Звярнуліся да старшыні

Дванаццаць зваротаў грамадзян паступіла падчас “прамой лініі”, якая прайшла са старшынёй райвыканкама Алегам Леанідавічам Пінчуком. Звароты грамадзян у асноўным тычыліся работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стану дарог, выдзялення зямельных участкаў. Пытанні, якія магчыма было вырашыць і раней, але з-за абыякавасці адносін спецыялістаў і кіраўнікоў адпаведных службаў іх вырашэнне зацягвалася, а то і наогул ігнаравалася. Па кожным з запытаў грамадзян з адказнымі работнікамі тых службаў, якіх тычылася пытанне, адбылася прынцыповая размова па мерах, што будуць прыняты, каб вырашыць праблему. Некаторыя са спецыялістаў, якія дапусцілі прамаруджванне ў рабоце са зваротамі грамадзян, дэпрэміраваны. Галоўнае, як адзначыў старшыня райвыканкама, унікнуць у праблемы жыхароў горада і раёна, у іх вырашэнне.

На “прамую лінію” патэлефанавала М.Ф. Козел з Докшыц, якая паведаміла пра сваю колішнюю і цяперашнюю бяду: у доме працякае дах, і надзеі няма на тое, што ён будзе адрамантаваны, бо ўжо 41 год у шматкватэрным доме не было капітальнага рамонту. Канечне, той, хто ведае, што такое, калі ў час ліўневых дажджоў працякае дах, той зразумее жанчыну і ўмовы пражывання жыльцоў усяго дома. А вось ці разумеюць гэта спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі – пытанне, бо і выслухалі б жыльцоў, і растлумачылі б ім наконт рамонту капітальнага, глядзіш, і бягучы рамонт даху зрабілі б. Жыць жа неяк людзям патрэбна.

Старшыня райвыканкама патрабаваў вырашыць пытанне. І, як стала вядома, работы па рамонце дадзенага дома ўжо пачаліся.

Здаецца, элементарная праблема хвалюе Н.Ф. Анашкевіч з Таргуноў: ачыстка каналізацыі. Што ў ХХІ стагоддзі гэта за раскоша? Але для СВК “Таргуны”, куды звярталася жанчына за аказаннем паслугі ў ачыстцы каналізацыі, ёй не дапамагалі. І жанчына звяртаецца да старшыні райвыканкама, трэба ж ёй хатнія справы рабіць. І не прагадала. Тут жа ў кіраўніка гаспадаркі атрымалася вырашыць такое “праблемнае” пытанне.

Доўгі час жыхары Докшыц З.Ф. Сценнік і В.Ф. Сценнік глядзелі, як несупынна падтопліваецца так званымі “ліўневымі” водамі з непрыемным пахам іх хата, і ад гэтага пакутвалі і звярталіся ў розныя службы. Вада цякла нават у спякоту, якая доўгі час стаяла летам.
Па некалькі разоў усім “спецыялістам” расказвалі і паказвалі – замарыліся ўжо немаладыя людзі, – таму і звярнуліся да старшыні райвыканкама, разлічваючы на яго дапамогу. І не дарэмна. Як у народзе кажуць: “Чакалі больш, пачакайце і меней” – у хуткім часе вам дапамогуць. Старшыня райвыканкама даў даручэнне свайму намесніку па будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, начальніку аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і дырэктару камунгаса ліквідаваць падтопліванне вашага дома.

На “прамую лінію” званіла з Паўднёвага Гняздзілава дачка Н.Ф. Бароўскай Ніна Уладзіміраўна і прасіла заасфальтаваць поўнасцю вуліцу ўздоўж вёскі.

Старшыня райвыканкама ёй адразу растлумачыў, што асфальтавае пакрыццё дарог будзе зроблена да школы, дзіцячага сада, клуба, магазіна і ямачны рамонт – да канца дадзенай вуліцы.

Пра тое, каб у бабулі была вада, клапацілася ўнучка з Пруднікаў Т.С. Ганус. Пыталася ў старшыні райвыканкама: ці можна падвесці ваду ў дом. І яна сама, і двое дзяцей бабулі гэтага вельмі жадаюць. Канечне ж, можна.

Чакае абяцанага жылля сям’я І.В. Ганус з Пруднікаў. Ды ўсе толькі ім абяцаюць, ды не даюць. Маладая сям’я здымае ў вёсцы кватэру.
Пачалося будаўніцтва трох дамоў у аграгарадку Пруднікі – адзін з іх будзе належыць сям’і Ганус.

Не змог прамаўчаць жыхар вёскі Краснае Бягомльскага пассавета. Восень ужо на двары, раней цямнее, а вулічнае асвятленне ў іх вёсцы працуе там, дзе людзі не жывуць, дык і просіць старшыню райвыканкама, каб лямпачку ўкруцілі там, дзе трэба. Можна б было паведаміць, канечне, і ў пассавет і, мяркую, вам не адмовілі б, але ж нядрэнна было б, каб і работнікі пассавета пра гэта дазналіся самі. Цяпер жа, пасля звароту на “прамую лінію”, асвятленне будзе ўключана і ў цэнтры вёскі.

Завязуць паліва і жыхарцы вёскі Чырвонае Беразіно Докшыцкага сельсавета В.А. Таргонскай.

Надакучыла жыць у смуродзе С.В. Меркель з вёскі Жары Крыпульскага сельсавета. Абклалі іх невялікую вёсачку гноем: ДП “Гняздзілава” звозіць і складзіруе арганіку. І так з году ў год. А як людзям жыць, ніхто не падумаў.
Праз тыдзень увесь гной павінны вывезці.

Ю.П. Ставер з Бярозак расказвае, што ў яе бацькоў сіламі гаспадаркі памянялі палову даху дома, а палова стаіць адкрытая. Жанчына пытаецца: ці можна зрабіць дах раней, а не да 1 лістапада, як напісана ў адказе за подпісам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, бо залівае столь у хаце.

Старшыня райвыканкама зразумеў складанасць сітуацыі і даў даручэнне закончыць рамонт даху да канца верасня.

Не раз звяртаюцца ўжо жыхары некаторых вёсак Докшыцкага сельсавета, што хаваюць сваіх родзічаў на могілках у Барсуках, каб прывесці ў парадак дарогу да могілак. Страцілі, напэўна, надзею. Але – не, раз патэлефанаваў на “прамую лінію” старэйшына з вёскі Пералоі А.А. Каросцік, значыць спадзяюцца на старшыню райвыканкама.

Якога толькі ўзроўню кіраўнікі не вырашалі пытанне, нават і старшыня райсавета, але да канца ніхто не змог вырашыць. А адрамантаваць дарогу ж патрэбна. Зараз не сумнявайцеся, дарога будзе адрамантавана. Старшыня райвыканкама даў даручэнне старшыні райсавета і старшыні сельсавета, каб дарога да могілак была адрамантавана.

Перажывае за сваю жонку С.М. Коршун. Яе, жанчыну з хворым сэрцам, не ўзяўся лячыць у Докшыцкай ЦРБ урач-тэрапеўт В.І. Малей, хоць у жанчыны было накіраванне на шпіталізацыю.

На сёння шпіталізацыя з пацыенткай узгоднена. Доктару ўказана на нетактычныя паводзіны, і ён будзе прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Тэлефон не змаўкаў. Побач з роспаччу, трывогай, слязьмі былі надзея і радасць. І тыя, хто звярталіся, не памыліліся: ім дапамогуць. Аднак радасці б было і болей, каб своечасова памаглі ўсе тыя, хто павінен дапамагаць у сілу сваіх службовых абавязкаў.

Людміла ГІЛЬНІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *