Видеть мир в красках учит педагог художественного отделения Крулевщинской ДШИ Анастасия Грибович
Настаўнік мастацкага аддзялення Крулеўшчынскай ДШМ Анастасія Грыбовіч трэці год выкладае азы малявання мясцовым хлопчыкам і дзяўчынкам. Сёлета да яе на заняткі штодзень спяшаюцца больш за 25 вучняў.
– Для адных баўленне часу з каляровымі алоўкамі ці фарбамі проста захапленне, для другіх – спосаб самавыяўлення, трэція проста не бачаць свайго жыцця без мастацтва, – гаворыць Анастасія Лявонаўна. – Вось і для мяне любімы дзіцячы занятак стаў прафесіяй. Шчыра радуюся сваім вучням, якія з ахвотай ідуць на заняткі ды яшчэ прыводзяць з сабой сяброў. Ведаеце, маляванне сапраўды магутны інструмент самарэалізацыі. Творчасць дапамагае зніжаць стрэс, лепш разумець і прымаць свае эмоцыі, а таксама візуалізаваць мэты, паколькі дае магчымасць праз фарбы паказаць свой унутраны свет. Вельмі часта дзеці, асабліва ў сучасным свеце гаджэтаў, не ўмеюць выказаць свае думкі. Калі слоў недастаткова, на дапамогу прыходзяць сем асноўных колераў і бясконцасць іх адценняў.
Як атрымліваецца ў юных мастакоў перадаць свае эмоцыі на паперы, можна ўбачыць на выставах аддзялення, якія перыядычна арганізоўвае Анастасія Лявонаўна. Акрамя малюнка і жывапісу, настаўніца выкладае і шмат іншых практык. Гэта малюнак фарбамі на вадзе, аплікацыя ніткамі, лепка з салёнага цеста, роспіс тканін і многае іншае. Летась разам з юнымі памочнікамі Анастасія Грыбовіч падрыхтавала цікавую калекцыю адзення “Зіма – лета”, якая была зроблена з прыродных і нетрадыцыйных матэрыялаў.
Актыўна ўдзельнічаюць вучні мастацкага аддзялення ў разнастайных конкурсах. У мінулым годзе імі заваявана некалькі дыпломаў на Міжнародным творчым конкурсе “Art Авангард”. Высокую адзнаку кампетэнтнага журы атрымалі работы Юліяны Міцько, Валерыі Савуліч і Ільі Сідоркіна.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.
Фота аўтара.

