Дзень Валкалацкага сельсавета

Па традыцыі ў Дзень сельсавета ва ўсе населеныя пункты сельскага Савета выязджаюць старшыня райвыканкама, старшыня райсавета, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі ўпраўленняў, аддзелаў райвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый. Сустракаюцца з насельніцтвам, выяўляюць праблемы, выслухваюць звароты, запыты грамадзян.

На выніковым пасяджэнні старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук самым падрабязным чынам разабраў кожны са зваротаў грамадзян і вызначыў канкрэтныя тэрміны іх вырашэння.

Жыць праблемамі вяскоўцаў, штодзённа іх трымаць на кантролі і вырашаць – гэта непасрэдны клопат старшыні сельвыканкама. Дзе старшыня сельвыканкама не губляе сувязі з насельніцтвам, часцей бывае ў вёсках сельсавета, а не ў Докшыцах, там і праблем значна меней.

Практыка правядзення Дзён сельсавета дала станоўчыя вынікі: ужо вырашыліся многія запыты грамадзян, у людзей з’явілася ўпэўненасць, што ім дапамогуць, ды і саміх праблем становіцца з кожным разам менш. Паменшылася іх і ў Валкалацкім сельскім Савеце. Але ж яшчэ ёсць. Абурае факт няўважлівасці і кашчунства да людзей, калі зносіцца пустуючы дом, але не да канца выяўляюцца абставіны з адносінамі да гэтага дома яго гаспадара. Нікому і спраў няма да асабістых рэчаў гаспадара ў доме, мэблі і іншых пажыткаў. З такім пытаннем (тычыўся ён Сітцаўскага сельсавета) звярнуліся грамадзяне да старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука. Цяпер жа разабрацца і дапамагчы чалавеку значна цяжэй, чым дагэтуль. Можна ж было зрабіць гэта па-чалавечы!

Жыхары вёскі Віржы просяць, каб не закрывалі ў іх вёсцы магазін. Магазін працаваць будзе, але цяжкасці з прадаўцамі – клопат райста, яго спецыялістаў.

На самым высокім узроўні надаецца ўвага асабістым падворкам грамадзян. Але здараецца так, што не заўсёды ўвага асабістай гаспадарцы грамадзян надаецца з боку мясцовых Саветаў, бо каб работнікі сельсавета больш, або хоць раз, як заўважыў старшыня райвыканкама, праехалі з малаказдатчыкам па населеных пунктах і паглядзелі, як прымаецца малако, як робяцца замеры неабходных паказчыкаў, то не ўзнікла б потым пытанняў у насельніцтва. Таму па звароце грамадзян з Вішнёўцаў наконт замераў шчыльнасці малака старшыні сельвыканкама даручана разабрацца, а таксама пракантраляваць забеспячэнне падворкаў сенам, саломай. Наконт забяспечанасці кармамі быў запыт і з вёскі Ясіноўцы.

Праблемай для сельсавета з’яўляецца стан дарог. Калі, дзякуючы пазіцыі губернатара вобласці, пракладзена новае асфальтавае пакрыццё дарогі да Янукоў, то сельскагаспадарчыя, меліярацыйныя і астатнія дарогі, якія знаходзяцца на балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у дрэнным стане. Таму вызначаны тыднёвы тэрмін, каб навесці парадак на дарогах, а таксама неабходна справіцца з пустазеллем.
Замяніць праводку, уключыць вулічнае асвятленне, дапамагчы з атрыманнем групы інваліднасці, аказаць ветэрынарныя паслугі, устанавіць указальнік населенага пункта, не завозіць чэрствы хлеб, справіцца з дзікімі кабанамі, не ездзіць праз вёску вялікай сельскагаспадарчай тэхніцы – гэтыя і іншыя просьбы паступілі падчас правядзення Дня сельсавета. Усе яны патрабуюць вырашэння, а маглі б не ўзнікаць, каб вырашаліся старшынёй сельсавета своечасова. Ёсць дэпутацкі корпус, ёсць старэйшыны – ёсць памочнікі ў старшыні сельскага Савета. Засталося арганізаваць больш цесную сувязь з насельніцтвам.

Людміла ГІЛЬНІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *