Главный врач Докшицкого района рассказал о профессиональной деятельности и не только

Урач рэаніматолаг-анестэзіёлаг Сяргей Кубар – гэта імя. Яго Сяргей Фёдаравіч ствараў 16 год, калі вяртаў да жыцця дзясяткі людзей, што траплялі ў рэанімацыю з апошняй надзеяй. Сёння гэты прафесійна адукаваны, вопытны спецыяліст, разумны, глыбока культурны чалавек, які прайшоў прыступкі кар’ернай лесвіцы ад урача рэанімацыйнага аддзялення да галоўнага ўрача раёна, — госць нашай рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Мая радзіма – горад Глыбокае. Там я закончыў з сярэбраным медалём сярэднюю школу № 3. Яе месцазнаходжанне вызначыла далейшы выбар прафесіі. Побач з ёй была раённая бальніца, і ў дзяцінстве, назіраючы за тым, як прыязджаюць “хуткія”, бегаюць людзі ў белых халатах, нясуць на насілках хворых, гарыць ноччу святло ў аперацыйным пакоі, захацелася самому зведаць рамантыку барацьбы за жыццё чалавека. У Докшыцы прыехаў па размеркаванні пасля заканчэння Віцебскага медінстытута. Але гэты гарадок таксама ў нейкай ступені — мая малая радзіма, бо адсюль родам мая маці.

2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?

– У першую чаргу, мае бацькі. Тата быў вадзіцелем, але мяне заўсёды навучаў, што павінен добра вучыцца ў школе, атрымаць далейшую адукацыю, пажадана вышэйшую, і абавязкова нечага дасягнуць у жыцці. Мама, якая працавала ў райспажыўсаюзе, яго падтрымлівала. Дзякуючы ім, я і адбыўся ў жыцці. А яшчэ Уладзіміру Пятровічу Шарамбею, у якога пачынаў працаваць у рэанімацыйным аддзяленні. Уладзімір Пятровіч – гэта прафесіянал з вялікай літары. Я шчаслівы, што меў гонар працаваць пад яго кіраўніцтвам. Зараз ён у Мінску, дзе і патрэбна быць урачу яго кваліфікацыі.

3. Хто яны, вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Канечне, мая сям’я, а яна ў мяне даволі вялікая. З жонкай Наталляй мы пажаніліся яшчэ студэнтамі. Сем год таму ў нас нарадзіліся тры дачушкі. З гэтай нагоды, як толькі пайшлі на пенсію, да нас пераехалі жыць бацькі Наташы. У Глыбокім жыве мая матуля. Усім ім стараюся надаць увагі і любві, хаця можа калі гэта і не атрымліваецца так, як хацелася б.

4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта..?

– Маё жыццё. У медыкаў па-іншаму не бывае, калі працуеш не за зарплату, а так, як патрабуе клятва Гіпакрата і сваё сумленне. У мяне і жонка медык, таму жыццё поўнасцю падпарадкавана медыцыне, асабліва зараз, калі трэба несці адказнасць за дзейнасць медыцынскай сеткі раёна.

5. Вашы захапленні?

– Некалі была рыбалка. Зараз пра гэта магу толькі марыць, бо катастрафічна не хапае часу. Работа займае ўсё, а калі і выдаецца свабодная хвілінка, то хочацца яе падарыць сям’і. Таму любімы сон, які можа прысніцца ноччу, – рыбалка на зорцы.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?

– Паважаю чэснасць ва ўсім. Не прымаю хлусню. Калі чалавек хлусіць, то ўсе астатнія адносіны з ім неактуальныя.

7. Самы шчаслівы ваш дзень?

– Калі нарадзіліся Лера, Лена і Насця, бо ўсё жыццё чалавека, а ў ім, канечне, бывае шмат шчаслівых момантаў, у канчатковым выніку падпарадкавана прадаўжэнню свайго роду.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?

– Ні аб чым. Калі правесці рэтраспектыўную рэвізію пражытых гадоў, то, шчыра кажучы, нічога не хачу мяняць, усё склалася так, як хацелася.

9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?

– Сапраўднае сяброўства не купіш ні за якія грошы. Я цаню сяброў і даражу іх дружбай, таму сярод іх ёсць сябры з дзяцінства, юнацтва, часоў вучобы ў інстытуце. Можам не сустракацца і нават не званіць адзін аднаму доўгі перыяд, а калі сустракаемся, то быццам рассталіся ўчора. Упэўнены, калі што здарыцца, прыйдуць на дапамогу абавязкова.

10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?

– Чалавек працуе, стараецца добра працаваць, заняць больш высокую пасаду для чаго? Каб атрымаць больш высокую зарплату і тым самым лепш забяспечыць сям’ю. Таму праца, кар’ера, грошы – гэта ўсё для сям’і. А, наогул, любы чалавек павінен імкнуцца да вышэйшага, інакш спыніцца жыццё.

11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка, тэлеперадача?

– Класіка Ільфа і Пятрова. Класічны рок. Зараз тэлевізар практычна не гляджу, але калі выпадае, то надаю перавагу перадачам пазнавальнага кірунку.

12. Ваш ідэал жанчыны?

– У гэтым плане мне пашанцавала. Усё жыццё побач са мной ідэальныя жанчыны – мая маці Ніна Міхайлаўна і мая жонка Наталля Леанідаўна.

Размаўляла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *