Семья Модяло сделала подарок всему двору на улице Школьной

izobrazhenie_viber_2020-09-29_08-42-04

Весела бавіць час на пляцоўцы дзецям.

Цудоўны гульнявы комплекс сёлета з’явіўся ў двары дома № 24 на вуліцы Школьнай у райцэнтры. Аўтарства належыць жыхару гэтага ж дома Дзмітрыю Мадзялу. Дзіцячая пляцоўка ўяўляе сабой драўляную канструкцыю з рознымі гульнявымі зонамі. Ёсць ­арэлі, горка, розныя турнікі і нават зручная альтанка для малечы, дзе можна схавацца і ў спёку, і ў дождж.

– Зрабіць такі комплекс у двары за­ахвоціліся яшчэ летась разам з жонкай Ленай, – гаворыць Дзмітрый. – Пачалі разглядаць фотаздымкі ў Інтэрнэце, меліся таксама і свае ўласныя задумкі.

– Як толькі суседзі даведаліся, што плануем распачаць у двары будаўніцтва, то спачатку не падтрымалі гэту ідэю, – далучаецца да размовы бацька Дзмітрыя Уладзімір Вацлававіч, які непасрэдна дапамагаў увасобіць ідэю сына. – Гаварылі, маўляў, няма каму тут гуляць. На самай справе ад пляцоўкі дзеці не адыходзяцца, прыбягаюць сюды аж з новых кааператываў! Таму, лічу, работа наша недарэмная.

Драўніну вы­дзеліла РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, астатнія камплектуючыя Мадзялы набылі за ўласны кошт. У вольны ад работы час, бацька з сынам пабудавалі гульнявую пляцоўку, якая атрымалася сучаснай, прыгожай, запатрабаванай, а галоўнае, бяспечнай.

Уменню працаваць з дрэвам Дзмітрыя навучыў бацька, дарэчы, як і яго меншага брата Віталія, якога таксама без перабольшання можна назваць майстрам на ўсе рукі. Браты часта назіралі за тым, якія прыгожыя рэчы робіць тата і, зразумела, хацелася ім самім гэтаму навучыцца.

На дасягнутым Мадзялы спыняцца не збіраюцца. У планах на наступны год зрабіць у двары асобныя арэлі, ­устанавіць якія-небудзь архітэктурныя формы. Усім бы нам такой шчодрасці і жадання зрабіць карыснае людзям.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *