Сумленная праца і строгая дысцыпліна

У панядзелак, 5 верасня, старшыня райвыканкама Алег Пінчук правёў расшыраную рабочую нараду, у якой прынялі ўдзел старшыні раённага Савета дэпутатаў і пассельвыканкамаў, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Выкананне прагнозных паказчыкаў, выплата заработнай платы, садзейнічанне ў вырашэнні праблемных пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва – гэта і іншае было асноўным аб’ектам абмеркавання нарады.

Ва ўступным слове старшыня райвыканкама вялікую ўвагу ўдзяліў становішчу спраў у сельскай гаспадарцы, у прыватнасці, арганізацыі паспяховага завяршэння уборачных работ. «Умовы для гэтага,– сказаў ён, – усюды аднолькавыя, а вынікі розныя. Значыць, усё залежыць ад кіраўнікоў гаспадарак. Напрыклад, у КУСГП імя Чэрныша валавая вытворчасць малака перавышае адпаведны мінулагодні паказчык. Тут паспяхова вядуцца ўсе восеньскія работы: убіраецца і закладваецца на сілас кукуруза, вызваляюцца ад саломы і ўзорваюцца палі, вядзецца сяўба азімых (штодзень засяваецца па 30 гектараў).

І зусім процілеглая карціна ў ААТ ”Замастачанскі”, дзе ў кіраўніцтва не даходзяць рукі, каб навесці парадак на фермах, убраць салому з палёў.

Пачалася ўборка бульбы. Па раёне клубні выкапаны ўжо на 27-гектарнай плошчы. Па 100 чалавек штодзённа выходзяць на бульбяныя плантацыі ў ДП “АграБераснёўка”, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, у той час як у ДП “АграСітцы” ўсё яшчэ прамаруджваюць. Надвор’е ж для копкі бульбы спрыяльнае».

Кіраўнік раёна засяродзіў увагу прысутных на неабходнасці паскарэння ўборкі льну, узорвання глебы, перш за ўсё такімі гаспадаркамі, як КУП “Докшыцкі”, ДП “АграСітцы”, ААТ “Барсучанка”. Нельга таксама марудзіць з сяўбой азімых культур, гэта работа павінна быць завершана да 20 верасня.

Начальнік райсельгасхарчу Наталля Бортнік, робячы справаздачу аб ходзе ўборачных работ, а таксама аб стане спраў у жывёлагадоўлі, звярнула ўвагу на такія паказчыкі, як таварнасць малака, продаж яго класам экстра, прызнала нездавальняючай работу асобных гаспадарак па закупках цялят у насельніцтва, а таксама па ўзнаўленні жывёлагадоўчых статкаў, па гатоўнасці ферм да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы.

Аб выкананні прагнозных паказчыкаў, аб забеспячэнні ўзроўню заработнай платы далажыла на нарадзе намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Ларыса Мальчык. У ліку тых, дзе добра абстаяць справы ў гэтых пытаннях, былі названы РУПП “Бягомльскі завод “Ветразь”, філіял ААТ “Лепельскі МКК”, архітэктурна- планіровачнае бюро, Докшыцкі філіял РУП “Віцебскаблпаліва”, некаторыя іншыя прадпрыемствы. І наадварот, не выконваюцца заданні па заработнай плаце на хлебазаводзе, “Докшыцкім рамонтніку”, ДРБУ-180, ПМС, ПМК-52.

Са справаздачамі на нарадзе выступілі таксама намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Андрэй Шнітко , в.а. намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анатоль Ванюшын, старшыня райсавета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая.

Асабліва сур`ёзна ставіцца кіраўнік раёна да пытанняў, якія тычацца жыццезабеспячэння насельніцтва. Нельга мірыцца з такімі фактамі, калі ў магазіны дрэнна завозяцца хлеб, іншыя прадукты харчавання. Ён строга патрабаваў выпраўлення падобнага становішча як з боку кіраўніцтва райста, так і старшынь пассельвыканкамаў, якія павінны аб’язджаць магазіны і цікавіцца наяўнасцю там неабходнага асартыменту тавараў. Ёсць недахопы і ў вулічным асвятленні населеных пунктаў, у рабоце па іх добраўпарадкаванні і падтрыманні ў належным стане. Эканомія энергарэсурсаў, захаванне тэрмінаў уводу жылля, прафілактыка дзіцячай злачыннасці і п’янства — гэтыя і многія іншыя надзённыя пытанні павінны стаяць сёння ў цэнтры ўвагі.

Пры падвядзенні вынікаў нарады Алег Пінчук звярнуў увагу прысутных на тое, што кожны на сваім рабочым месцы павінен выконваць тое, што патрабуюць ад яго працоўныя абавязкі, а таксама захоўваць строгую дысцыпліну. Патрабаванне не новае і добра вядомае кожнаму. Аднак некаторыя ўсё ж забываюць пра яго. А дарэмна. Без гэтага рух наперад немагчымы.

Анна Жоўтка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *