Жыву ў Беларусі і тым ганаруся

Закончыўся ІІ этап рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Установы адукацыі раёна паспяхова прынялі ўдзел у раённых, абласных і нават у рэспубліканскіх конкурсах. Акцыя прадугледжвала далучэнне моладзі да пошукава-даследчай дзейнасці, накіраванай на вывучэнне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця гонару, павагі і любові да сваёй малой радзімы, грамадзянскай адказнасці за сваю будучыню.

Красуй, Беларусь!

Пазнанне свайго краю сродкамі фотамастацтва, любоў, гонар і павага да малой радзімы – гэтым прывабіў юных фатографаў рэспубліканскі конкурс на лепшы фотаздымак, прысвечаны малой радзіме, “Красуй, Беларусь!”. Мастацкія фотаздымкі значных падзей раёна, помнікаў гісторыі, архітэктуры, прыроды пераможцаў раённага этапа конкурсу былі прадстаўлены на абласны этап конкурсу. Па рашэнні абласнога журы конкурсу дыпломамі I ступені былі ўзнагароджаны Анастасія Калужэнка (УА “Докшыцкая ДАСШ № 1”), Таццяна Транчэўская (УА “Сітцаўская ДАСШ”), дыпломам II ступені – Уладзіслаў Шымковіч (УА “Докшыцкая ДАСШ № 2”).
А фотапозірк “Эх, чаму я не лятаю?” вучаніцы УА “Тумілавіцкая ДАСШ-сад” Людмілы Шумскай адзначаны на рэспубліканскім узроўні дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за трэцяе месца ў намінацыі “Браты меншыя”.

Мая сям’я – мой гонар

Так называўся конкурс сацыяльных праектаў, мэтай якога было духоўнае ўзбагачэнне асобы праз даследаванне сямейных традыцый, умацаванне сямейных сувязяў, адраджэнне, перайманне і прапаганда сямейнай творчасці.

Вучаніца УА “Заборцаўская ДАБШ” Юлія Януковіч піша: “Сям’я – гэта самае галоўнае, што ёсць у жыццi кожнага чалавека. Сям ’я – гэта самае дарагое, што ёсць у мяне. Пра кожную сям’ю можна напiсаць цiкавую i захапляльную кнiгу. Мая сям’я – гэта мой тата, мая мама i я. Як i ў кожнай сям’i, y кожнага з нас ёсць свае захапленнi. Але галоўнае, што звязвае нас усiх, – гэта музыка”.

Свой аповед яна пачынае з захаплення спевамі сваёй прабабулі і яе дзвюх сясцёр. Далей Юля расказвае пра бабулю Ванду Людвігаўну Бахановіч, пра яе любімыя песні, яе ўдзел у мастацкай самадзейнасці Параф’янаўскага СДК. А сёння і Юля, і яе мама, Алена Вячаславаўна Януковіч, настаўніца УА “Сітцаўская ДАСШ”, з’яўляюцца аматарамі музыкі і спеваў. На абласным этапе Юля Януковіч была прызёрам, а на рэспубліканскім конкурсе пры падтрымцы сваёй мамы і кіраўніка творчай справы А.В. Навумец стала пераможцай, узнагароджана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўным падарункам.

Лепшы
этнаграфічны музей

Актыў школьнага этнаграфічнага музея УА “Глінская ДАСШ” пад кіраўніцтвам настаўніцы Людмілы Леанідаўны Асіповіч да ўдзелу ў аглядзе-конкурсе этнаграфічных музеяў падышоў творча. Дзяўчаты і хлопцы запісвалі народныя абрады і звычаі, гутарылі з майстрамі вышыўкі і ткацтва, складалі візітоўкі, мультымедыйныя прэзентацыі. Абараняць справаздачу музея на абласным узроўні было даручана вучаніцы 11 класа Аліне Дранковіч. Творчая справаздача Аліны, конкурсныя матэрыялы былі высока адзначаны журы, і ў выніку – другое месца.

Наперадзе быў рэспубліканскі этап агляду, які праходзіў ў Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, куды была запрошана актывістка школьнага музея. Змястоўнасць, творчы падыход да справаздачы, падтрымка педагогаў і нават артыстычнасць Аліны Дранковіч прынеслі УА “Глінская ДАСШ” выніковае першае месца ў рэспубліканскім конкурсе-аглядзе этнаграфічных музеяў устаноў адукацыі. Актыў этнаграфічнага музея ўзнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўным падарункам.

Цяпер перад педагагічным і вучнёўскім калектывамі школы стаіць задача – пераўтварыць школьны музей у аб’ект аграэкатурызму і зрабіць яго сродкам папаўнення платных паслуг установы адукацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *