«Тоніка» + «Сюрпрыз»

Нядаўна студыя вакальных і сольных спеваў “Тоніка” і калектыў эстраднага танца “Сюрпрыз” Цэнтра дзіцячай творчасці адзначылі юбілеі. “Тоніка” спраўляла пяцігоддзе, а “Сюрпрыз” – дзесяцігоддзе з дня ўтварэння. З гэтай нагоды творчыя калектывы ў кінаканцэртнай зале “Іскра” зладзілі юбілейны канцэрт.

Пахваліцца калектывам было чым. За час свайго існавання імі здабыта нямала ўзнагарод і тытулаў. “Сюрпрыз” з радасцю ўспамінае выступленне на тэлебачанні ў праграме “Вас выклікае Спартландыя”, даражыць перамогай у V раённым фестывалі “Юныя таленты” і другім месцам у абласным аглядзе-конкурсе “Прыгажосць і рытм” у намінацыі “Эстрадны танец”, а таксама трэцім месцам у абласным этапе рэспубліканскага фестывалю-конкурсу харэаграфічнай творчасці “Танцавальная карусель” у намінацыі “Народна-сцэнічны танец”.
“Тоніка” ганарыцца выдатнымі салістамі: Аляксандрай Радзевіч, якая з’яўляецца ўладальніцай дыплома 3 ступені абласнога фестывалю піянерскай песні “Квітней, Радзіма Беларусь!”, Дзіянай Чабан, якая стала дыпламантам Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу юных талентаў “Сузор’е надзей”. Калектыў студыі вакальных і сольных спеваў з’яўляецца пераможцам у V раённым фестывалі “Юныя таленты” і прызёрам (другое месца) у абласным этапе рэспубліканскага агляду конкурсу дзіцячай творчасці “Добры дзень, свет!”, якое заваявала старэйшая вакальная група студыі ў гэтым годзе.

Павіншавалі юбіляраў сваімі выступленнямі падрастаючыя салісты і танцоры Цэнтра дзіцячай творчасці. Прыемны падарунак падрыхтавалі для іх арганізатары мерапрыемства: паказалі відэаролікі шматгадовай даўнасці, дзе ўдзельнікі гуртоў былі меншыя і толькі пачыналі сваю творчую дзейнасць. Заслужаную ўзнагароду атрымалі кіраўнікі студый Т.І. Суднік і С.П. Яцына. Намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі райвыканкама В.В. Гаўрыловіч уручыў ім Граматы раённага аддзела адукацыі і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Калектывы ж атрымалі Граматы ад аддзела культуры і аддзела па справах моладзі райвыканкама

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *