Лепш за ўсё вучыць — гісторыя

З усіх эпітэтаў найбольш трапны ў адносінах да Докшыцкай зямлі будзе, напэўна, гераічная. Бо, невялікая па памерах, яна складае сваю гісторыю са шматлікіх славутых воінаў, якія не толькі здзейснілі менавіта тут подзвіг жыцця, але і былі ёй любоўна ўзгадаваны. Таму не дзіўна, што ў Міжнародны дзень музеяў мы вырашылі расказаць пра адзін з музеяў баявой славы раёна.

Нягледзячы на тое, што музей Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога не мае статуса адасобленай установы, а знаходзіцца пры Докшыцкай сярэдняй школе №1, ён мае даволі багатую гісторыю. За плячыма кутка гісторыі – больш за чатыры дзясяткі год. Але нечым архаічным ён ніколі не з’яўляўся: экспазіцыя папаўнялася на працягу ўсёй гісторыі існавання музея, а ў 2009 — 2010 навучальным годзе сіламі педагагічнага калектыву на чале з дырэктарам школы Генадзем Міхайлавічам Шульгой быў праведзены вялікі рамонт. Поўнасцю пераабсталявана памяшканне музея, у Мінску была заказана абноўленая экспазіцыя “Жыццё і баявы подзвіг Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога”, якая адпавядае сучасным патрабаванням у афармленні музеяў.

– Вельмі ўдзячна за дапамогу, у тым ліку за павелічэнне каштоўных экспанатаў, нашаму знакамітаму раённаму краязнаўцу Анатолю Уладзіміравічу Чарнаруцкаму, – расказвае загадчыца музея Докшыцкай школы № 1, настаўніца гісторыі Ірына Станіславаўна Аліноўская.

– Па ўласнай ініцыятыве ён ладзіў велапаходы са школьнікамі па мясцінах баявой славы, на радзіму гераічнага экіпажа Палявога – Украіну. Прывозіў адтуль каштоўныя фотаздымкі. На працягу жыцця збіраў і захоўваў усё, што было звязана з лёсамі і дзейнасцю лётчыкаў-герояў. Наш музей у значнай ступені абагаціўся, дзякуючы Анатолю Уладзіміравічу.

Я разглядаю цікавыя альбомы сапраўднай жывой гісторыі: аказваецца, краязнаўца з Крулеўшчыны падтрымліваў сувязь амаль з усімі ветэранамі 132-га авіяпалка, у якім служыў Палявы. Нават бываў на іх штогадовых сустрэчах у Маскве на плошчы Маякоўскага. А вось фотаздымак і подпіс: «Велапаход 1966 года, маршрут у 1225 кіламетраў».

Ірына Станіславаўна кажа, што музей быў бы не супраць спонсараў, якім неабыякавая гісторыя роднага краю, каб быў яшчэ больш прывабным і сучасным. Бо гісторыя лепш за ўсё вучыць, і гэтыя веды патрэбны падрастаючаму пакаленню.
Экскурсія ў абноўленым музеі доўжыцца 40 хвілін – гэта не так многа, каб расказаць пра цэлае жыццё, але не так і мала, каб паведаміць пра сапраўдны подзвіг Чалавека.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *