Асобныя пытанні вырашальныя на месцах

У панядзелак старшыня райвыканкама Алег Пінчук правёў “прамую лінію” з насельніцтвам раёна. Патэлефанавала па розных пытаннях 13 чалавек. Жыхарка г.п. Бягомль (вул.Чырвонаармейская, 22) Л.А. Мікульская – 72-гадовая жанчына, інвалід 2-й групы — звярнулася з просьбай падвесці ў дом ваду. Праблема ўскладняецца тым, што суседзі не даюць дазволу падключыцца ад сябе, а пракол пад дарогу будзе каштаваць нямала – 10 мільёнаў рублёў. Кіраўнік раёна даў даручэнне свайму намесніку А.В. Шнітко, дырэктару РУП ЖКГ У.А. Ходалю, старшыні райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкай выехаць на месца і разабрацца ў дадзеным пытанні.
Грамадзянка Казачонак з Докшыц турбуецца, што няма чым апрацаваць зямельны ўчастак. Раней каня для гэтай мэты можна было ўзяць у камбінаце бытавога абслугоўвання. Але аказалася, што ўтрымліваць гэту жывёліну для прадпрыемства стратна, і яе прадалі. Для сваіх патрэб гараджане маглі выпісваць каня ў камгасе, ды ім чамусьці было зручней карыстацца гэтай паслугай у “Бытавіку”. А.Л. Пінчук даручыў намесніку начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Л.А. Бальчэўскай выдзеліць з сельгаспрадпрыемства каня ў гэту арганізацыю.
Марыя Рыгораўна Ізавітка з вескі Барсукі, якая стаіць у чарзе на атрыманне торфабрыкету, заклапочана тым, што да гэтага часу не атрымала паліва. Жанчыне быў дадзены адказ: «Усё, што прадугледжана льготамі, яна атрымае. Па меры паступлення грашовых сродкаў у бюджэт брыкет ёй будзе выдзелены».
З вёскі Гняздзілава на “прамую лінію” патэлефанаваў В.У. Шаломенцаў, які паскардзіўся, што не атрымаў, згодна з дагаворам, з гаспадаркі зерне. Як высветлілася ў размове па “прамой лініі”, ён нават не гутарыў па гэтым пытанні з дырэктарам гаспадаркі. Сітуацыю праясніў дырэктар ДП «Гняздзілава-Агра» С.У. Абірала, які сказаў, што зерне будзе выдзелена пасля таго, як даглядчыкі жывёлы паставяць статак на зімова-стойлавае ўтрыманне. Прасцейшага пытання, чым падобнае, пэўна, і не бывае. Дык ці трэба было адрасавць яго на “прамую лінію”, калі адказ можна было атрымаць на месцы?
Тэлефонныя звароты жыхарак агр. Крулеўшчына і агр. Пруднікі Л.В. Сусалка і І.В. Ганус тычыліся жыллёвых умоў. Першая прасіла дапамогі ў рамонце даху, другая скардзілася на недаробкі (не ўцеплена веранда) у новым доме, куды засялілася не так даўно. Старшынёй райвыканкама дадзена ўказанне У.А. Ходалю арганізаваць работы па рамонце даху, а недаробкі даручана ліквідаваць А.В. Шнітко, Д.М. Харытонаву і В.У. Ганусу.
М.І. Сценнік з Докшыц адрасаваў на “прамую лінію” адразу чатыры пытанні. Яго цікавіла, ці будзе пакладзены асфальт па вуліцы, якая вядзе да могілак, добраўпарадкоўвацца тэрыторыя ля магазіна “Медэя”. Ён паведаміў таксама аб незаконным узвядзенні гаража ля ЖБК № 5 і выказаў свае заўвагі наконт выраўноўвання вуліцы Палявой. На ўсе свае пытанні грамадзянін атрымаў адказы. Што ж тычыцца самавольнага будаўніцтва гаража, то ў гэтай сітуацыі будзе разбірацца кіраўніцтва РУП ЖКГ і архітэктура.
Фердынанда Штура з в. Вішнёўцы звярнулася на “прамую лінію” з пытаннем заработнай платы мужа, які працуе вартаўніком. Разабрацца і даць жанчыне адказ кіраўнік раёна даручыў начальніку ўпраўлення па працы і занятасці насельніцтва.
Гараджанка, якая праводзіла свой адпачынак у Бягомлі, цікавілася, ці будзе заасфальтавана ў хуткім часе вуліца Ленінская, ці будзе рэстаўрацыя царквы? Адказ быў такі: «Асфальтаванне вуліцы ў гэтым годзе не запланавана, а для рэстаўрацыі царквы, якая з’яўляецца культурна-гістарычным помнікам, неабходна 6 млрд. рублёў. Такіх грашовых сродкаў пакуль няма, а таму і рэстаўрацыя адкладваецца».
Станоўчы адказ на сваё пытанне атрымаў дырэктар “Энерга” Васько, які за выкананыя ім работы пакуль не атрымаў аплаты. Запазычанасць яму будзе ліквідавана.
«На працягу трох дзён прывесці у парадак калодзеж», – такое ўказанне кіраўніком раёна было дадзена старшыні Бярозкаўскага сельвыканкама. А звярнулася на “прамую лінію” па пытанні таго, што заваліўся калодзеж і ніхто не хоча яго адрамантаваць, Р.А. Насеннік.
А вось зварот жыхара в. Бераснёўка выклікае недаразуменне. Ён паведаміў (ці паскардзіўся?), што хацеў купіць карову, але няма сена. Нам здаецца, што цвяроза разважаючы чалавек, калі надумаў купіць жывёліну, спачатку для яе корм нарыхтуе. Калі ж не накасіў сена, то і размову пра карову заводзіць не бу-дзе. А ўвогуле, трэба, каб кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі мясцовай улады больш размаўлялі з людзьмі, у час такіх гутарак і будуць вырашацца многія спрэчныя пытанні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *