Мабілізаваць сілы на выкананне задач

У мінулую пятніцу адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня А.Л. Пінчук. Першым у шэрагу абмеркаваных пытанняў было “Аб стане работы па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю і ролі органаў выканаўчай улады ў папярэджанні карупцыйных праяўленняў”. З дакладам па ім выступіў пракурор раёна С.А. Куратнік. Ён адзначыў, што за 8 месяцаў гэтага года ў сферы эканомікі раёна выяўлена 6 выпадкаў злачынстваў, з іх 3 – карупцыйнай накіраванасці. Да параўнання: у 2010 годзе аналагічных злачынстваў было выяўлена 10, з іх 4 – карупцыйнай накіраванасці. Усе карупцыйныя злачынствы – гэта крадзяжы, здзейсненыя шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Па адным злачынстве выяўлена ў сферы культуры, аграрна-прамысловым комплексе, раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб`яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Фактаў хабарніцтва за гэты перыяд выяўлена не было. Заслухаўшы інфармацыю пракурора, раённы выканаўчы камітэт адзначыў, што ў раёне праводзіцца пэўная работа з мэтай недапушчэння гэтых негатыўных з’яў. Пытанні аб недапушчэнні карупцыйных праяўленняў пастаянна абмяркоўваюцца на каардынацыйных і аператыўных нарадах у старшыні райвыканкама, пракурора раёна, на семінарах-нарадах кіраўнікоў працоўных калектываў, у сродках масавай інфармацыі. Гэта садзейнічае стварэнню ў грамадстве атмасферы нецярпімасці і супрацьдзеяння карупцыйным правапарушэнням, фарміраванню ў жыхароў раёна прававой культуры. Адзначана таксама, што важную ролю ў барацьбе з карупцыйнымі праяўленнямі адыгрываюць работа са зваротамі грамадзян, правядзенне дзён інфармавання, дзейнасць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, сустрэчы прадстаўнікоў органаў улады, праваахоўных органаў з працоўнымі калектывамі, старэйшынамі і жыхарамі населеных пунктаў па месцы жыхарства. Інфармацыя аб найбольш значных карупцыйных правапарушэннях своечасова даводзіцца да грамадскасці раёна. Аднак, нягледзячы на прымаемыя прафілактычныя меры, у раёне ўсё ж ёсць факты карупцыйных злачынстваў і правапарушэнняў. Што датычыцца фактаў хабарніцтва, то хаця іх і не выяўлена, аднак заспакойвацца не трэба, бо не ўсё так добра. Гэта ўказвае, у першую чаргу, на недапрацоўкі праваахоўных органаў і недахопы ў выяўленні злачынстваў і правапарушэнняў у сферы рэалізацыі прадукцыі, знешнеэканамічнай дзейнасці, на аслабленне аператыўных пазіцый у сферы дзейнасці органаў кіравання, на прадпрыемствах. Праваахоўным органам неабходна больш актыўна працаваць па выяўленні фактаў хабарніцтва і карупцыі. На пасяджэнні райвыканкама абмеркавана таксама пытанне “Аб гатоўнасці народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2011 – 2012 гадоў”. І хаця, згодна плана, гэта пытанне на пасяджэнне выканкама выносіць было крыху рана, аднак вырашылі высветліць, што ўжо зроблена адносна падрыхтоўкі да зімовых халадоў, выявіць недахопы з тым, каб у час, які застаўся да ацяпляльнага сезона, выканаць тое, што дагэтуль зрабіць не паспелі. Заслухаўшы інфармацыю намесніка старшыні райвыканкама А.В. Шнітко, раённы выканаўчы камітэт адзначыў пэўныя недапрацоўкі ў гэтым плане. З мэтай забеспячэння гатоўнасці народнай гаспадаркі раёна да ўстойлівай работы ў асенне-зімовы перыяд райвыканкам прыняў рашэнне, якім абавязаў кожную арганізацыю, кожнае прадпрыемства выканаць канкрэтныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона. Кантроль за выкананнем гэтага рашэння ўскладзены на намеснікаў старшыні райвыканкама па курыруемых галінах. Наступным разглядалася пытанне “Аб выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені — жніўні 2011 года, фінансавым стане арганізацый раёна”. Яно таксама спецыяльна абмяркоўвалася раней тэрміну, каб у час, які застаўся да канца квартала, можна было засяродзіць увагу на выяўленых недаробках і недахопах і прыняць усе магчымыя меры для забеспячэння выканання прагнозных паказчыкаў. Намеснік старшыні райвыканкама Л.В. Мальчык, якая выступіла з дакладам, адзначыла, што ў студзені — жніўні была забяспечана станоўчая дынаміка большасці даведзеных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Выканана заданне па зніжэнні ўзроўню беспрацоўя. Па выніках работы за студзень — ліпень стратных прадпрыемстваў у раёне няма. За 8 месяцаў выкананы заданні па рознічным тавараабароце гандлёвай сеткі, грамадскага харчавання, імпарце тавараў і паслуг, энергазберажэнні. Разам з тым, як зазначыла дакладчык, не забяспечана выкананне задання па вытворчасці прамысловай прадукцыі, прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, удзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі, па платных паслугах, валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі па сельгасарганізацыях, экспарце тавараў і паслуг, інвестыцыях у асноўны капітал, прамых замежных інвестыцыях на чыстай аснове, рэнтабельнасці продажу ў прамысловасці, у арганізацыях сельскай гаспадаркі, па ўводзе жылля. Указвалася, што заданне па вытворчасці валавай прадукцыі за 8 месяцаў не выканала ніводная сельгасарганізацыя. Выкананне такога паказчыка, як рэнтабельнасць продажу ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, не забяспечаны ніводнай сельгасарганізацыяй, за выключэннем ААТ «Таргуны» і ДП “АграБераснёўка”. Заданне прадукцыйнасці працы не выканана ўсімі прадпрыемствамі прамысловасці. Адзначана таксама, што з заданнем па эканоміі рэсурсаў не справіліся ўсе прадпрыемствы раёна, за выключэнне сельскагаспадарчых, Бягомльскага лясгаса і Докшыцкага райста. Сярэднямесячная заработная плата за студзень – ліпень склала па раёне 1273,8 тысячы рублёў. Заданне па росце заработнай платы выканана на 90,7 працэнта. Улічваючы шматлікія недахопы па выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, раённы выканаўчы камітэт прызнаў работу кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна недастатковай і ўказаў на прыніжаны кантроль за іх выкананнем. Абмеркаваннем пытання «Аб ходзе рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па водазабеспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” на 2011 – 2015 гады» райвыканкам завяршыў сваё пасяджэнне. Даклад па гэтым пытанні зрабіў дырэктар РУП ЖКГ У.А. Ходаль, садаклад – В.І. Апанасевіч. Адзначалася, што для вырашэння асноўных праблем, якімі з’яўляюцца павышанае ўтрыманне жалеза ў падземных крыніцах і недастатковасць забяспечанасці водаправодаў станцыямі абезжалезвання, у раёне вядзецца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”. У адпаведнасці з яе мерапрыемствамі, РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” ужо распрацавала праектна-каштарысную дакументацыю свідравіны з будаўніцтвам станцыі абезжалезвання (2-я чарга) у раёне хлебазавода г. Докшыцы. Але распараджэннем Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі скарочаны аб’ёмы фінансавання як аб’екта “Рэканструкцыя свідравіны з будаўніцтвам станцыі абезжалезвання ў раёне хлебазавода”, так і аб’екта “Будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў н.п. Бярозкі”. У гэтым годзе РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” праводзіла работу па паляпшэнні забеспячэння сельскага насельніцтва пітной вадой: рамонт, рэканструкцыю і новае будаўніцтва сістэм і збудаванняў водазабеспячэння, рамонт артэзіянскіх свідравін. Пракладзена больш як 1,5 км водаправодных сетак на вёсцы. Завяршаюцца работы па аснашчэнні спажыўцоў прыборамі ўліку спажывання гарачай і халоднай вады, а таксама водаадвядзення. На баланс прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі перададзена 46 шахтных калодзежаў, праведзена іх інвентарызацыя, распрацаваны планы мерапрыемстваў па паляпшэнні іх санітарна-тэхнічнага стану. Па ўсіх разгледжаных пытаннях раённым выканаўчым камітэтам прыняты адпаведныя рашэнні. На пасяджэнні райвыканкама прысутнічалі і прынялі ўдзел у яго рабоце начальник упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, генерал-маёр А.Ц. Найдэнка і начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Я.А. Лапкоўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *