Лічыць і шукаць рэзервы
У сённяшніх няпростых эканамічных умовах, калі большасць прадпрыемстваў не можа пахвастацца стабільнасцю свайго фінансавага стану, прафесійная работа бухгалтарска-эканамічнай службы займае важкую пазіцыю. Каму, як ні ёй – правай руцэ любога кіраўніка, – трэба ўмець лічыць і падлічваць, шукаць і падказваць. Яе пільнае вока павінна кантраляваць не толькі глабальныя пытанні, напрыклад, закупкі сыравіны, матэрыялаў, але і “дробязныя”, такія, як размеркаванне паліва або выдача даверанасцей. Толькі шлях эканоміі і пошуку рэзерваў можа вывесці на выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, дапаможа да канца года давесці зарплату да патрабуемага ўзроўню і гэтым вярнуць працуючых на свае прадпрыемствы.
Таму, як гэта лепш рабіць, вучыліся бухгалтары і эканамісты прадпрыемстваў на нарадзе, якую для іх правёў на мінулым тыдні аддзел эканомікі райвыканкама. Інфармацыю аб аказанні платных паслуг і перспектывах іх развіцця ўдзельнікі нарады атрымалі ад галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі Валянціны Каравай. З праблемнымі пытаннямі ў рабоце з дзяржаўнай маёмасцю пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела Наталля Лукша. Аб інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў раёна расказала галоўны спецыяліст Ірына Палідавец. Аб стане на рынку працы і выкананні заданняў па росце зарплаты арганізацыямі раёна прысутныя даведаліся ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Уладзіміра Петрушэнкі. Шмат карыснай інфармацыі прагучала ў выступленнях начальніка аддзела статыстыкі Тамары Байковай, намесніка начальніка інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Докшыцкім раёне Марыі Васілевіч, начальніка раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ядвігі Маліноўскай.
На нарадзе былі заслуханы справаздачы бухгалтараў і эканамістаў РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52”, КУП “Докшыцкае ПМС”, КРБДУП “Докшыцкі рамонтнік” і раённага спажывецкага таварыства.
У нарадзе прыняла ўдзел і выступіла з дакладам “Аб выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў студзені — жніўні 2011 года, фінансавым стане арганізацый” намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Ларыса Мальчык.
Па заслуханым пытанні было прынята адпаведнае рашэнне.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.