і. Лішкі прадукцыі можна здаць дзяржаве, і самім харчавацца ўволю экалагічна чыстымі тварагом, маслам, смятанай. Канечне, зараз колькасць пагалоўя на ўласных падворках не параўнаеш з той, якая была, скажам, гадоў 20-30 таму. Аднак ёсць людзі, якія прытрымліваюцца правіла: без рагулі ў вёсцы немагчыма!

Напрыклад, у Параф’янаўскім сельсавеце ва ўласных гаспадарках налічваецца 106 кароў.
– Людзі ў нашым сельсавеце працавітыя, многія трымаюць вялікую гаспадарку, – адзначае старшыня Параф’янаўскага сельскага Савета дэпутатаў Валерый Навумчык. – Некаторыя маюць нават не адну карову. Малако здаюць дзяржаве. Так, Ігар Каляга за восем месяцаў прадаў 12289 літраў, Генадзь Юковіч – 8343, Міхаіл Чарняўскі – каля 8000 літраў малака.
Малако па вёсках збірае індывідуальны прадпрымальнік фірмы “Корша”, у якога заключаны дагаворы на пастаўку прадукцыі з філіялам “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. За літр здадзенага “белага золата” гаспадары атрымліваюць 60 капеек. Акрамя гэтага, адзін раз у месяц дзяржава выплачвае датацыю – пэўны працэнт ад колькасці здадзенага прадукту.
Няма праблем і з тым, каб здаць цялят. Іх закупляе ў грамадзян ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. За кілаграм жывой вагі таварыства дае 10 кілаграмаў зерня і сена. З пачатку года на тэрыторыі Параф’янаўскага сельсавета закуплена 57 галоў .
Многія трымаюцца за асабістую гаспадарку, бо дадатковы прыбытак яшчэ нікому не перашкаджаў. Чым дрэнна, напрыклад, абнавіць бытавую тэхніку ў доме, набыць новы сельгасінвентар? Калі дзеці выраслі і паехалі вучыцца – дапамагчы ім капейкай, якая ніколі лішняй не бывае.
Генадзь Юковіч з аграгарадка Параф’янава займеў ва ўласнай гаспадарцы маленькую цялушку ў 2006 ­годзе, калі працаваў пастухом у Свірках. Атрымаў першы прыплод і зразумеў, што догляд за жывёлай – гэта справа яго жыцця. Таму вырашыў займацца выключна прысядзібнай гаспадаркай. Зараз у яго налічваецца шэсць рагуль, якіх дапамагае даглядаць жонка Анжэла.
– Кожны дзень здаём прыёмшчыку па 70 літраў малака, – гаворыць Генадзь Іванавіч. – Сабе, зразумела, таксама пакідаем. Каб мець такі вынік, трэба, канечне, і папрацаваць. Зараз устаём а палове пятай гадзіны і ідзём карміць жывёлу, чысцім у хлеве, затым доім і на пашу – тут недалёка. Дзякуй Аляксандру Кажамяку за тое, што дапамог устанавіць на пашы “электрапастух”.
Генадзь Юковіч прызнаецца, што вельмі любіць сваіх рагуль, ласкава называе іх карміцелькамі. Дарэчы, усе яны пры мянушках: Малышка, Мышка, Красуня, Рабуля, Лісуня і самая маленькая Лыска.
– Акрамя малака, – дзеліцца Генадзь, – вырошчваем таксама маладняк. Летась здалі мясцоваму сельгаспрадпрыемству траіх цялятак, за гэта атрымалі зерне і сена. І далей, пакуль хопіць здароўя, будзем трымаць сваю гаспадарку.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *