Четыре жителя осталось в деревне Плитница Докшицкого района

a-1374Плітніца – вёсачка ў Тумілавіцкім сельсавеце, але месціцца яна ўсяго за некалькі кіламетраў ад Докшыц, таму яе заўжды лічылі амаль што прыгарадам. У ХІХ – пач. ХХ стагоддзя яна знаходзілася ў Докшыцкай воласці Барысаўскага павета і была ўласнасцю паноў Галаўнёвых. Паводле дакументаў, у 1887 годзе ў ёй налічвалася восем двароў, а ўжо ў 1909-ым – 16 двароў і 97 жыхароў. З вёскай межаваўся аднайменны фальварак, у якім пражывала пяць чалавек. З 1921 года Плітніца ўвайшла ў склад Польшчы, як населены пункт стала адносіцца да Докшыцкай гміны Дунілавіцкага павета. Тады ў ёй было ўжо 25 двароў і 113 жыхароў. З 1939 года ў БССР.
Вёска раскінулася сярод лесу, і ўсё яе жыццё было завязана менавіта на ім. Заработак месцічам даваў смолзавод, на якім смалу выпарвалі не адзін дзясятак гадоў. Пасля вайны нейкі час рабілі і цэглу. Яшчэ ў 2004 годзе ў вёсцы было 17 двароў з 25-ю жыхарамі. На сённяшні дзень карэнных жыхароў засталося толькі чатыры.

«Працавалі цяжка, а жылі весела»

a-1384Так сцвярджае 88-гадовая Яўгенія Корсун, чыя сядзіба, дзякуючы таму, што дзеці недалёка і часта наведваюцца да матулі, найбольш “дыхае жыццём” у Плітніцы. Сустрэў нас ленаватым брэхам – так толькі, каб паказаць, што ён на варце, хлеб дарма не есць – сабака, выйшаў насустрач прыгожы дагледжаны кот, а каля хаты заўважылі не толькі агарод, а і клумбы з кветкамі.
Ды і ў інтэр’еры дома адразу ж кінулася ў вочы мноства сучасных рэчаў і элементаў аддзелкі. Яўгенія Васільеўна жыве таксама адна, але акружана любоўю і клопатам дачкі Ганны і сына Леаніда, іх сем’яў. Чацвёра ўнукаў мае, трое праўнукаў. Кажа: што яшчэ патрэбна ў маім узросце, калі здароўе яшчэ так-сяк трымаецца? Яна аказалася вельмі сціплай жанчынай, таму пра многае распавядала нават не сама, а дачка, што якраз наведалася разам з мужам да маці.
– Якую работу толькі ні даво­дзілася раней выконваць, – згадвае мінулае Яўгенія Васільеўна з настальгічнай ноткай у голасе, вельмі светлай у процівагу расповеду. – Працавала і ў калгасе, у паляводстве, і ў лясніцтве – саджанцы садзіла. Рвалі лён, садзілі і капалі бульбу, палолі буракі, вывозілі гной, нарыхтоўвалі сена і карчы на балоце. А яшчэ ж і лес валілі пасля вайны, на кожную сям’ю нормы былі даведзеныя ў кубаметрах. Памятаю, як трэба было пехам ісці на тыя “кубы” ва Ушацкі раён, бо конь на цэлую ватагу адзін, у возе сена для яго і прылады працы. Канавы капалі ўручную каля Барсукоў, уздоўж бальшака, калі дарогу цяперашнюю будавалі на Глыбокае. Ці ўзялася б зараз хоць адна жанчына такое рабіць? А мы рабілі і на лёс не скардзіліся, дружна, грамадой, жартавалі, песні спявалі, рады былі таму, што вайна закончылася і вакол мір.
Дзіўна, але, напрацаваўшыся ў калгасе, дагледзеўшы гаспадарку дома, згатаваўшы вячэру, нешта памыўшы-прыбраўшы, знаходзіла Яўгенія Васільеўна яшчэ час і сілы для рукадзелля, і не толькі звязаць-пашыць для сябе, мужа ды дзяцей, але і тое-сёе на заказ – усё ж дадатковая капейчына ў сямейны бюджэт. Вязала не толькі якасна, але і вельмі хутка. Дачка Таццяна кажа, што практычна за ноч магла ёй кофтачку згарусціць, каб пайшла на танцы ў абноўцы.
– Гадавалі шмат трусоў, дык мама з пуху ніткі прала і вязала касынкі – цёплыя, мякенькія, прыгожыя, – успамінае Таццяна. – Нават гарадскія модніцы куплялі, а ўжо колькі чаго падаравана было!
НА ЗДЫМКУ: такіх вось яркіх накідак на мяккія крэслы з рэшткаў нітак Яўгенія Васільеўна навязала шмат.

a-1377Ядвіга Кавальская (на здымку) – старэйшая жыхарка Плітніцы, нарадзілася ў 1927 годзе. У адрозненне ад дзвюх сваіх аднавясковак, не мясцовая, родам з-пад Даўгінава. Гадоў дзесяць ужо, як удава, жыве ў невялікай і ўтульнай хатцы, якая дасталася ім з мужам Стафанам ад яго бацькоў і ў якой выраслі іх дзве дачкі. Ядвіга Феліксаўна не можа стрымаць слёз, бо нядаўна адну пахавала.
– Чаму так?! Няхай бы я, мне ўжо 92 гады, а дачушка яшчэ пажыла б, – такімі словамі вырываецца яе мацярынскі боль, але ўрэшце жанчына супакойваецца, выцірае слязінку ражком хусткі і зусім іншым голасам, ціха, разважліва прамаўляе: – Што ж, відаць, так Богу заўгодна, такі яе век, а мой даўжэйшым аказаўся, і не нам рашаць, чаму і навошта.
Вера – вялікая сіла. Мабыць, менавіта яна дапамагае пераносіць гора. Падтрымлівае другая дачка, унукі ды праўнукі. Але, прызнаецца Ядвіга Феліксаўна, паспрабавала жыць у дзяцей – не атрымліваецца, рвецца душа ў родныя сцены, да звыклых пейзажаў за акном, знаёмых пахаў і гукаў. Не перасаджваецца ў іншае месца старое дрэва…
Тэмп яе жыцця ў такім паважаным узросце нетаропкі, размераны. Паціху тупае – займаецца хатнімі справамі, глядзіць тэлевізар, размаўляе па тэлефоне з роднымі. “Выхады ў свет” – да аўталаўкі па аўторках і пятніцах ды да суседкі праз вуліцу. Даўно мінуў той час, калі спяшаліся з мужам дагледзець гаспадарку, выпра­віць дзяўчат у школу і адправіцца на работу: яму – на смолзавод, ёй – у Докшыцы, дзе гандлявала ў прадуктовай краме. Аднак жанчына стараецца і зараз не заседжвацца, нагружаць сябе пасільнай працай. Садзіць невялікі агародзік – зямлю для яго ўзорвае мотаблокам сусед. Вядома, сацработнік аказвае вялікую дапамогу, адна б не справілася. Але ж галоўнае, лічыць, што жыве ў сваёй хаце. Дзе разам з ёй жывуць успаміны пра мінулае, дарагіх людзей, тую вёску, у якой прайшла маладосць.

Алена Міхнюк, яшчэ адна са старажылаў вёскі, сустрэла нас вельмі прыязна, але фатаграфавацца катэгарычна адмовілася.
– Дзетачка, чытаю заўсёды раёнку, нават калі на зіму пераязджаю да аднаго з сыноў у Бягомль, усё ў ёй падабаецца, усё мне цікава, толькі не люблю, што старых, як я, фатаграфуеце.
На ўгаворы, што ў чалавека ў кожным узросце свая прыгажосць, Алена Сцяпанаўна не паддалася, а фотаздымкаў з маладосці ў доме не было – сыны захоўваюць у сямейных альбомах.
Тым не менш, пра сваё жыццё жанчына нам распавяла:
– Нарадзілася я тут, у Плітніцы, у 1932 годзе, адсюль мае бацькі, дзяды і прадзеды. Шкада, што на маім пакаленні вёска завяршае сваё жыццё. А можа, дасць бог, нешта і зменіцца: дачнікі вунь пачалі паяўляцца. Прозвішча ў мяне не мясцовае, бо мой муж Міхаіл быў родам з Брэстчыны, сустрэла яго, калі паехала на заработкі ў Эстонію. Не хацелася мне адрывацца ад сваёй зямлі, родных людзей, рашылі, што мужчыне гэта зрабіць лягчэй, таму і сталі жыць тут. Муж, як і большасць плітніцкіх мужчын, працаваў на смолзаводзе, быў вадзіцелем. Пяць гадоў, як пахавала яго і ў скорым часе старэйшага сына. Яшчэ два сыночкі, блізняты Вася і Віця, у мяне ёсць. Вася жыве ў Мінску, якраз во прыехаў адведаць, гаспадарку агледзець. Хаця якая тут гаспадарка, агарод адзін – сыны з нявесткамі яго і парадкуюць, я ўжо работніца слабая.
Алена Сцяпанаўна прызналася, што не дужа любіць сучасныя тэлеперадачы і кінафільмы – мала ў іх дабрыні, прастаты і шчырасці. Іншая справа – даўнейшае кіно і песні. Калі знаходзіць такія ў праграме, глядзіць з задавальненнем. На сяло не ходзіць – далёка.
– Мой узрост ужо такі, што жывеш мінулым, – гаворыць жанчына, – прыпамінаеш людзей, падзеі, уласныя ўчынкі, абдумваеш усё. З гадамі многае бачыцца іншымі вачамі. Толькі не вернеш, не адкруціш назад, не перапішаш з чарнавіка на белы ліст. Такое жыццё.
a-1375. . .
На жаль, не засталі мы дома чацвёртага жыхара вёскі Аляксандра Закрэўскага, якога ўсе жанчыны з добрай усмешкай называюць мэрам Плітніцы. І спытаць, дзе можна яго знайсці, не было ў каго: бліжэйшыя дамы пустыя. Ці зазвіняць там калі-небудзь дзіцячыя галасы? Хто ведае…

a-1372

Вось так – іконай, пано, вышыванкай – упрыгожаны прыпынак у Плітніцы.

 

Старонку падрыхтавала Алена Несцяронак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *